Не торты, а произведения искусства создает жительница аг. Новоселки Ольга Бугай

Важное Общество

Яе салодкія работы хочацца разглядаць, як выставачныя экспанаты — дзіўныя, эксклюзіўныя. Часам нават цяжка паверыць, што яны ядомыя і створаныя на кухні вясковай жанчыны, а не ў абсталяваным цэху са штатам высакакласных спецыялістаў. Як такое магчыма? Пра гэта папрасіла расказаць Вольгу.

Яна нарадзілася ў Эстоніі. Дзяцінства прайшло ў невялікім ваенным гарадку, дзе служыў тата. У 1992 годзе, калі дзяўчыне было 16, бацькі прынялі рашэнне перае­хаць на Пастаўшчыну. У Навасёлках Вольга скончыла 11-ы клас, пасля — пастаўскае прафтэхвучылішча і полацкі сельгастэхнікум. Некаторы час працавала ў мясцовай гаспадарцы, Пастаўскім мэблевым цэнтры… Аднак рэалізаваць сябе цалкам змагла ў кандытарскай справе. Яна прыносіць і прыбытак, і шмат задавальнення.

— Выпякаць люблю з дзяцінства, — расказвала Вольга Бугай. — Падабалася назіраць за мамай, дапамагаць. Прычым кандытарства было для яе і хобі, і работай — мама працавала ў кафэ і стварала сваімі рукамі розныя саладосці. Аднак асноўным «настаўнікам» у гэтай справе для мяне ўсё ж стаў інтэрнэт: там знайшла безліч інфармацыі пра сучасныя тэндэнцыі выпечкі, варыянты яе аздаблення.

Першыя тарты Вольга гатавала для сябе і сваіх блізкіх. Калі пачала змяшчаць іх фатаграфіі ў «Аднакласніках», атрымала не толькі шмат слоў захаплення, але і прапановы рабіць салодкія прэзенты на заказ. Так і пачаўся шлях да ўласнай справы, якой жанчына займаецца ўжо на працягу 8 гадоў.

— Часу такая творчасць займае шмат. Бывае, што папросту жыву на кухні, — усміхалася суразмоўца. — Цяпер, зімой, заказаў крыху менш і можна больш часу прысвя­чаць самаадукацыі. Перакананая: калі ёсць імкненне да новых ведаў, то абавязкова знойдзеш магчымасці іх атрымаць. Перапісваюся ў інтэрнэце са сваімі «калегамі» з розных краін і гарадоў, гляджу віртуальныя майстар-класы. Сваімі ведамі дзялюся і сама. Калі да мяне звяртаюцца па параду, не ўтойваю сваіх кулінарных сакрэтаў.

Вольга Бугай прызнаецца, што ў яе нямала планаў па асваенні новых трэндаў у выпечцы тартоў, у тым ліку ў 3D-фармаце. Салодкія вырабы ў выглядзе гамбургера ці бляшанкі з ікрой? Аказваецца, магчыма зрабіць і такія. Жаданне эксперыментаваць у майстра ёсць, а значыць хутка ў яе калекцыі з’явяцца і новыя эксклюзіўныя «экспанаты».

Іна Сняжкова
Фота даслала Вольга Бугай



Читайте также:
Молодой поставчанин Павел Ярош открыл СТО в д. Старый Двор
Скрапбукинг и кардмейкинг. Посмотрите, какую красоту создает поставчанка Наталия Брись
В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.