Чэмпіянат Беларусі па валейболе
Пераможны выезд «Атланта»
У мінулыя выхадныя прайшоў другі тур нацыянальнага першынства па валейболе. Пастаўскі «Атлант» правёў яго ў Гомелі. Нягледзячы на аслаблены склад, атрымаў дзве важныя перамогі над дублёрамі мясцовых клубаў вышэйшай лігі. З 12 ачкамі наша каманда працягвае лідзіраваць у турніры.
«Энергагаз» (Гомель)–«Атлант» (Паставы) – 0:3 (17:25, 22:25, 17:25)
У першы дзень пастаўчане сустрэлі сур’ёзнае супраціўленне ад навічка дывізіёна. Лёс першага сэта вырашыўся ў канцоўцы за кошт вопыту нашых валейбалістаў. У другой партыі гамяльчане перахапілі ініцыятыву і вялі ў ліку 20:18. У гэты складаны момант галоўны трэнер Павел Вавінскі ўзяў тайм-аўт, які перавярнуў гульню. Пасля таго як Аляксей Лабуць уратаваў складаны мяч, пачаў вынікова атакаваць снайпер Аляксей Трацэўскі. Важнае ачко падачай навылет прынёс Аляксей Крыўчык, а Дзмітрый Палянскі і вопытны Уладзімір Юзвовіч выдатна адпрацавалі на пазіцыі пасуючых. У выніку «Атлант» замацаваў перавагу і давёў матч да перамогі.
Ужо ў наступным туры, 14 і 15 лістапада, пастаўчане згуляюць дома. Яны прымуць бронзавага прызёра з Барысава і маладую каманду з Мінска.
«Энергія-2» (Гомель)–«Атлант» (Паставы) – 0:3 (9:25, 11:25, 18:25)
Другі матч склаўся для пастаўчан значна лягчэй, бо маладыя гамяльчане не паспелі аднавіцца пасля папярэдняга дня. «Атлант» цалкам дамінаваў у першых двух сэтах. Крыху расслабіліся нашы толькі ў трэцяй партыі, але своечасова вярнуліся ў гульню і дабіліся чацвёртай перамогі запар у сезоне. На туры ў Гомелі паспяхова выступіў увесь склад: Мацкевіч, Тарасевіч, Пятрэвіч, Палянскі, Юзвовіч, Крыўчык, Лабуць, Серада, Фамін, Трацэўскі і капітан Зарэцкі.
Зараз «Атлант» дзеліць лідарства ў чэмпіянаце з камандай Магілёва.
Уладзімір Шык

