«Задело» Задевье! Читатели поделились своими воспоминаниями о костеле, д. Задевье и ее жителях

Важное История

Пасля выхаду матэрыялу «Пятага не дадзена, або Чаму ў Задзеўі чатыры касцёлы не «прыжыліся» да мяне звярнулася нечакана многа людзей (прычым як з Беларусі, так і з-за мяжы), якія ахвотна дзяліліся сваімі ўспамінамі пра касцёл, вёску Задзеўе, родных, што там жылі. Удалося даведацца новую інфармацыю пра гэту мясціну. Таму з задавальненнем зноў вяртаюся да тэмы.

Збігнеў, які, на жаль, не ўказаў свайго прозвішча, напісаў:

Мая бабуля, якая нарадзілася ў 1901 годзе, разам з бацькамі прысутнічала на асвячэнні новага касцёла ў Задзеўі ў 1911 годзе, а ў нядзелю і ў святы хадзіла туды на Богаслужэнні. Мне мала што запомнілася з яе аповедаў. Гаварыла, што ксяндза людзі лічылі святым яшчэ пры жыцці. Але быў гэта Мацей Бугяніс ці Ежы Мачульскі, дакладна сказаць ужо не магу. Па словах бабулі, святар гэты прадказаў многія гістарычныя падзеі, якія пазней і адбыліся. Напрыклад, заклікаў вернікаў рэгулярна ха­дзіць у касцёл, бо, па яго словах, настане час, калі ўлады закрыюць яго і памаліцца не будзе дзе. Бабуля казала, што тады не паверыла: няўжо хтосьці можа асмеліцца закрыць храм? Успомніла словы ксяндза толькі пасля таго, як гэта адбылося».

1916 год. Від на руіны касцёла

Дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк прыгадала:

Мая мама расказвала, што яе бацькі ў 40-я гады мінулага стагоддзя заўжды на павозцы ездзілі на фэст у Задзеўе — настолькі знакамітым было гэта месца. Адлегласць ад дома складала не менш за 30 кіламетраў.

А яшчэ ведаю, што з разабранага касцёла пабудавалі ў Мягунах не клуб, а школу. Са слоў мамы, у 50-60-я гады ў вёску прыязджаў нейкі дзядуля з Задзеўя, станавіўся на калені перад школай і маліўся, такім чынам выказваючы пашану гэтаму намоленаму бярвенню. Я вучылася ў той школе, было цёпла і ўтульна».

2020 год. Здымак, зроблены з таго ж ракурса, што і папярэдні

Мілона Салаўёва, якая цяпер пражывае ў Паставах, з рэдакцыяй звязалася па тэлефоне:

Я 12 гадоў адпрацавала дырэктарам Мягунскай школы і была сведкай таго, як яе будавалі з бярвення задзеўскага касцёла.  Гэта адбылося ў 1954 годзе. Гаварылі, што разбіраць храм не згадзіўся ні адзін католік. У выніку гэта справа была даручана пажарнікам.

У Мягунах у драўніне мелі вострую патрэбу: папярэдняя школа згарэла падчас зімовых канікул, дзеці былі вымушаны займацца на прыватных кватэрах. Будоўлю трэба было пачынаць неадкладна, таму бярвенне і прывезлі да нас у вёску. Мы паўплываць на сітуацыю не маглі — нас проста паставілі перад фактам. Мясцовае насельніцтва, сярод якога былі і католікі, і праваслаўныя, да такой сітуацыі аднеслася спакойна. Хаця былі выпадкі, калі ў школу прыязджалі староннія людзі і сарамацілі нас, папракалі. На мой погляд, вялікай памылкай было тое, што вернікаў не праінфармавалі, для якіх мэт разбіралі касцёл (на самай справе ён перашкаджаў палёту самалётаў), таму і было столькі абурэння. Многія думалі, што храм разабралі спецыяльна для таго, каб пабудаваць школу.

Дадам яшчэ, што ў асабістым жыцці настаўнікаў, кіраўнікоў школы часта пачалі здарацца непрыемнасці і нават трагедыі. Не думаю, што гэта звязана з «паходжаннем» школы, але хто ведае… »

Узрывальнікі ад снарадаў, цэгла і кавалак чарапіцы, знойдзеныя ў Задзеўі

Жыхар горада Вільнюса Артур Ільін даслаў копіі чарцяжоў новага, цаглянага, касцёла і старога, драўлянага, які перад маштабным будаўніцтвам стаяў у Задзеўі. Паглядзець іх можна ў блогу postawyiokolice.blogspot.com. У польскамоўным артыкуле пад назвай «Parafia Zadziewie», апублікаваным яшчэ 20.10.2011, таксама ёсць шмат іншай інфармацыі, узятай з разнастайных афіцыйных крыніц.

Даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў вырашыў сам наведаць месца, дзе некалі стаяў велічны храм.

Як толькі я выйшаў з машыны, убачыў пад дрэвамі некалькі чырвоных цаглін, кавалак чырвонай чарапіцы, — канстатаваў Ула­дзімір Анатольевіч. — Няма сумнення, што гэта рэшткі касцёла. Акрамя таго, звярнуў увагу, што ў нарытай кратамі зямлі шмат бітай цэглы — значыць, яна ў глебе паўсюль. Нехта яшчэ да мяне знайшоў у вёсцы ці дзесьці побач два ўзрывальнікі ад рускіх снарадаў — імі стралялі па храме з другога берага Задзеўскага возера. Іх, а таксама цэглу і кавалкі чарапіцы сабраў у невялікую кампазіцыю і паставіў каля крыжа, які стаіць на месцы храма. Таксама пакінуў копію старога здымка з выявай рэшткаў Задзеўскага касцёла, каб людзі бачылі, якой была панарама гэтых мясцін сто гадоў назад…»

Аўтар артыкула дзякуе ўсім за водзывы і спадзяецца, што дыялог з чытачамі на гэту тэму будзе працягнуты.

Іна Сняжкова
Фота Уладзіміра Багданава і з яго прыватнай калекцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.