Каля 80 аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі будуць сёлета працаваць на базе РЦДМ, усіх агульнаадукацыйных школ горада, Пастаўскай гімназіі, Лынтупскай СШ і АДРАЦ «Ветразь». Сярод іх і новыя, якія адкрыліся ўпершыню.
Маштабна, з адзіным стартам
Нягледзячы на тое, што дзверы РЦДМ не зачыняліся ўсё лета — тут працягвалі займацца любімымі відамі дзейнасці дзеці і падлеткі, якія наведвалі розныя студыі, клубы і творчыя майстэрні падчас навучальнага года, — 1 верасня адбылося своеасаблівае абнуленне і пачаўся новы набор у шматлікія аб’яднанні па інтарэсах. Пасля ўрачыстых лінеек у школах і першага ўрока вучні разам з бацькамі спяшаліся ў невялікі двухпавярховы будынак за рэчкай Мядзелкай на дзень адчыненых дзвярэй, дзе педагогі далі майстар-класы, правялі з мамамі і татамі гутаркі, пракансультавалі іх наконт магчымых заняткаў дзяцей.
З дня адчыненых дзвярэй звычайна пачынаецца рэспубліканскі тыдзень дадатковай адукацыі. Сёлета ён змяніў свой фармат, стаўшы рэспубліканскім фестывалем інтэрактыўнай творчасці і праектных ініцыятыў «Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі будучыні». Адзіны старт фестывалю далі адначасова па ўсёй Беларусі 5 верасня.
Раніцай у суботу педагогі РЦДМ арганізавалі пляцоўкі па розных напрамках дзейнасці на базе кожнай навучальнай установы горада. У СШ №1 прайшлі танцавальны марафон «Супер па» і турыстычная эстафета «З рукзаком па свеце». У СШ №2 імя Н. М. Асяненкі разгарнуўся арт-пленэр «Горад у фарбах», які суправаджаў канцэртны мікс «Музычная мазаіка». Тэрыторыя СШ №3 ператварылася ў мастацкую арт-прастору з майстар-класамі і міні-выставамі ўсіх аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яшчэ адна творчая майстэрня працавала ў СШ №4 імя В. Ф. Франтова. Там жа на імправізаваных тэатральных падмостках любы ахвотны мог прадэманстраваць свае акцёрскія здольнасці. Навучэнцы Пастаўскай гімназіі сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных майстар-класаў па камп’ютарнай графіцы, 3D-мадэляванні, робататэхніцы і праграмаванні.
— Такая форма прэзентацыі нашай установы дапамагла большай колькасці школьнікаў пазнаёміцца з яе профілямі і выбраць для сябе той від дзейнасці, які бліжэй, — гаварыла пазней намеснік дырэктара РЦДМ Таццяна Шумуліанене. — Пасадзейнічалі гэтаму і тэматычныя дні непасрэдна ў цэнтры, праведзеныя ў рамках фестывалю з 7 па 12 верасня і напоўненыя разнастайнымі мерапрыемствамі. У выніку, як і ў мінулыя гады, мы набралі ў аб’яднанні па інтарэсах амаль 1 000 дзяцей.
З’явілася IТ-лабараторыя
Да новага навучальнага года тут як след падрыхтаваліся. Зрабілі касметычны, а ў кабінеце, дзе праходзяць заняткі школы ранняга развіцця «Бэби-умник», — і больш грунтоўны рамонт, купілі новы прынтар. У праграму школы, якую наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі дзетсадаўскага ўзросту, да матэматыкі, малявання і харэаграфіі дабавілі вакал. Пасля бліскучага выступлення вучняў СШ №2 імя Н. М. Асяненкі на Кубку Віцебскай вобласці па інтэлектуальных гульнях імя М. Ф. Шмырова вырашылі стварыць інтэлектуальныя клубы ў кожнай агульнаадукацыйнай школе раёна.
Але галоўная навінка года — адкрыццё лабараторыі інфармацыйных тэхналогій ALPHA TECH. Гэта стала магчымым дзякуючы прыходу ў РЦДМ выпускніка Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Мацвея Гутара. Ён будзе весці такія напрамкі, як тэхнічнае канструяванне і робататэхніка, праграмаванне і асновы машыннага навучання з тэматыкай «Штучны інтэлект», а таксама выконваць абавязкі інжынера-праграміста ўстановы. Для лабараторыі куплены 7 камплектаў «Роба лега». Займацца ў ёй змогуць школьнікі ўсіх узростаў — ад пачаткоўцаў да старшакласнікаў, якіх вельмі зацікавіла новае аб’яднанне па інтарэсах.
Маючы статус маладога спецыяліста, падчас вучобы ў каледжы Мацвей паспеў папрацаваць праграмістам у ІТ-кампаніі — рэзідэнце Парка высокіх тэхналогій і ў вучэбна-вылічальным цэнтры сваёй навучальнай установы. А калі настаў час размеркавання, сам выбраў месцам работы Пастаўскі РЦДМ, з якім быў знаёмы са школьных гадоў.
— Мне падабаюцца ўмовы працы тут і тое, што я магу прапаноўваць свае ініцыятывы, знаходзячы падтрымку ў адміністрацыі цэнтра. Хочацца ўкараніць шмат новых працэсаў, магчыма, арганізаваць новыя мерапрыемствы, каб дзецям было цікава наведваць цэнтр, яны маглі вучыцца і развівацца, — сказаў Мацвей Гутар.
Алена Шапавалава
Фота даслала Таццяна Шумуліанене



