Наталья Крошко из детского сада №5 стала учителем-дефектологом по воле судьбы

Образование

Тое, што стала настаўнікам-дэфектолагам, Наталля Крошка з пятага гарадскога сада лічыць воляй лёсу. Пасля школы паступала ў Маладзечанскі дзяржаўны медыцынскі каледж, але не прайшла па конкурсе. Не ведаючы добра, кім хоча быць, падала дакументы ў педагагічны ў Віцебску, куды трэба было здаваць тыя ж самыя прадметы, — і ўдача ўсміхнулася. Скончыўшы каледж, атрымала вышэйшую адукацыю ў педуніверсітэце імя П. М. Машэрава.

Працоўную дзейнасць малады педагог пачала ў 2005 годзе з пасады выхавальніка. Праз год, калі вызвалілася месца настаўніка-дэфектолага, змагла працаваць па спецыяльнасці. Нягледзячы на спантанны выбар прафесіі, сваю работу Наталля Мікалаеўна вельмі любіць і называе яе творчай за магчымасць выкарыстоўваць розныя сродкі і прыёмы.

Сёння можна падгледзець у інтэрнэце і ўкараніць абсалютна ўсё, — кажа яна. — Мне пашанцавала, што кіраўніцтва садка падтрымлівае ўсе мае пачынанні, ідзе насустрач любым пажаданням. Што б ні захацела, заўсёды магу гэта рэалізаваць.

Наталья Крошко из детского сада №5 стала учителем-дефектологом по воле судьбы

Адзіны мінус прафесіі для Наталлі Крошкі — неабходнасць афармляць вялікую колькасць папер. Папяровая работа забірае шмат часу, а хацелася б максімальна аддаваць яго падапечным, якіх у настаўніцы нямала. Толькі пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі наведваюць 23 дзіцяці. Акрамя яго, гераіня артыкула працуе ў адной з груп інтэграванага навучання (усяго ў садку іх 6), якую наведва­юць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Дзеткам, што прыхо­дзяць у пункт, я стаўлю гукі, — расказвала Наталля Мікалаеўна. — У выхаванцаў інтэграванай групы развіваю маўленне, запускаю яго ў выпадку, калі дзіця не размаўляе, фармірую элементарныя матэматычныя ўяўленні малых. 20 гадоў назад, калі пачала працаваць у садку, дзеці былі намнога лягчэйшыя па сваіх дыягназах, у маўленчым развіцці. Зараз усё больш складаных, у тым ліку тых, якія не размаўляюць. Яны патрабуюць шмат часу і сіл. З кожным такім дзіцем займаюся па дзве з паловай гадзіны на тыдзень. Таксама на заняткі да мяне ходзяць двое вучняў СШ №4 імя В. Ф. Франтова, паколькі там няма дэфектолага. Раней яны наведвалі сад і былі маімі падапечнымі.

З Наталляй Мікалаеўнай мы гутарым у прасторным, прыгожым пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Многае ў ім зроблена рукамі настаўніцы. У прыватнасці, дыдактычны матэрыял, які яна выкарыстоўвае ў рабоце, а таксама куток адасаблення, дзе любяць знаходзіцца малыя.

Па словах загадчыцы сада Ірыны Зубкевіч, Наталля Крошка праводзіць вялікую работу па стварэнні неабходных умоў для гульнявой, развівальнай, вучэбнай дзейнасці. У яе добры кантакт не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі. Кожны з бацькоў можа атрымаць ад дэфектолага кансультацыю, параду, рэкамендацыю па пытанні, якое яго цікавіць. Асаблівую ўвагу настаўніца ўдзяляе рабоце з выхавальнікамі дашкольнай установы: кансультуе іх, арганізуе навучальныя заняткі. Характарызуючы сваю падначаленую, Ірына Мікалаеўна не шкадавала добрых слоў. Адзначыла, што яна старанная, добрасумленная, дасканала валодае тэорыяй і методыкай выхавання дзяцей, пастаянна павышае свой педагагічны ўзровень.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.