Яшчэ некалькі гадоў назад рак малочнай залозы займаў першае месца ў свеце па злаякасных захворваннях у жанчын і другое месца па смяротнасці. Са з’яўленнем новых тэхналогій з’явіліся і новыя магчымасці: анкалогію цяпер выяўляюць раней, што дазваляе палепшыць прагнозы далейшага жыцця з ёй. Адзін са спосабаў дыягностыкі названага віду раку — мамаграфія. Пра тое, што яна сабой уяўляе, як часта і з якога ўзросту яе трэба рабіць, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з акушэрам-гінеколагам жаночай кансультацыі паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Алінай КРУГЛІКАВАЙ.
— Аліна Андрэеўна, што такое мамаграфія і чым яна адрозніваецца ад ультрагукавога даследавання малочных залоз?
— Мамаграфія — гэта рэнтгенаўскае даследаванне. У адрозненне ад ультрагукавога, якое не дае апраменьвання і праводзіць якое можна дастаткова часта, яна звязана з прамянёвай нагрузкай, хоць і мінімальнай. Мамаграфію робяць строга па назначэнні ўрача, які вызначае кратнасць працэдуры. І тое, і другое накіравана перш за ўсё на выяўленне злаякасных утварэнняў у малочнай залозе. Пры абследаванні грудзей у маладых жанчын перавага аддаецца ультрагуку, у дам старэйшага ўзросту да УГД падключаецца мамаграфія.
— У маладых жанчын малочная залоза прадстаўлена залозістай тканкай. Яна шчыльная, з густым малюнкам. На фоне яго пры рэнтгенаўскім даследаванні некаторыя структуры можна не ўбачыць. У такім выпадку мамаграфія менш інфарматыўная ў параўнанні з УГД. Да таго ж пры апраменьванні маладая пацыентка атрымае большую дозу, чым старэйшая, у якой малочная залоза прадстаўлена ў асноўным тлушчавай тканкай.
— З якога ўзросту і як часта трэба рабіць мамаграфію?
— У адпаведнасці з прафілактычнай праграмай па дыягностыцы раку малочнай залозы яна абавязковая раз на 3 гады для ўсіх жанчын ва ўзросце ад 49 гадоў. Па індывідуальнай рэкамендацыі і накіраванні ўрача яе можна рабіць з 40 гадоў і раней. Канешне, не ўсім хочацца хадзіць на прафілактычныя даследаванні, калі самаадчуванне добрае. Але бывае так, што жанчыну нічога не турбуе, а мамаграфія паказвае злаякасную пухліну. Таму заклікаю жыхарак раёна адказна ставіцца да скрынінгавых абследаванняў. Калі хвароба выяўляецца на ранніх стадыях, прагнозы паправіцца ў разы больш спрыяльныя.
Запісацца на мамаграфічнае абследаванне можна ў жаночай кансультацыі паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы або ва ўрача агульнай практыкі па месцы жыхарства.
— А ці праводзіцца мамаграфія жанчынам 20, 30 гадоў?
— Рак маладзее, таму гэта даследаванне ўсё часцей выконваецца маладым пацыенткам. І калі доктар назначыў мамаграфію, яе трэба прайсці. Справа ў тым, што рак малочнай залозы можа не выходзіць за межы пратокаў, але быць распаўсюджаным. УГД гэтага не пакажа, хоць пра яго таксама не трэба забываць. На мамаграфіі мы бачым агульную карціну — дзве праекцыі малочнай залозы. А УГД дае магчымасць убачыць дробныя дэталі.
— Што рабіць, калі раптам выявілі рак?
— Важна не панікаваць і разумець: зараз ён лечыцца. Але пачаць лячэнне трэба як мага хутчэй. Гэта дазволіць захаваць якасць і звыклы ўклад жыцця. Пацыентка са злаякаснай пухлінай накіроўваецца да мамолага-анколага, які для ўдакладнення дыягназу назначае шэраг інструментальных даследаванняў, вызначае аб’ём і тактыку эфектыўнага лячэння. Невялікую стабільную дабраякасную пухліну можна проста назіраць. Калі яна з нейкіх прычын пачне расці або жанчыну будзе непакоіць яе наяўнасць, пухліну можна выдаліць.
— Раскажыце, калі ласка, як праводзіцца мамаграфія і дзе на яе запісацца.
— Гэта працэдура займае літаральна некалькі хвілін. Малочная залоза ўкладваецца на падложку, выцягваецца і прыціскаецца верхняй пляцоўкай. Неабходная кампрэсія ствараецца паступова. Калі ў пацыенкі з’яўляюцца непрыемныя, балючыя адчуванні — а яны магчымыя ў маладых жанчын, у якіх малочная залоза прадстаўлена залозістай тканкай, — спецыяліст можа спыніць працэдуру.
Дарагія жанчыны, беражыце сваё здароўе, прыходзьце на прыём да ўрача не толькі з-за хвароб, але і для прафілактычнага агляду.
Алена Шапавалава

