История одного экспоната. Знаете ли вы, что в Поставах еще в XVІІІ веке был кафенгауз?

Важное История

Кавамолка з Паўночнага завулка

Ці ведаеце вы, што ў Паставах яшчэ ў XVІІІ стагоддзі быў кафенгаўз? Адкрыўся ён, безумоўна, не без удзелу Антонія Тызенгаўза. Спярша з лёгкай рукі падскарбія Літоўскага такая ўстанова з’явілася ў Гродне: відаць, таго вымушалі звычкі прыезджых з Заходняй Еўропы майстроў. Гродзенскі гісторык Наталля Сліж знайшла план 1780 года, на якім пазначаны адзін з такіх кафенгаўзаў, а таксама звесткі пра тое, што і ў іншых мясцовасцях (сярод іх узгадваюцца і Паставы) таксама ўжывалі каву. Праўда, пад канец стагоддзя мода на яе спала, кафенгаўзы пачалі звацца корчмамі, але магнаты і далей працягвалі ўжываць гэты напітак. Нездарма ў кнізе Ганны Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня», якая выйшла ў 1848 годзе, ёсць звесткі пра тое, як правільна пражыць зерне кавы і купажыраваць яго з цыкорыем.

Пра гэта я даведалася, калі пачала збіраць звесткі пра розныя музейныя прадметы, якія ёсць у філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка», што ў Мінску. Адзін з экспанатаў, які заўсёды ціка­віць наведвальнікаў, — кавамолка. Калі ўважліва разглядзець яе, можна заўважыць надпіс «LEINBROCK’S REFORM». Гэта значыць, што вытворца такіх кавамолак — кампанія, якую ў 1864 годзе заснаваў E. F. Leinbrock у Bärenklau (Sachsen). З 1896-га да 1985 года яна вырабляла сваю прадукцыю ў Gottleuba. Пазней нашчадкі Leinbrock удасканалілі механізм і атрымалі патэнты на свае вынаходкі, у тым ліку і на рэгуліроўку ступеняў здрабнення з дапамогай шрубавай разьбы. З 1911 года кампанія па вытворчасці кавамолак стала акцыянерным таварыствам. З часам мадэлі відазмяняліся, аж пакуль не сталі электрычнымі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Наша мадэль кавамолкі значыцца пад нумарам 3. Яе корпус металічны, а шуфлядка для змолатай кавы драўляная. Можна зрабіць выснову, што гэта адна з першых мадэляў, выпушчаных кампаніяй, а значыць, прадмет датуецца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя. У журнале паступлення прадметаў у фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча пазначана, што кавамолка набыта ў Марыны Тархавай. У працэсе даследавання высветлілася, што яе дзед Канстанцін Андрыеўскі працаваў служачым на чыгунцы і ў 1910 годзе пабудаваў дом на завулку Паўночным. Яго нашчадкі жывуць там дагэтуль. Толькі карыстаюцца яны ўжо сучаснай кавамолкай.

Між тым яшчэ да XV стагоддзя каву не малолі: зерне настойвалі і варылі цэлае. Пазней сталі расціраць яго ў ступцы таўкачыкам. Канешне, вынаходніцтва механічнай кавамолкі аблегчыла справу. Першымі былі цыліндрычныя, драўляныя, як сучасныя мельніцы для спецый. Менавіта на аснове такіх ручных кавамолак у сярэдзіне XVІІ стагоддзя з’явіліся турэцкія. А ўжо з ХІХ стагоддзя кавамолкі пачалі масава выпускаць і ў Еўропе. Ёсць інфармацыя, што рабілі іх у тым ліку на заводзе братоў Пежо ў Францыі.

Цікава, а ў мясцовых жыхароў захаваліся старыя экзэмпляры кавамолак і адмысловыя гісторыі, звязаныя з гэтым прадметам?

Таццяна Лабада, загадчык музея «Беларуская хатка», г. Мінск
Фота носяць ілюстрацыйны характар



Читайте также:
Дуки — поставская «машина времени». Предлагаем вернуться в годы Первой мировой войны
Обломки памятника графу Барфусу помогли узнать, чем жила деревня Большая Олься 100 лет назад
Учитель географии Поставской гимназии Игорь Прокопович получил Гран-при за краеведческую деятельность



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.