Какие тайны скрывает часовня-усыпальница рода Друцких-Любецких в д.Козловщина?

Важное История

ТАЯМНІЦЫ КАЗЛОЎШЧЫНСКАЙ КАПЛІЦЫ

У Казлоўшчыне на мясцовых каталіцкіх могілках знаходзіцца адметная капліца-пахавальня роду Друцкіх-Любецкіх, якая была ўзведзена з ініцыятывы ўласніка былой сядзібы “Казлоўск” Ігнація Ануфрыевіча. Пабудавана яна ў 1842-43 гадах з бутавага каменя. На ёй захаваўся надпіс: “Swiatynia Grobowa przez IGNACEGO XIECIA DRUCKIEGO LUBECKIEGO Roku 1843 pazdiernika 7 Dnia wymurowana a w rok w teyze dacie na Obrzadek Rzymsko-Katolicki Poswiecona” (Святыня Пахавальная ўзведзена рупнасцю Ігнація князя Друцкага Любецкага 7 кастрычніка 1843 года і тады ж асвечана па абрадзе Рымска-Каталіцкім).

Выклікае захапленне характар кладкі: рознакаляровыя валуны абчасаныя і шчыльна падагнаныя нібыта ў мазаіцы. Пабудова мае прамавугольную форму, перакрыта двухсхільным дахам. Над фасадным трохкутным франтонам узвышаецца невялічкая сігнатурка. Бутавую муроўку сцен аздабляюць атынкаваныя і пабеленыя архітэктурныя элементы вакол уваходу, каля вокнаў і карнізаў.

У капліцы маюцца два паверхі. У верхнім праводзяцца службы, у ніжнім, цокальным, знаходзяцца пахавальныя нішы, якія закрытыя плітамі з надпісамі, частка з якіх пашкоджана.

Верхняе памяшканне мае ў плане форму прамавугольніка, выцягнутага з захаду на ўсход. У алтарнай частцы (заходняя сцяна) размяшчаліся абразы, над уваходам меліся невялікія хоры з пашыранай пляцоўкай для размяшчэння невялікага аргана або фісгармоніі. Сіметрычна з правага і левага бакоў былі ўладкаваны па два акны з рамамі ў выглядзе каталіцкіх крыжоў. У левым прыалтарным куце захаваліся дзве шыльды часоў Друцкіх-Любецкіхі і іх радні. На адной з іх засведчана, што Вацлаў Зяліньскі, біскуп дыяцэзіі Віленскай, 6 верасня 1851 года ў гэтай святыні месу цэлебраваў і 1465 асоб біжмаваў. Другі надпіс, пазнейшы, прысвечаны памяці Антонія Сямашкі з Ляхаўшчыны, войта Казлоўшчынскай гміны ў 1923-34 гадах: “Antoni Siemaszko 1881-1940 z Lachowszczyzny woit gminy Kozlowskiej 1923-1934 zginał wiezieniu czesc jego pamieci o modlitwe prosi rodzina”.

У падлозе цэнтральнай часткі капліцы ёсць закрыты люк, які вядзе ў крыпту цокальнага паверху. Раней, магчыма, тут мелася лесвіца, аднак цяпер яе няма. Там, у падзямеллі, маецца шэраг таямніц, некаторыя з якіх да цяперашняга часу не расшыфраваны.

Пахаванне князя Ігнація Друцкага-Любецкага

Памяшканне крыпты ўяўляе сабой арачнае сутарэнне з двума радамі пахавальных ніш у сценах. Унутры яно вымуравана чырвонай цэглай і атынкавана. У асобным месцах тынкоўка адвалілася ад вільгаці або была адбіта людзьмі. Усяго ў крыпце налічваецца 12 пахавальных паглыбленняў, частка якіх ад пачатку былі пустымі. Чаму дванаццаць? Выпадковая колькасць, якая залежыць ад памераў капліцы, ці ўсё ж капліцу выбудавалі адпаведна велічыні крыпты? Верагодна, асновай стала плошча, якую павінны былі заняць дванаццаць пахавальных ніш. А лік адпавядае колькасці апосталаў Ісуса Хрыста. Да таго ж, можна палічыць, што ў  крыпце маглі атрымаць свой вечны спачын прадстаўнікі трох-чатырох пакаленняў уласнікаў Казлоўшчыны. Гэта значыць, што ўзводзячы капліцу, Ігнацій Друцкі-Любецкі меў надзею, што яго нашчадкі будуць валодаць маёнткам як мінімум да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Аднак, вышла далёка не так, як планавалася.

