Воропаевские булочки снова в продаже! Татьяна Лешкович открыла собственную мини-пекарню

Важное Общество

Ці памятаеце вы смак варапаеўскіх булачак, якія былі вядомыя не толькі ў нашым раёне? 

На жаль, некалькі гадоў таму вытворчасць закрылі, і мы прызвычаіліся спажываць прывазную прадукцыю. Але настальгія час ад часу ахоплівала аматараў духмянай выпечкі.

Індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Ляшковіч не адзін месяц выношвала ідэю аднавіць вытворчасць. І як толькі ў яе з’явілася вольнае памяшканне, вырашыла адкрыць уласную міні-пякарню. Узяла крэдыт у Прыорбанку і закупіла ўсё неабходнае. На карысць новай вытворчасці шчыравала ўся сям’я.

Міні-пякарня ў Варапаеве пачала дзейнічаць са студзеня бягучага года. Прадукцыя рэалізуецца ў гандлёвых кропках, якія таксама належаць прадпрымальніцы. Дзве з іх знаходзяцца ў гарпасёлку, адна — у Гуце. Хлебабулачныя вырабы карыстаюцца попытам з першых дзён. Пакуль выпускаецца адзін від хлеба — «Колас», 5 відаў булачак, кексы, батон «Вясна», хрусты. Да свят пакупнікам тут прапануюць рулеты «Казка», тарты, велікодныя кулічы. Інгрэдыенты закупліваюць у Маладзечне, Мінску і Полацку. Многія пастаўшчыкі правераныя часам, таму сумнявацца ў якасці сыравіны не даводзіцца.

Пекар Вольга Заруба

— Хлеб вучыліся пячы з нуля, як кажуць, метадам спроб і памылак, — успамінае Таццяна Ляшковіч. — Выкарыстоўваем толькі натуральныя прадукты: мёд, муку і солад. «Колас» палюбіўся пакупнікам, таксама як і булачкі з павідлам, смятаннікі і хрусты.

Пекарам тут працуе Вольга Заруба, якая раней выпякала тыя самыя духмяныя варапаеўскія булачкі. Калі ёй прапанавалі працаваць у міні-пякарні, зга­дзілася не раздумваючы. Шмат рэцэптаў ведае з ранейшай практыкі, некаторыя падгле­дзела ў інтэрнэце. Пробныя вырабы для дэгустацыі раздаваліся варапаеўцам бясплатна.

Працоўны дзень Вольгі пачы­наецца ў пяць раніцы: цесту трэба прайсці немалы шлях, каб потым трапіць на прылаўкі крам у выглядзе гарачых булачак ці хлеба. У распараджэнні пекара зручнае сучаснае абсталяванне. Замес цеста механізаваны. Затым яно ўручную дзеліцца на роўныя кавалкі, узважваецца і фарміруецца ў канкрэтны выраб. Растойка цеста адбываецца ў спецыяльных камерах, дзе задаецца і падтрымліваецца неабходная тэмпература. Далей хлебабулачныя вырабы змяшчаюцца ў духавыя шафы. І тады водар свежай выпечкі напаўняе наваколле, вабячы лю­дзей у краму.

— Мы не баімся канкурэнцыі. Наадварот, яна стымулюе да развіцця, ініцыятывы і рызыкі, — адзначае Таццяна Вітальеўна. — Дзякуючы сваёй выпечцы ў нашых крамах ажывіўся гандаль. Пакупнікі прыходзяць па хлеб ці батон і купляюць яшчэ, напрыклад, малако. У будучым планую пашырыць вытворчасць.

Таццяна Ляшковіч на сваім прыкладзе паказала, што і ў нашым гарпасёлку можна жыць і працаваць. Для гэтага патрэбны ўпэўненасць, мэтанакіраванасць і смеласць.

Святлана Шафаровіч
Фота Таццяны Насевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.