В Поставах завершилась реставрация фигуры Девы Марии у костёла Святого Антония Падуанского

Важное Духовность

Адным з духоўных цэнтраў Пастаў нязменна застаецца старажытны касцёл Святога Антонія Падуанскага. Менавіта сюды штодня прыбываюць дзясяткі вернікаў і турыстаў, каб знайсці спакой, памаліцца і палюбавацца прыгажосцю святыні. Нядаўна ў жыцці парафіі адбылася адметная і вельмі чаканая падзея — завяршылася рэстаўрацыя фігуры Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая сёння сустракае нас абноўленай і велічнай.

— Па словах старэйшых парафіян, фігура Маці Божай на прыкасцельнай тэрыторыі была ўстаноўлена ў першыя гады пасля вяртання храма вернікам, — расказваў пробашч касцёла ксёндз Вадзім Прасяной. — Мінула больш за 30 гадоў. Час і неспрыяльныя прыродныя ўмовы пакінулі на ёй свой след: з’явіліся пашкоджанні і адслаенні фарбы, што патрабавала не проста касметычнага рамонту, а прафесійнага рэстаўрацыйнага падыходу.

Гэту важную і адказную справу даверылі Вользе Гукавай, якая мае званне народнага майстра, з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў. Вольга ў асноўным займаецца маляванкай, набойкай, роспісам па шкле, дрэве, керамікай. Пісала абразы для аднаго з касцёлаў Беларусі, рэстаўравала маленькія фігуркі Маці Божай, анёлаў. Рэстаўрацыя сакральнай скульптуры — работа філігранная, якая патрабуе не толькі ўмення, але і асаблівага духоўнага настрою. Вольга — чалавек з тонкім мастацкім густам і адкрытай душой. Будучы шчырай парафіянкай касцёла, яна палічыла за гонар ахвяраваць свой час, прымяніўшы прафесійныя навыкі на карысць роднай святыні. Майстар падышла да абнаўлення кожнага элемента з трапятаннем. Галоўнай задумкай было гарманічнае перапляценне хрысціянскіх канонаў і нацыянальнай эстэтыкі.

В Поставах завершилась реставрация фигуры Девы Марии у костёла Святого Антония Падуанского

— Для мяне гэта была не проста работа, а сапраўдная малітва ў дзеянні, — дзялілася Вольга Гукава. — Калі працуеш над такім рэлігійным аб’ектам, адчуваеш асаблівую адказнасць перад Богам і перад кожным вернікам, які прыходзіць сюды шукаць суцяшэння і надзеі. Хацелася, каб кожная дэталь выглядала бездакорна і выклікала ў душы толькі светлыя пачуцці. Удзячная ксяндзу Вадзіму за аказаны давер.

Рэстаўрацыйныя работы вяліся ў некалькі этапаў. Перш чым узяць у рукі пэндзаль і пачаць працаваць з колеравай гамай, фігуру неабходна было грунтоўна падрыхтаваць — ачысціць ад шматгадовых наслаенняў старых матэрыялаў і пылу… Затым Вольга нанесла першы спецыяльны слой грунту, які забяспечвае трываласць, а пасля — белую фарбу-грунт, якая паслужыла ідэальнай асновай для будучых мастацкіх рашэнняў. А далей, па словах майстра, працэсам кіраваў Дух Святы, бо ўсё атрымлівалася так, як было задумана.

Самым творчым і адначасова адказным этапам была непасрэдная работа з колерам. Эскізы Вольга распрацоўвала сама. Узгадняла іх з пробашчам. Галоўнай адметнасцю і мастацкай іскрынкай абноўленай скульптуры стала тое, што майстар выканала яе ў традыцыйным беларускім стылі. У колеравай палітры выразна бачныя нацыянальныя матывы: адзенне Маці Божай упрыгожваюць васількі, што надае фігуры непаўторны мясцовы каларыт і робіць яе бліжэйшай да сэрцаў беларусаў. Карпатлівая праца над кожнай лініяй, ценем і элементам убранства дазволіла вярнуць скульптуры глыбокі, гарманічны выгляд.

Работы завершаны, адбылося асвячэнне абноўненай фігуры. Мясцовыя вернікі і асабіста пробашч шчыра ўдзячныя Вользе Гукавай за яе працу і вернасць мастацкім традыцыям.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Вольга Гукава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.