Уласнае меню, пустыя талеркі: як у другой гарадской школе кормяць вучняў

Важное Образование

19 снежня 2022 года Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запусціла пілотны праект па харчаванні. Эксперымент, мэтай якога было апрабаваць новыя стравы і тэхналогіі прыгатавання ежы, каб забяспечыць якаснае, бяспечнае і збалансаванае харчаванне навучэнцаў з улікам іх смакавых пераваг, а таксама зменшыць колькасць адходаў у школьных сталовых, прадоўжыўся да канца 2022/2023 навучальнага года. У ім прынялі ўдзел 23 агульнаадукацыйныя ўстановы ў розных кутках краіны. А з 1 верасня 2023 года эксперыментальны вопыт пачалі распаўсюджваць на іншыя школы і гімназіі рэспублікі.

На Пастаўшчыне адной з першых на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання перайшла СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, якая правяла ў гэтым плане вялікую работу і сёлета стала пераможцай раённага агляду-конкурсу сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Што змянілася тут за апошнія гады, высвятляла карэспандэнт «ПК».

Наладжаны механізм

На сняданак у школьную сталовую вучні другой гарадской пачынаюць прыходзіць ужо пасля другога ўрока. У гэты час кормяць пачаткоўцаў. Перапынак паміж трэцім і чацвёртым урокамі — час для сняданку 5—8-класнікаў. І, нарэшце, апошнімі снедаюць старшакласнікі. Дзеці, якія знаходзяцца ў школе 6 і больш гадзін, акрамя сняданку, атрымліваюць яшчэ і падвячорак, а тыя, хто застаецца ў групе падоўжанага дня, — абед і падвячорак.

Усяго ў школе харчуюцца 460 навучэнцаў, гэта 96% ад іх агульнай колькасці.

144 чалавекі забяспечваюцца харчаваннем бясплатна — яно аплачваецца з мясцовага бюджэту. Да такіх адносяцца дзеці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды і тыя, каго выхоўваюць бацькі-інваліды, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з сем’яў, становішча ў якіх прызнана сацыяльна небяспечным. Адзін раз на дзень бясплатна харчуюцца і ўсе вучні пачатковых класаў.

Уласнае меню, пустыя талеркі: як у другой гарадской школе кормяць вучняў

Для розных груп навучэнцаў распрацавана некалькі комплексаў. Тыя, хто хоча злёгку перакусіць, заказва­юць чай або сок і булачку. Вучні, якія больш прагаладаліся, бяруць гарачую страву і чай. А яшчэ ёсць магчы­масць да гарачага дадаць суп. У бясплатнікаў — сняданак. Але з гэтага навучальнага года яны могуць заказаць сабе суп за плату, што і ро­бяць некаторыя. Заказы ў сталовую падаюцца па сістэме «сёння на заўтра» з абавязковай ранішняй карэкціроўкай колькасці тых, хто будзе ў гэты дзень харчавацца. Складаюць заказы класныя кіраўнікі і дзяжурныя вучні. А кіруе ўсім працэсам намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Іна Курдо, якая адказвае за харчаванне.

Арыенцір на густы вучняў

— Пытанне арганізацыі харчавання — адно з найважнейшых у школе. Стравы, якія гатуюцца ў сталовай, павінны быць карыснымі і падабацца дзецям, — лічыць дырэктар СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Наталля Кісялёва. — З гэтай мэтай, уключыўшыся ў праект, мы скарэкціравалі прыкладнае меню, якое распрацоўвае для ўсіх школ Пастаўшчыны тэхнолаг міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. У выніку змянілі яго з улікам усіх норм і патрабаванняў. Сёння мы адзіная агульнаадукацыйная ўстанова ў раёне, якая працуе па ўласным меню.

Уласнае меню, пустыя талеркі: як у другой гарадской школе кормяць вучняў

Для вывучэння густаў дзяцей і пажаданняў бацькоў у школе праводзіцца анкетаванне навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў. Такім чынам можна даведацца, што яны хацелі б бачыць на сталах. Даносяць такую інфармацыю і прадстаўнікі вучнёўскага самакіравання, якія ўваходзяць у школьны савет па харчаванні. Канешне, выканаць усе пажаданні немагчыма, але большасць з іх стараюцца ажыццявіць.

