Экскурсии в прошлое. История 130-километровой брусчатки Поставы-Вильнюс

История

Не ведаю, як для вас, а для мяне шпацыр па брукаванай дарозе — гэта заўжды асаблівыя эмоцыі. 

Крочыш па каменні — і спрабуеш уявіць, хто гэтаксама мог хадзіць па ім стагоддзе ці два назад. У думках пераносішся ў той час, калі пробкі на дарогах стваралі не машыны, а коні, калі гарады не былі ў палоне бетону і асфальту, калі па вуліцах у ліку іншых перамяшчаліся князі і графы.

Толькі на старых фотаздымках можна ўбачыць, якой была калісьці тая ці іншая мясцовасць: час і войны сцерлі з твару зямлі цэлыя населеныя пункты, не тое што асобныя пабудовы. А брук, па якім ха­дзілі і ездзілі продкі, — вось, пад нагамі.

У Беларусі такіх дарог не так і шмат. Некалькі гадоў назад даследаваць іх узяліся журналісты аднаго з беларускіх СМІ. Па «наводцы» чытачоў калясілі на машыне па розных рэгіёнах і нават склалі карту так званых брукаванак (многія з іх захаваліся ў маленькіх, малавядомых вёсках).

На Пастаўшчыне дарогі з каменю сустракала нячаста. Таму здзівілася, калі, едучы з Дварчан убок Вярэнек, непадалёк ад вёскі Барадзіно, убачыла метраў 500 бруку. Ён «выглядваў» з-пад прывычнай нам грунтоўкі — дзесьці больш выразна, дзесьці менш. Зацікавіла гісторыя гэтага кавалка дарогі.

Брукаванка ў кірунку Вярэнек

Усе адказы на пытанні атрымала пасля таго, як апублікавала фотаздымак бруку на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Адгукнуўся краязнаўца Кастусь Шыталь і даслаў копіі артыкулаў з газеты «Віленскі кур’ер», у якіх падрабязна расказвалася пра цікавы для мяне аб’ект.

Артыкул у газеце «Віленскі кур’ер»

Адзін з матэрыялаў выйшаў 6 лістапада 1936 года. У ім паведамлялася, што заканчваецца будаўніцтва важнай камунікацыйнай артэрыі — брукаванай дарогі Паставы—Кабыльнік—Вільня. Яна мае працяг­ласць 130 кіламетраў, праходзіць праз тры паветы і такія населеныя пункты, як Міцкуны, Лаворышкі, Варона, Міхалішкі, Свір, Канстанцінава, Кабыльнік (сучасны аграгарадок Нарач), Вярэнькі.



Будаўніцтва брукаванай дарогі Паставы—Вільня ў лічбах:

  • Работы вяліся з 1927 па 1936 год.
  • Агульная працягласць трасы складала 130 кіламетраў.
  • Агульны кошт будаўніцтва — 3 101 019 злотых.
  • Дарога праходзіла праз 3 паветы — Віленска-Троцкі, Свянцянскі і Пастаўскі.
  • На аб’екце ў залежнасці ад відаў работ працавалі ад 200 да 1 200 чалавек.


Будаўнічыя работы былі распачатыя ў 1927 годзе. Адрэзак Вярэнькі—Паставы закончылі апошнім, у 1936-м.

Вядуцца работы па будаўніцтве трасы Паставы—Вільня

Калега з «Віленскага кур’ера» пісаў, што дарога цалкам сучасная. Яе шырыня складае 8,5 метра. Пры гэтым 5 метраў — цвёрдае пакрыццё, а 3,5 м — жвіровыя абочыны для фурманак. Па ўсёй трасе ўстаноўлены арыентацыйныя і ўказальныя дарожныя знакі, ахоўныя слупы, уздоўж высаджаны дрэўцы.

Аўтар падкрэсліваў: значэнне гэтай трасы ў эканамічным і культурным (турыстычным) развіцці рэгіёна вельмі вялікае. «Як нам вядома, хутка будзе афіцыйнае адкрыццё дарогі і перадача яе для грамадскага карыстання», — такім быў апошні сказ журналісцкага матэрыялу.

Гэта знакавая ў жыцці рэгіёна падзея адбылася 20 лістапада 1936 года. Яна таксама асвячалася ў газеце «Віленскі кур’ер», у №320 таго ж года.

Артыкул пра ўрачыстае адкрыццё дарогі Паставы—Вільня

У артыкуле, у прыватнасці, гаварылася, што агульны кошт будаўніцтва дарогі Паставы—Вільня склаў 3 101 019 злотых, адзін кіламетр абышоўся ў сярэднім у 26.750 злотых (для параўнання: у 1935 годзе за 7 000 злотых можна было купіць легкавы аўтамабіль). Крыніца сродкаў — дзяржаўныя крэдыты, а на працягу апошніх чатырох гадоў іх выдаткоўваў Фонд Працы.

