З 1 кастрычніка нормы платы за харчаванне вырастуць на 5% для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, дашкольных і іншых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Умацаванне здароўя дзяцей і забеспячэнне іх збалансаваным і якасным харчаваннем — адна з ключавых задач беларускай дзяржавы. Вырашаючы яе, кіраўніцтва краіны паслядоўна ўдасканальвае сістэму харчавання ў школах, дзіцячых садах, інтэрнатах, цэнтрах рэабілітацыі і аздараўленчых лагерах. Адбываецца гэта ў тым ліку праз павышэнне норм расходаў на харчаванне, што дазваляе выкарыстоўваць больш разнастайныя, натуральныя і якасныя прадукты, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням да дзіцячага рацыёну. Апошні раз нормы павышаліся 1 верасня 2023 года. І вось чарговае іх змяненне.
Як адзначылі ў Міністэрстве адукацыі, новыя нормы распрацаваны на аснове аналізу цэн на прадукты, які праводзіцца кожныя тры месяцы. Такі падыход забяспечвае аб’ектыўнасць і празрыстасць фарміравання расходаў на харчаванне. Змяненне стане важным крокам на шляху да ўстойлівай, якаснай і даступнай сістэмы дзіцячага харчавання, дзе галоўным арыенцірам застаецца клопат пра здароўе падрастаючага пакалення.
Даведачна:
У адпаведнасці з артыкулам 40 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, харчаванне прапануецца ўсім навучэнцам ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Бясплатна ім забяспечваюцца:
- усе вучні 1—4 класаў,
- вучні 5—11 класаў, якія пражываюць і навучаюцца ў сельскай мясцовасці,
- дзеці з іншых ільготных катэгорый (шматдзетныя і маламаёмныя сем’і, дзеці-інваліды, навучэнцы спартыўных класаў і г.д.).
Пры платным харчаванні бацькі аплочваюць толькі кошт прадуктаў — паслугі па прыгатаванні страў уключаны ў дзяржаўную падтрымку.
Падрыхтавала Алена Шапавалава

