«За штурвалам школьнага карабля»: Ірына Бедунько ўзначальвае Камайскую СШ ужо 10 гадоў

Важное Образование

Не ведаю, як у каго, а ў мяне школа асацыіруецца з караблём, які плыве па акіяне ведаў і за штурвалам якога стаіць вопытны капітан. У Камайскай СШ такім капітанам з’яўляецца дырэктар Ірына Бедунько.

Педагагічны стаж Ірыны Лявонаўны — 36 гадоў, з іх 10 гадоў дырэктарства. Прафесійнага вопыту набіралася ў Янкішскай БШ. Два дзесяцігоддзі адпрацавала там настаўнікам пачатковых класаў, а потым узначаліла школу. Пасля яе закрыцця перайшла на пасаду дырэктара ў Мулярскую базавую. А калі неўзабаве закрылі і гэту школу, стала вучыць пачаткоўцаў у Паставах. 6 гадоў ездзіла на работу ў першую гарадскую, пакуль не прапанавалі кіраўніцтва Камайскай СШ. Так з 1 верасня 2023-га вядзе чарговы школьны карабель.

— Сярод сельскіх школ раёна наша другая па велічыні пасля варапаеўскай: у ёй навучаюцца 130 дзяцей, — расказвала мне. — Яна засталася адзінай на вялікай тэрыторыі, калі прайшла аптымізацыя агульнаадукацыйных устаноў. Каб даставіць усіх вучняў на заняткі, а потым адвезці іх дамоў, 4 школьныя аўтобусы едуць па 5 маршрутах. Дзеці ў нас розныя. Ёсць тыя, хто патрабуе асаблівай педагагічнай увагі. Таму актыўна займаемся выхаваннем.

Вялікая выхаваўчая работа — адна з асаблівасцей Камайскай СШ. Школа цесна супрацоўнічае з пагранпастом «Палессе», ваеннаслужачыя якога часта прыходзяць сюды, у тым ліку каб прыняць узел у спартыўных мерапрыемствах. У самой навучальнай установе працуе ваенна-патрыятычны клуб «Юны пагранічнік». Яго прадстаўнікі на працягу некалькіх гадоў ез­дзяць у Смаргонь на злёт такіх клубаў. Маецца і свой пошукавы атрад, які за актыўную дзей­насць сёлета ўдастоены Падзячнага ліста намесніка старшыні райвыканкама Станіслава Чымбурга. Цесная сувязь наладжана таксама з ААТ «Камайскі-агра», паколькі ў школе профільныя класы аграрнай накіраванасці. Вучні рэгулярна бываюць на экскурсіях у гаспадарцы, а яе спецыялісты — у навучальнай установе.

«За штурвалам школьнага карабля»: Ірына Бедунько ўзначальвае Камайскую СШ ужо 10 гадоў

Працуючы з дзецьмі, педагогі не забываюць пра бацькоў. Запрашаюць татаў і мам на розныя школьныя мерапрыемствы, самі выязджаюць на месцы іх работы і праводзяць гутаркі на тэмы ўзаемаадносін у сям’і, выканання бацькоўскіх абавязкаў і інш.

— У мяне вельмі добры намеснік па выхаваўчай рабоце Наталія Міхайлаўна Адамовіч, — гаварыла Ірына Бедунько. — Да гэтага года ёй дапамагала Вікторыя Вашкінэль, але мінулай зімой яна пакінула школу. Стараецца і новы педагог-арганізатар. Што да вучэбнага працэсу, то ім умела кіруе Алена Георгіеўна Аліхвер. Нашы вучні штогод заваёўваюць дыпломы на раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, удзельнічаюць у конкурсе даследчых работ.

Педкалектыў Камайскай СШ адносна невялікі — 20 чалавек, але вопытны і дружны. Усе гатовы падставіць адно аднаму плячо. Падчас размовы Ірына Лявонаўна называла прозвішчы Сяргея Пяткевіча, Людмілы Курачкінай, Алы Шымковіч, Таццяны Карыцькі, Генадзія Рамбальскага, якія разам з намеснікамі з’яўляюцца яе памочнікамі ў школьных справах. А іх хапае.

Значную ўвагу дырэктар ­удзяляе ўмацаванню матэрыяльнай базы навучальнай установы. За апошнія 3 гады з дапамогай раённага бюджэту купілі новыя камп’ютары ў камп’ютарны клас, бензакасу, шмат тэхнікі і абсталявання ў харчаблок, замянілі вялікую колькасць вокнаў і свяцільні ва ўсіх класах, адрамантавалі большую частку даху і пачалі рамонт сістэмы ацяплення. Па сваіх магчымасцях сельская школа не павінна адставаць ад гарадской, лічыць Ірына Бедунько. А адукацыйны працэс трэба ажыццяўляць у камфортных для вучняў і педагогаў умовах.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.