16 кастрычніка на базе пастаўскай СШ №2 імя Н. М. Асяненкі прайшоў раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў, якую з 2014 года арганізуюць Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Названая алімпіяда — адно з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці падрастаючага пакалення. Штогод у ёй прымаюць удзел амаль 30 тысяч навучэнцаў практычна з усіх агульнаадукацыйных устаноў краіны. Актыўнымі ўдзельнікамі спаборніцтва з’яўляюцца і школьнікі Пастаўскага раёна. Так, сёлета бліснуць сваімі фінансавымі ведамі на раённым этапе пастараліся 25 старшакласнікаў з 9 сярэдніх школ. Самыя вялікія зборныя ў складзе 4 чалавек выставілі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, Пастаўская гімназія і Варапаеўская СШ. Па 3 прадстаўнікі было ад СШ №1 і №3.
Як заўсёды, алімпіяднікам неабходна было за 60 хвілін выканаць 30 тэставых заданняў па наступных тэмах: асабістыя фінансы, грошы, зберажэнні і ўклады, пазыкі, лічбавы банкінг, кібербяспека, страхаванне, падаткі і зборы, інвестыцыі і каштоўныя паперы, фінансавая матэматыка. Яшчэ адно заданне было дадатковым. Яно ацэньваецца ў тым выпадку, калі прэтэндэнты на перамогу набіраюць аднолькавую колькасць балаў. Але такой сітуацыі не ўзнікла.
У цэлым школьнікі нядрэнна справіліся з заданнямі. Найбольш балаў — 91 са 100 магчымых — набрала 11-класніца Варапаеўскай СШ Паліна Кімстач. Яна заняла 1-е месца. Тут варта адзначыць, што вучні з Варапаева паказалі і найлепшы агульнакамандны вынік. На 2-м месцы з 83 баламі 10-класнік СШ №2 Максім Пачко, на 3-м — 11-класнік гэтай жа школы Мацвей Янушкевіч, у якога 77 балаў.
Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 30 кастрычніка, на лінейцы з нагоды завяршэння другой вучэбнай чвэрці. Паліну Кімстач павіншуе асабіста дырэктар ЦБП №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Паставы Леанід Касарэўскі, які прыедзе да яе ў школу з дыпломам і падарункамі. Максім Пачко і Мацвей Янушкевіч атрымаюць дыпломы аддзела па адукацыі райвыканкама. Ну а 20 лістапада нашы пераможцы прымуць удзел у абласным этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, дзе пазмагаюцца з прадстаўнікамі іншых раёнаў Віцебшчыны за выхад у фінал.
Алена Шапавалава

