На Поставщине убирают «второй хлеб»: на помощь аграриям пришли учащиеся колледжа

Сельское хозяйство

ААТ «Навасёлкі-Лучай» – адзінае сельгаспрадпрыемства на Пастаўшчыне, якое з года ў год вырошчвае для жыхароў рэгіёна другі хлеб. Сёлета плошча пад бульбай тут складае 27 гектараў. Каб своечасова і без страт сабраць увесь ураджай, на дапамогу аграрыям традыцыйна прыйшлі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.

З самай раніцы на бульбяных палетках пануе ажыўленне. Механізатар Уладзімір Гіль на трактары з капалкай разганяе барозны. Яны цягнуцца роўнымі радамі, шчодра ўсыпаныя буйнымі, чыстымі клубнямі. Хлопцы і дзяўчаты, узброіўшыся вёдрамі, размяркоўваюцца па радах і дружна іх падбіраюць. Работа кіпіць, чуюцца жарты і смех, што падбадзёрвае кожнага. Некалькі груп працуюць да абеду, некалькі — пасля абеду. Для каледжа такі ўдзел у сельскагаспадарчай кампаніі — не проста дапамога гаспадарцы, а сапраўдная школа жыцця, дзе гартуецца характар, фарміруецца пачуццё адказнасці і калектывізму.

— У маёй групе 26 чалавек, — расказваў майстар каледжа Васілій Лоўкіс. — Гэта першакурснікі, будучыя трактарысты-машыністы. На сельгасработы выязджаюць 17. Многія вызвалены ад іх па стане здароўя. За дзень накопваем 6-7 тон. Працавітыя хлопцы набіраюць па 100-120 вёдзер, а той, хто лянуецца, — 30. Як працуюць — такую і зарплату атрымаюць.

На Поставщине убирают «второй хлеб»: на помощь аграриям пришли учащиеся колледжа

Вырошчванне бульбы — справа няпростая і патрабуе шмат намаганняў. Дырэкцыя ААТ «Навасёлкі-Лучай» адзначае, што захаванне гэтай культуры ў севазвароце — прынцыповая пазіцыя. Бульба заўсёды карыстаецца попытам у фірменных магазінах сельгаспрадпрыемства, ідзе на забеспячэнне сацыяльнай сферы раёна. Сёлетні ўраджай, нягледзячы на капрызы надвор’я, радуе.

Для саміх навучэнцаў праца ў полі — гэта магчымасць змя­ніць аўдыторыі на свежае паветра, праявіць сябе, зарабіць грошай і ўнесці свой рэальны ўклад у харчовую бяспеку роднага краю. Многія хлопцы і дзяўчаты вясковыя, таму праца на зямлі для іх звыклая.

— Працаваць у полі, канечне, нялёгка, стамляешся фізічна, — гаварылі юныя памочнікі. — Але калі бачыш поўны прычэп адборнай бульбы — адчуваеш гонар. Мы разу­меем, што робім важную справу. Спаборнічаем, хто больш назбірае вёдзер. Гэта і весела, і карысна!

Бульбяная кампанія ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» працягваецца. Наперадзе яшчэ шмат працы, трэба закласці ўраджай на захоўванне і рэалізацыю. І можна быць упэўненымі, што на сталах жыхароў раёна заўсёды будзе смачная і духмяная навасёлкаўская бульба.

Славамір Шапель, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай»:

— На ўборцы бульбы звычайна задзейнічаем бульбаўборачны камбайн і капалкі. А каб падабраць клубні за капалкай, патрэбны рабочыя рукі. Мы ўдзячныя кіраўніцтву і навучэнцам каледжа за дапамогу. Моладзь стараецца. Спадзяёмся, зможам завяршыць уборку бульбы ў сціслыя тэрміны.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.