Молодой педагог Сергей Петкевич вернулся работать в родную Камайскую СШ

Важное Образование

Знайшоў прызванне ў педагогіцы

Яшчэ гадоў 100 назад прафесія настаўніка была хутчэй мужчынскай, чым жаночай. А сёння педкалектывы школ на 90, а то і больш працэнтаў складаюцца з прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Нешматлікі ў жаночым кветніку моцны пол выкладае ў асноўным фізкультуру і працу. Убачыць мужчыну — выкладчыка іншых дысцыплін, да таго ж маладога, можна вельмі рэдка. Камайскай СШ пашанцавала мець у штаце менавіта такога педагога.

Сяргей Пяткевіч — выпускнік гэтай школы. Пасля яе заканчэння, прызнаецца, не вызначыўся, кім быць. Таму падаў дакументы на спартыўна-педагагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, на спецыяльнасць «Тэхнічная праца, фізіка». Пра тое, што давя­дзецца працаваць у школе, тады не думаў. Але яшчэ студэнтам паспрабаваўшы сябе ў ролі настаўніка, ні разу не пашкадаваў пра зроблены выбар.

На трэцім курсе ўніверсітэта я ўладкаваўся ў адну з гімназій Полацка, дзе быў патрэбны настаўнік працы, — расказваў ён. — Акрамя таго, пры неабходнасці замяняў там выкладчыка фізікі. Работа падабалася, гімназія — таксама. Збіраўся застацца ў ёй пасля атрымання дыплома. Але перад выпускам ажаніўся і прыняў рашэнне вярнуцца ў родныя Камаі ўслед за жонкай — яна заканчвала Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, куды паступіла па накіраванні ААТ «Камайскі-агра». Цяпер восьмы год працую поплеч са сваімі былымі настаўнікамі, якія вельмі цёпла прынялі мяне ў сваіх радах.

Маладому педагогу адразу далі выкладаць фізіку, матэматыку і астраномію ва ўсіх класах. Нягледзячы на тое, што ён ужо меў настаўніцкі вопыт, спачатку, кажа, было вельмі няпроста, адчуваў сябе не ў сваёй талерцы. Розніца ва ўзросце са старшакласнікамі — усяго 5-7 гадоў. Калісьці разам з імі ха­дзіў у школу, з некаторымі сябраваў. І тут трэба выстрой­ваць іншыя адносіны. Прыйшлося дамаўляцца, што ў школе ён — Сяргей Віктаравіч, а за яе сценамі ўсё застаецца па-ранейшаму.

Сябе мужчына лічыць у аднолькавай ступені лаяльным і патрабавальным педагогам. На ўроку ён можа і пажартаваць з вучнямі, і пагаварыць на пабочную тэму, дараваць за невыкананае дамашняе заданне. А можа праявіць цвёрдасць характару: калі трэба — павысіць голас, паставіць двойку таму, хто таго заслугоўвае. Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Генадзія Рамбальскага, яго калега ўмее знайсці кантакт з дзецьмі, добра ведае прадметы, якія выкладае, — а акрамя фізікі, матэматыкі і астраноміі, гэта яшчэ чарчэнне і тэхпраца.

На працягу ўсяго часу работы ў школе Сяргей Пяткевіч з’яўляецца класным кіраўніком. Са сваімі вучнямі ён ходзіць у паходы, расказвае ім пра гісторыю камайскага касцёла і знакамітых землякоў — Браніслава Руткоўскага, Альфрэда Ромера, іншых асоб. Адным словам, вучыць любіць свой край, ведаць яго гісторыю і ганарыцца ёй.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.