Перарэзаўшы стужку, аб’ект адкрыў віцэ-міністр камунікацыі інжынер Юліян Пясецкі. Акт пасвячэння здзейсніў мясцовы ксёндз-дэкан Мацяеўскі. На ўрачыстасці з нагоды адкрыцця дарогі таксама прысутнічалі доктар Пачыньскі з Галоўнага Бюро Фонду Працы, дэлегат войска інжынер Тарасевіч, прадстаўнікі ўлад з Вільні на чале з ваяводам Бацяньскім і іншыя.

У газеце прыводзіўся факт: дарога з Пастаў з’яўляецца найбольш аддаленым участкам з цвёрдым пакрыццём, які злучае Вільню з іншым паветам.

Акт урачыстага адкрыцця дарогі Паставы-Вільня, падпісаны 20.11.1936

Кастусь Шыталь даслаў мне і расклады руху аўтобусаў да і пасля 1936 года. Дзякуючы адкрыццю новай транспартнай артэрыі час у дарозе для пасажыраў скараціўся з 6 з паловай гадзін да 3 гадзін 45 хвілін.

Расклад руху аўтобуса Вільня—Паставы. 1939 г.

У абодвух артыкулах з «Віленскага кур’ера» ўвага аўтараў скіроўвалася на тое, што траса Паставы—Вільнюс з’яўляецца часткай гістарычнага шляху Баторыя. Адкуль пайшла гэта назва, таксама папрасіла расказаць края­знаўцу.

Імя Баторыя вяртае нас да падзей XVI стагоддзя, калі падчас Лівонскай вайны Іван Грозны захапіў Полацк і гістарычную Полацкую зямлю. Граніца акупаванай тэрыторыі праходзіла праз Глыбокае. У 1579 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый пайшоў з войскам з Вільні на Полацк і пасля аблогі вызваліў яго.

Шлях караля і войска пралягаў і праз тэрыторыю сучаснай Пастаўшчыны, хутчэй за ўсё — праз Манькавічы, Савічы, сучасную тэрыторыю Варапаеўшчыны. Дзе ў XVI стагоддзі дакладна праходзіла дарога з Вільні на Полацк, сёння невядома. У крыніцах таго часу яна згадваецца як «droga Witoldowa» — Вітаўтава дарога.

Дарэчы, гэту тэму раней вывучаў і пастаўскі краязнаўца Ігар Пракаповіч. Разам з вучнямі ён неаднойчы здзяйсняў вандроўкі па прыблізным шляху караля Баторыя.

Вяртаючыся да тэмы брукаваных дарог, трэба адзначыць, што большасць вуліц у Паставах таксама былі такімі (гэта пацвярджаюць гістарычныя здымкі). На жаль, на іх месцы сёння асфальт. А вось у раёне па бруку можна пахадзіць, напрыклад, у Сяргеевічах — ён там выдатна захаваўся.

Вуліца Чырвонаармейская ў Паставах таксама была брукаванай

Яшчэ ў «Фэйсбуку» са мной падзяліліся інфармацыяй, што брукаванай была 11-кіламетровая дарога Лынтупы—Свянцяны. Паміж беларускім і літоўскім пунктамі пропуску (вёскамі Казнадзеюшкі і Попелікі) і сёння захаваўся кавалак бруку каля кіламетра даўжынёй.

На Лынтупшчыне ён  быў у вёсках Каптаруны, Масленікі, Дамуці. У савецкі час брук шмат дзе засыпалі. Амаль не засталося следу і ад ранейшай 130-кіламетровай брукаванай дарогі з Пастаў да Вільні — незаасфальтаваным застаецца толькі ўчастак ад Дварчан да Вярэнек.

…Часта так бывае, што няўмольны час ад таго ці іншага аб’екта каменя на камені не пакідае. У выпадку з вышэйзгаданай трасай — пакінуў, няхай і нямнога. І камень гэты нагадвае, як шмат гістарычнага страчана і як многа, калі прыгледзецца, яшчэ можна для сябе адкрыць.

Іна Сняжкова. Фота з адкрытых крыніц,
з архіва раённага краязнаўчага музея і Кастуся Шыталя



Читайте также:
История одного экспоната. Знаете ли вы, что в Поставах еще в XVІІІ веке был кафенгауз?
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!
Хранитель старины. Житель деревни Прудники показал предметы столетней давности



Tagged

1 комментарий по теме “Экскурсии в прошлое. История 130-километровой брусчатки Поставы-Вильнюс

  1. Ещё на эту тему есть статья на блоге «Город Поставы и окрестности». К сожалению, ссылка в комментарий не вставляется. Надо набрать в поисковике: «город Поставы и окрестности. Дорожное строительство в Поставском повете», и попадёте на статью.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.