Чэмпіянат Беларусі па валейболе
Паспяховы старт «Атланта»
У мінулыя выхадныя стартавы тур нацыянальнага першынства сярод мужчын у 1-й лізе, як і летась, прайшоў у трох гарадах краіны — Мінску, Магілёве і Паставах. Пры актыўнай падтрымцы шматлікіх гледачоў пастаўскі «Атлант» атрымаў дзве ўпэўненыя перамогі над моцнымі сапернікамі.
«Атлант» (Паставы)–«Легіён-2» (Гродна) – 3:1
1 дзень. 3:1 (25:15; 22:25; 25:22; 25:15)
Паўгода назад «Атлант» адолеў гродзенцаў з лікам 3:2 у паўфінальным матчы рашаючага этапа, што прынесла яму на наступны дзень сярэбраныя медалі. У чарговым супрацьстаянні сапернік дрэнна ўвайшоў у гульню і саступіў з вялікім адставаннем. Аднак у другой партыі стаў дамінаваць. У пастаўчан з цяжкасцю праходзілі заключныя камбінацыі, а «Легіён» зраўняў лік. У трэцім сэце нашы ўвесь час былі ў ролі даганяючых з адставаннем у 2-3 мячы.
На шчасце, у самы напружаны момант ролю лідара ўзяў на сябе 27-гадовы даігроўшчык Аляксей Трацэўскі. Ён па-майстэрску падаваў і атакаваў з абодвух флангаў, стаў самым выніковым іграком, запісаўшы на свой рахунак 35 ачкоў. Гэта дазволіла нашай камандзе зноў выйсці наперад. Сапернік псіхалагічна зламаўся, а «Атлант» упэўнена давёў напружаную сустрэчу да важнай перамогі.
У другім матчы тура дублёры віцебскага «Марка-ВДТУ» ў трох партыях зламалі супраціўленне выхаванцаў ДЮСШ «ВК Брэст». У сталіцы бронзавы прызёр — «Барысаў-БДУФК-2» — нечакана саступіў (0:3) «РДВАР-2011». На туры ў Магілёве мясцовы «Камунальнік» з лікам 3:0 перамог гомельскі «Энергагаз». «Энергія-2» (Гомель) абыграла (3:2) «ДЮСШ-Шахцёр».
«Атлант» (Паставы)–ДЮСШ «ВК «Брэст» – 3:0
2 дзень. 3:0 (25:13; 25:20; 25:15)
У другім матчы дня аматары валейбола, сярод якіх быў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, адразу пераканаліся, што па ўзроўні майстэрства пастаўчане перасягнулі саперніка. Брэстаўчане ў аслабленым складзе толькі зрэдку праводзілі выніковыя камбінацыі. Нашы падалі ажно 5 падач навылет, поўнасцю дамінавалі над сеткай і ўпэўнена выйшлі наперад.
Да гонару саперніка, у другой партыі ён узмацніў гульню ў абароне і быў наперадзе (14:18) у канцоўцы сэта. У гэты момант вярнуліся на пляцоўку лідары «Атланта» Аляксей Лабуць, Міхаіл Маляёнак і Ягор Дашкевіч. Гэты адрэзак пастаўчане выйгралі з лікам 11:2 і замацавалі сваю перавагу.
У трэцяй партыі «Атлант» гуляў у сваё задавальненне, а напрыканцы матча ўдала ўвайшлі ў гульню нашы маладыя валейбалісты. Адзін з іх, даігроўшчык Глеб Пучынскі, прыгожым ударам прынёс камандзе другую па ліку перамогу.
Паспяхова пачалі сезон дома Сімагасціцкі, Крыўчык, Дашкевіч, Лабуць, Палянскі, Фамін, Трацэўскі, Серада, Маляёнак, Вяткін, Пучынскі і капітан Зарэцкі. Вынікі іншых нядзельных матчаў такія: СДЮШАР «ВК Мінск» —«РДВАР-2011» (Мінск) — 3:0, «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)—«Энергагаз» (Гомель) — 3:1, «Камунальнік-Магілёў»—«Энергія-2» (Гомель) — 3:0.
У 2-м туры «Атлант» згуляе напрыканцы месяца два паядынкі ў Гомелі з рэзервістамі двух мясцовых клубаў вышэйшай лігі. А ў сярэдзіне лістапада дома пазмагаецца з барысаўчанамі і выхаванцамі СДЮШАР «ВК Мінск».
Уладзімір Шык

