«Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся»: Ева Сатыкава знайшла сваё прызначэнне ў ветэрынарыі

Сельское хозяйство

Кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Гэты народны выраз як найлепш характарызуе жыццёвы выбар і прафесійны шлях нашай зямлячкі Евы Сатыкавай. Сёння яна — студэнтка 3-га курса Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. А яе любоў да абранай справы ў яе з самага дзяцінства.

Ева нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Яе маці шмат гадоў працавала на вярэнькаўскай ферме ААТ «Камайскі-агра». Маленькая Ева часта туды прыбягала, з цікавасцю назірала за працай жывёлаводаў. Тады і нарадзілася тая асаблівая сувязь з жывёлай, якая пазней паўплывала на выбар прафесіі. Дзяўчынка ніколі не баялася кароў, смела да іх падыходзіла, дапамагала дарослым у штодзённых клопатах і з асаблівай пяшчотай лашчыла маленькіх цялятак.

Аднак шлях да разумення свайго прызначэння быў не самым прамым. Пасля заканчэння 9 класаў камайскай школы Ева паступіла ў Пастаўскі дзяржаўны каледж. За гады навучання паспяхова асвоіла спецыяльнасці повара і кантралёра-касіра. Здавалася б, перад дзяўчынай адкрываліся выдатныя перспектывы ў сферы грамадскага харчавання ці гандлю. Але, атрымаўшы дыплом, дзяўчына зразумела: яе душа па-ранейшаму належыць вёсцы, а цяга да жывёлы аказалася мацнейшай за гарадскія спецыяльнасці.

«Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся»: Ева Сатыкава знайшла сваё прызначэнне ў ветэрынарыі

Каб рэалізаваць сваю мару, Ева Сатыкава прыняла цвёрдае рашэнне звязаць жыццё з ветэрынарыяй. Яна заключыла мэтавы дагавор з Пастаўскім малочным заводам, што стала важным крокам, які гарантуе працоўнае месца і падтрымку роднага прадпрыемства — 200 рублёў даплаты да стыпендыі. Зараз Ева паспяхова асвойвае складаную, але такую неабходную навуку лячэння жывёлы.

У гэтым месяцы студэнтка праходзіла вытворчую практыку на сучаснай ферме «Юнькі» малочнага завода. Тут тэорыя, атрыманая ў аўдыторыях акадэміі, сустрэлася з рэальнай вытворчасцю. Яе непасрэдным настаўнікам і куратарам стала Алеся Ульская — таксама нядаўняя выпускніца ветакадэміі, якая працуе тут разам са сваім мужам. Такі тандэм маладосці і адданасці справе стварыў цудоўную атмасферу для навучання. Маладыя спецыялісты ахвотна і шчыра дзяліліся з практыканткай сваім, хоць пакуль і не вельмі багатым, вопытам, уво­дзілі ў курс спраў і падтрымлівалі ва ўсім.

Для Евы кожны дзень на ферме быў напоўнены адкрыццямі. Ёй было цікава абсалютна ўсё. Дзяўчына не раз лавіла сябе на думцы, што міжволі параўноўвае ўмовы працы на ферме, дзе некалі працавала яе маці, з тымі, якія створаны на сучасным комплексе малочнага завода з аўтаматызаванымі працэсамі і высокім узроўнем камфорту як для работнікаў, так і для жывёлы.

Вытворчая практыка прайшла плённа. Ева засталася задаволеная атрыманымі ведамі і яшчэ больш упэўнілася ў правільнасці абранага шляху.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.