Сёння ў школах краіны празвінеў першы званок, і яны зноў напоўніліся дзіцячымі галасамі. За парты селі больш чым 1 мільён 25 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 87 тысяч першакласнікаў. Сярод іх 3 146 юных жыхароў Пастаўшчыны, 209 з якіх пераступілі школьны парог упершыню.
Ва ўсіх агульнаадукацыйных установах раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года. Разам з мамамі, татамі і іншымі блізкімі школьнікаў на іх па традыцыі завіталі прадстаўнікі ўлады, лідары грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, воінскіх часцей, з якімі супрацоўнічаюць школы.
З вучнямі СШ №3 Пастаў радасць першага званка раздзяліў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён павіншаваў дзяцей, настаўнікаў і бацькоў са святам, пажадаў ім поспехаў у вучобе і рабоце. Асобна звярнуўся да першакласнікаў, для якіх школьнае жыццё толькі пачынаецца. Сяргей Васільевіч выказаў упэўненасць, што яно будзе яркім і цікавым, напоўненым новымі адкрыццямі і сябрамі. Школа дасць веды, сфарміруе як асоб і падрыхтуе да выбару прафесіі. Навучальнай установе кіраўнік раёна падарыў сертыфікат на вялікі тэлевізар.
З лінейкі школьнікі адправіліся ў класы на першы ўрок “Веды сёння — сіла і працвітанне Беларусі заўтра!” — адзіны для ўсіх вучняў рэспублікі. На ім першакласнікаў чакаў на партах падарунак ад Прэзідэнта рэспублікі — кніга “Беларусь — наша Радзіма”.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Алена Шапавалава










