Соцработники помогают посетить в поликлинику инвалидам I группы

Общество

І суправодзяць, і пагавораць

Аднаго разу каля палі­клінікі сустрэ­ла спецыяліста па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксану Дробышаву. Яна дапамагала выйсці з сацыяльнага таксі жанчыне, якая ­ледзь­ пераступала з нагі на нагу. Затым пасадзіла яе ў каляску і накіравалася ў памяшканне. Як высветлілася пазней, ТЦСАН аказвае паслугу па суправаджэнні інвалідаў I групы з парушэннем апорна-рухальнага апарату і зроку.

— Паслуга бясплатная, — расказвала Аксана Дробышава. — Аднаму чалавеку я магу ўдзяліць не больш за 40 гадзін за месяц. Здараюцца розныя сітуацыі, калі хвораму трэба трапіць на прыём да ўрача ці проста выйсці на вуліцу падыхаць свежым паветрам, а дапамагчы яму ў гэтым няма каму. Неабавязкова, каб інвалід быў ­адзінокім. Яго родныя мо­гуць быць на рабоце, у ад’ездзе. І тады выручу я. Абслугоўваем не толькі гараджан, але і вяскоўцаў. Мае падапечныя жывуць як у Паставах, так і ў Навасёлках, Волахах.  

Аксана Дробышава з Янінай Урбановіч апрабоўваюць каляску

Я звязалася з дзвюма пастаўчанкамі, якія карыстаюцца паслугай па суправаджэнні. Яніне Урбановіч — 70. Праблемы з суставамі пачаліся гадоў 20 назад. Яна працавала спецыялістам у дзяржстраху, і часта даводзілася выязджаць на розныя страхавыя выпадкі. Апошнія гады перад пенсіяй хадзіла з лясачкай. Урэшце па стане здароўя датэрмінова аформілася на заслужаны адпачынак. Цяпер жывуць удзвюх з дачкой, у якой таксама няма здароўя.

— А сёлета сталі балець зубы, — расказвала Яніна Урбановіч. — Не ведаю, як бы я іх вылечыла, калі б не паслуга сацыяльнай службы. Аксана на сацыяльным таксі вазіла мяне да стаматолага. Напярэдадні праваслаўнага Уваскрэсення Хрыстова мне з ТЦСАН прывезлі каляску. Чакаю цяпла, каб выехаць на ёй у двор палюбавацца кветачкамі. Вельмі люблю прыроду, захапляюся бярозавым гаем, што за льнозаводам, недалёка ад майго дома. Аксана абяцае мяне туды звазіць. Не перадаць словамі маю ўдзячнасць ёй — уважлівая, ветлівая, міласэрная. І дапаможа, і пагаворыць.

А яшчэ маю цудоўных сяброў — Палтаржыцкіх. З ­бацькамі Канстанціна жыла па суседстве. На жаль, іх ужо няма ў жывых, а з іх сынам працягваю сябраваць. Косця з жонкай не раз прапаноўвалі мне куды-небудзь паехаць. Так хочацца паглядзець цэнтр горада, палюбавацца плошчай! Цяпер, калі ёсць каляска, напэўна, змагу ажыццявіць мару.

Алене Танане ў ліпені споўніцца 85. На здароўе жанчына асабліва не наракае. А вось ногі не ідуць. Мае двух клапатлівых сыноў, добрых нявестак. Яны наведваюцца да яе раніцай і вечарам. Днём усе працуюць. Таму паслуга сацыяльнай службы аказалася вельмі дарэчы, калі трэба было трапіць у бальніцу.

—Аксана Дробышава, напэўна, лепшая за некаторых дачок, — сцвярджала Алена Канстанцінаўна. — З ёй мы шмат разоў ездзілі ў паліклініку. Яна і апране, і абуе. Дапаможа выйсці з дома, сесці ў сацыяльнае таксі. Перад паліклінікай перасадзіць у каляску, на ліфце завязе на патрэбны паверх. І робіць усё з такой цеплынёй, шчырасцю! Вельмі ўдзячная Аксане за яе бязмежную дабрыню, чуласць.

Каб карыстацца паслугай па суправаджэнні, грамадзянін з I групай інваліднасці па апорна-рухальным апараце ці зроку можа напісаць заяву ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прад’явіць пашпарт, пасведчанне інваліда. Можна патэлефанаваць на нумар 2-50-01 — і да вас прыедзе спецыяліст ТЦСАН, які дапаможа аформіць дакументы.

Анна Анішкевіч
Фота даслана ТЦСАН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.