Так у школьным меню з’явіліся нагетсы, шашлычкі, дранікі з мясам, бабка, якія сталі любімымі стравамі вучняў. Любяць школьнікі і аладкі, мясныя катлеты, пюрэ, запечаную бульбу, ­боршч. Што да супоў, то раней у адходы ішлі пераважна яны і кашы. Каб такога не было, іх замянілі на тыя, якія ахвотна ядуць вучні. Акрамя баршчу, гэта суп з капусты, з фрыка­дэлькамі, расольнік, гарохавы, фасолевы, малочны, грэцкая, рысавая кашы. Замест рыбных катлет, рагу з агародніны і тушанай капусты, якія таксама не карысталіся папулярнасцю, запякаюць рыбу ў сухарах, гатуюць розныя салаты.

Уласнае меню, пустыя талеркі: як у другой гарадской школе кормяць вучняў

Дзякуючы гэтаму не толькі павялічваецца колькасць дзяцей, якія харчуюцца ў школе (у пачатку рэалізацыі праекта іх было 84%, на канец мінулага навучальнага года — 93%, цяпер — 96%), але і змяншаюцца адходы. Сёння іх каля 10%, а пачыналі з больш чым 30%. Дапамагла і карэкціроўка графіка харчавання вучняў. У прыватнасці, перанос сняданку самых маленькіх пачаткоўцаў з першага школьнага перапынку на другі.

Абсталяванне плюс старанне

Прапаноўваць дзецям смачныя і карысныя стравы немагчыма без высокатэхналагічнага абсталявання і кваліфікаваных спецыялістаў. З гэтым у СШ №2 імя Н. М. Асяненкі ўсё ў парадку.

— За апошнія 5 гадоў дзякуючы аддзелу па адукацыі райвыканкама мы правялі рамонт на харчаблоку, устанавілі параканвектамат, духавую шафу, посудамыйную машыну, замянілі халадзільнае абсталяванне, сталовую мэблю, раздзелачныя сталы, купілі электрычную патэльню, індывідуальныя шафы для гардэроба кухонных работнікаў. Таксама ўстанавілі на харчаблоку і ў абедзеннай зале камеры відэаназірання, — пералічвае зробленае і набытае Наталля Кісялёва. — Сёння мы забяспечаныя ўсім неабходным, уключаючы мыйныя і дэзынфікуючыя сродкі. Няма праблемы і з кадрамі. У школе 4 повары, 2 кухонныя рабочыя і кладаўшчык. На працягу двух апошніх гадоў нашы повары прайшлі перападрыхтоўку па спецыяльнасці ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы, павысіўшы разрад з 3-га на 4-ы.

Уласнае меню, пустыя талеркі: як у другой гарадской школе кормяць вучняў

Пра повараў варта сказаць больш. Работа ў загадчыцы сталовай Анжэлы Давы­дзенкі, Міраславы Вырко, Вікторыі Навумчык і Вікторыі Трушкінай напружаная, цяжкая фізічна. Паспрабуй напячы на 460 чалавек тых жа дранікаў ці аладак! Але жанчыны не лічацца з цяжкасцямі, уводзяць у меню працаёмкія стравы, каб накарміць вучняў так, як уласных дзяцей. Ну а найлепшая падзяка для іх за гэта — пустыя талеркі і задаволеныя твары школьнікаў пасля візіту ў сталовую.

Павел Трава, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:

— У гэтым навучальным годзе ў Пастаўскім раёне функцыянуюць 24 установы адукацыі, у якіх арганізавана харчаванне. З 3 152 школьнікаў бясплатна харчуюцца 1 828, або 58% ад агульнай колькасці. За харчаванне ў дзіцячым садку ў поўным аб’ёме плацяць бацькі 446 дзяцей, 70% ад кошту — бацькі 74-х, 50% — 263-х, 20 дзяцей вызвалены ад платы. У Сацыяльна-педагагічным цэнтры Пастаўскага раёна і Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі арганізавана бясплатнае харчаванне навучэнцаў.

Для забеспячэння якаснага і збалансаванага харчавання дзяцей праводзіцца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў устаноў адукацыі і прывядзенні іх у адпаведнасць з санітарнымі нормамі і правіламі. За 2020—2026 гады на харчаблокі набыта тэхналагічнага, халадзільнага і дапаможнага абсталявання на суму 456 558 рублёў. Агульны кошт праведзеных на іх рамонтных работ за гэты перыяд склаў 750 683 рублі.

Пытанне харчавання школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў знаходзіцца на пастаянным кантролі пастаянна дзеючай камісіі, створанай у раённым выканаўчым камітэце.

Алена Шапавалава
Фота даслала Наталля Кісялёва



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.