Сям’я Гінько з Ажарава: гісторыя кахання, працы і мацярынскага шчасця

Общество

Напярэдадні Дня маці мне пашчасціла пазнаёміцца з дружнай мнагадзетнай сям’ёй Дзмітрыя і Юліі Гінько з вёскі Ажарава. Нашай сустрэчы паспрыяла прыемная нагода: старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч накіраваўся туды, каб павіншаваць гаспадыню з гэтым светлым святам.

Сустрэча, запраграмаваная лёсам

Толькі мы пераступілі парог хаты, як пакой напоўніўся звонкімі дзіцячымі галасамі: дзеці якраз вярнуліся са школы. Апераджаючы адно аднаго, яны падбягалі да матулі і ўручалі ёй свае адмысловыя сувеніры, змайстраваныя ўласнымі рукамі з паперы, кардону і прыроднага матэрыялу. Дачушкі Ульяна і Ліза, сыночкі Мацвей і Мікіта туліліся да мамы, абвівалі яе за шыю, цалавалі ў шчокі. У гэты момант вочы Юліі свяціліся сапраўдным мацярынскім шчасцем, а ў вачах Дзмітрыя чытаўся гонар за сваю жонку.

Гісторыя стварэння гэтай сям’і адначасова ўнікальная і вельмі жыццёвая. Юля нарадзілася ў Гарадоцкім раёне. Праз нейкі час яна разам з маці і старэйшай сястрой пераехала ў вёску Груздава нашага раёна. Прыкладна ў гэты ж перыяд сюды з Кураполля перабралася і маці Дзмітрыя. Лёс нібы наўмысна зводзіў дзве дынастыі працаўнікоў у адным месцы.

Абедзве жанчыны ўладкаваліся на мясцовую жывёлагадоўчую ферму. Працаваць там было нялёгка, таму дзеці — Юля і Дзіма — прыходзілі на ферму дапамагаць сваім матулям. Там сярод штодзённых клопатаў па доглядзе жывёлы і зарадзілася першае іх шчырае пачуццё, якое пазней перарасло ў моцнае каханне. Маладыя людзі зразумелі, што гатовыя разам строіць сваю будучыню. Сёння сямейнаму саюзу Гінько ўжо 13 гадоў.

Сям'я Гінько з Ажарава: гісторыя кахання, працы і мацярынскага шчасця

Праца з ранку да вечара

Юлія і Дзмітрый — сапраўдны гонар ААТ «Сцяг Перамогі-­агра». Юля працуе аператарам машыннага даення. На працягу доўгага часу яна раздойвала першацёлак, што патрабавала асаблівага цярпення і прафесіяналізму. Сёння ў яе групе амаль 130 кароў. Жанчына ведае нораў кожнай, і рагулі аддзячваюць ёй за ласку і гаспадарскі догляд высокімі надоямі.

Дзмітрый — высакакласны механізатар. Работы хапае ў яго ў любую пару года. За мужчынам замацаваны амкадор, на якім ён загружае кармы, а таксама трактар з кормараздатчыкам. Кіраўніцтва гаспадаркі высока цэніць працаві­тасць і адказнасць Дзмітрыя: мінулым летам ён атрымаў новенькі МТЗ — на такой тэхніцы працаваць толькі ў радасць.

Працай на вытворчасці занятасць мужа і жонкі не абмяжоўваецца. Дома іх чакае ўласная гаспадарка. Па падворку важна пахаджваюць гусі і куры, у хлеўчуку рохкаюць парасяты. Догляд скаціны патрабуе шмат сіл.

Самастойнасць і ўзаемадапамога

Ведаючы пра мноства абавязкаў мужа і жонкі, я не ўтрымалася і спытала: «Як вы з гэтым усім спраўляецеся?»

Гаспадыня цёпла ўсміхнулася і раскрыла галоўны сакрэт сваёй вялікай сям’і:

— Мы з Дзімам не дзелім абавязкі. Рана сталі самастойнымі нашы дзеці. Самі прачынаюцца па будзільніку. Ім не трэба нагадваць, каб паснедалі, засцялілі ложкі, сабраліся на заняткі і не спазніліся на аўтобус, які дастаўляе старэйшых у першую школу, малодшага, Мікітку, — у дзіцячы садок. Дзяўчынкі прыглядваюць за братамі, дапамагаюць ім апрануцца, сабраць заплечнікі. Дапамагае і мама Дзімы, якая жыве непадалёк. Мы выхоўваем дзяцей так, каб яны разумелі: сям’я — гэта адна каманда.

Дзеці змалку бачаць, як цяжка фізічна працуюць бацькі, таму імкнуцца максімальна разгрузіць іх дома: самі падмятаюць у пакоях, збіраюць у куратніку яйкі, праполваюць градкі…. Менавіта ў такой сумеснай працы і фарміруецца характар кожнага з іх, нара­джаецца ўзаемная павага і адказнасць за блізкіх.

Візіт Васілія Катовіча дадаў святу яшчэ больш урачыстасці. Словы падзякі за нястомную працу, цёплыя пажаданні здароўя і, канешне, падарункі ад прафсаюза сталі прыемным знакам ушанавання жанчыны-маці, якая выдатна паспявае і на вытворчасці, і дома.

Пакідала дом сям’і Гінько са светлым пачуццём: пакуль у вёсках жывуць такія шчырыя, працавітыя і багатыя на дзяцей сем’і, будзе жыць і наша краіна.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.