Як заўважыць трывожныя сігналы: сталічныя псіхолагі падзяліліся вопытам з пастаўскімі педагогамі

Образование

У мінулы чацвер у Сацыяльна-педагагічным цэнтры Пастаўскага раёна прайшоў семінар-практыкум па аказанні псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу ў крызісных сітуацыях. Яго правялі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя М. Танка Аксана Ходулева, Наталля Генцалева і Алёна Дзяргай.

Ініцыятарам правя­дзення семінара выступіла дырэктар СПЦ Наталля Селіванава. Пасля таго як у сакавіку бягучага года Сацыяльна-педагагічны цэнтр наведала педагог-псіхолаг РЦПД, з’явілася ідэя арганізаваць восенню сустрэчу ў шырокім фармаце, з прыцягненнем большай колькасці сталічных спецыялістаў і работнікаў устаноў адукацыі раёна. Тэмай выбралі прафілактыку крызісных сітуацый у непаўналетніх, запрасіўшы ў якасці мэтавай аўдыторыі намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных і класных кіраўнікоў.

Удзельнікаў семінара раздзялілі на групы. Так, псіхолагам спікеры расказвалі пра інструменты ў рабоце з суіцыдальнымі паво­дзінамі непаўналетніх, прафілактыку насілля і стратэгію работы з пацярпелымі дзецьмі (у другім блоку да слухачоў далучыліся выхавальнікі і намеснікі загадчыкаў дзіцячых садоў), а таксама навучылі тэхнікам пераадолення траўматычнага вопыту ў дзяцей. Намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце і педагогі сацыяльныя разбіраліся ў тым, як пакрокава яны могуць укара­няць антысуіцыдальны план для фарміравання сумеснай бяспекі, а таксама як захаваць прафесійную пазіцыю спецыяліста, не выгараць эмацыянальна пры арганізацыі работы з крызіснымі сітуацыямі. Класныя кіраўнікі вывучалі трывожныя маркеры ў паводзінах навучэнцаў. Таксама была праве­дзена супервізія, у якой прынялі ўдзел педагог-псіхолаг і педагог сацыяльны СПЦ. Разам са спікерамі яны абмеркавалі два праблемныя пытанні, звязаныя з канкрэтнай сям’ёй і дзецьмі, каб аказаць па іх дапамогу спецыялістам установы адукацыі.

Як заўважыць трывожныя сігналы: сталічныя псіхолагі падзяліліся вопытам з пастаўскімі педагогамі

Семінар-практыкум доўжыўся каля 6 гадзін. Пасля яго завяршэння начальнік аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях РЦПД Аксана Ходулева пракаменціравала для «ПК» сумесны з калегамі візіт:

— Мы прыехалі навучыць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, занятых выхаваннем дзяцей, практыкаарыентаваным формам, метадам, інструментам работы з непаўналетнімі і іх бацькамі ў няпростых жыццёвых абставінах, расказаць, як заўважыць першыя трывожныя сігналы ў паводзінах дзяцей. Сабралі разам розных спецыялістаў, таму што адзін у полі не воін. Калі працуе каманда і робіць усё зладжана, называе рэчы аднолькавымі словамі, намнога прасцей разгледзець і папярэдзіць крызісную сітуацыю. Імі якраз і займаецца наш Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Ён з’яўляецца тым рэсурсам, які аб’ядноўвае навуку і практыку.

Семінары праводзім пастаянна. Як правіла, арганізуем іх анлайн. Але ў апошні час сталі рэгулярна выязджаць у рэгіёны. Асабістыя зносіны больш эфектыўныя, таму што задаюцца пытанні, ідзе абмен меркаваннямі, на практыцы можна паказаць розныя тэхнікі і паспрабаваць іх прымяніць. Вельмі рады, што нас запрасілі ў Паставы. Тут цудоўныя спецыялісты: у іх гараць вочы, ім усё цікава, яны жадаюць працаваць. Гэта вялікі патэнцыял.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.