15 мая ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі запрацавала выстава графічных работ Янкі Раманоўскага пад назвай «Мой дом — прыволле звёзднай далі». Экспазіцыя прысвечана велічнай постаці беларускай культуры — пісьменніку Янку Купалу.
На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына, работнікі ўстаноў культуры раёна, прадстаўнікі турінфацэнтра, а таксама вучні гімназіі.
Выстава арганізавана Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з пастаўскім музеем і прымеркавана да дзвюх юбілейных дат, звязаных з лёсам беларускага песняра: 100-годдзя набыцця Купалам уласнага дома ў Мінску на Паплавах (у 1926 годзе споўнілася мара паэта і яго родных мець свой кут) і 90-годдзя пабудовы «беларускай хаткі над Дняпром». Так называў Янка Купала сваю дачу, узведзеную ў Ляўках пад Оршай па ўласным праекце.
На працягу месяца наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з графічнымі работамі Янкі Раманоўскага (а іх каля двух дзясяткаў). Гэта глыбока пранікнёныя станковыя малюнкі і ілюстрацыі. Сярод іх — партрэты паэта, выявы яго родных мясцін, а таксама візуальныя інтэрпрэтацыі знакамітых купалаўскіх твораў.
Юлія Чагарына ў сваім прывітальным слове звярнула ўвагу на глыбокі сімвалізм таго, што выстава адкрываецца ў Дзень сям’і:
— Работы мастака прысвечаны дому, радавому гнязду, месцу, дзе нараджаліся вялікія творы. І гэтаму спрыяла менавіта згуртаваная і любячая сям’я паэта.
Старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Ганна Грышына, праводзячы экскурсію па выставе, адзначыла, што экспазіцыя з’яўляецца таксама данінай памяці мастаку-графіку Янку Раманоўскаму, які прыходзіўся Янку Купалу пляменнікам. Дзяцінства мастака прайшло ў доме паэта. Адлюстроўваючы свайго дзядзьку, мастак імкнуўся перадаць не толькі афіцыйны вобраз «песняра», але і яго чалавечую сутнасць, сувязь з прыродай Беларусі і гісторыяй яе народа.
Выстава размешчана ў падвальных памяшканнях былога палаца Тызенгаўзаў і будзе працаваць да 10 чэрвеня.
Александр Кузнецов