Пахаванне Марыі Снітко княжны Друцкай-Любецкай

Падобна на тое, што толькі ў чатырох з іх знаходзіліся труны з набожчыкамі, бо маюцца пліты з эпітафіямі, на якіх часткова расчытваюцца прозвішчы і даты жыцця і смерці: 1. “Тут спачывае цела светлай памяці Канстанцыі з Валасоўскіх Святополк-Мірскай, нар. 1794 г. кастрычніка 24, пам. 1865 г. верасня 17. Prosi o Zdrowas Maryia”; 2. “Адэлаіда Святаполк-Мірская княжна Друцкая-Любецкая заснула ў БОГУ …марца …. Спакой духу”; 3. “Гроб (магіла) князя Ігнація Любецкага нар 9 мая 1809 года …..”; 4. “Гроб (магіла) Марыі са Сніткаў княжны Друцкай-Любецкай нар. у годзе 1810 чэрвеня 13, пам…..1842 снежня 7”.

Паспрабуем разабрацца, чые целы спачываюць у крыпце Казлоўшчынскай капліцы. Па-першае, відавочна, што тут знаходзіцца магіла ўласніка тутэйшага маёнтка Ігнація Станіслава Юзафа Ануфрыевіча Друцкага-Любецкага. Хоць дата смерці на пліце не чытаецца, але з іншых крыніц вядома, што памёр ён у 1861 годзе ва ўзросце 52 гадоў. Па-другое, можна дакладна сцвярджаць, што побач з князем пахавана яго жонка Адэлаіда з роду Святаполк-Мірскіх гербу “Бялыня” (1816–1890), якая больш, чым на трыццаць гадоў перажыла мужа.

Помнік на магіле Аўгустына Рачыцкага

Складаней вызначыцца з двумя іншымі пахаваннямі. Вывучэнне радаводаў Друцкіх-Любецкіх і Святаполк-Мірскіх дазволіла вызначыць, што Канстанцыя з Власоўскіх – гэта маці Адэлаіды і, адпаведна, цешча Ігнація Ануфрыевіча. У сувязі з гэтым адразу ўзнікае пытанне, а дзе ж  пахаваны муж Канстанцыі? Чаму яны не разам? Адказу на гэтыя пытанні пакуль што няма.

Але найбольш загадкавай асобай у гэтай крыпце з’яўляецца Марыя са Сніткаў княжна Друцкая-Любецкая. Адразу заўважым некалькі акалічнасцяў, якія ўзмацняюць таямнічасць гэтай жанчыны: памерла яна маладой, мела ўсяго 32 гады; яна была першай пахаванай у гэтай капліцы; дата яе смерці супадае з часам узвядзення капліцы; магілы мужа ў крыпце няма. Ствараецца ўражанне, што і сама капліца было ўзведзена ў першую чаргу спецыяльна для яе. Што ж гэта за асоба? У радаводзе пастаўскай галіны Друцкіх-Любецкіх такой жанчыны няма. Прозвішча Снітка сярод уласнікаў маёнткаў на Пастаўшчыне таксама адсутнічае. Значыць, яна не тутэйшая, з нейкай іншай галіны Друцкіх-Любецкіх, верагодна, з Новага Поля, што каля Радашковічаў.  На гэта падказвае цікавая легенда, якую падала ў артыкуле “Сядзіба па суседству з Чыкага і апальная нявеста” у газеце “Прысталічча” (21.01.2018) С.Вашкевіч: Захаваліся і іншыя гісторыі пра род Друцкіх-Любецкіх. Адной з іх падзялілася падчарка мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча і траюрадная пляменніца выдаўца першай беларускамоўнай газеты Аляксандра Уласава Ірына Ніжанкоўская з роду Снітак. Яе дзед – Андрэй Снітка, знакаміты беларускі гісторык і археолаг.

Спадарыня Ніжанкоўская ўзгадала амаль шэкспіраўскую сямейную легенду. Князь з Друцкіх-Любецкіх пакахаў дзяўчыну са Снітак, але княгіня-маці адразу дала зразумець, што шлюбу не дапусціць. Закаханыя пакутавалі, працягвалі таемна сустракацца і ніяк не згаджаліся забыць адно аднаго. І праз гады іх каханне не згасла, таму ўрэшце малады атрымаў бацькоўскі дазвол. Адбываецца вяселле, сужэнцы строяць планы на будучыню, аднак раптам жанчына памірае пры родах…”.

Пахаванні ў крыпце

Зразумела, што ў легендзе згадваецца менавіта тая Марыя княжна Друцкая-Любецкая, якая спачывае ў Казлоўшчынскай капліцы. Але чаму яна апынулася тут? Дзе яе каханы? Што здарылася з іх каханнем і імі самімі? На гэтыя пытанні пакуль што няма адказаў. А інтрыга і сюжэт сапраўды вартыя шэкспіраўскай драмы.

У савецкія часы капліца была закінута, часткова пашкоджана і разрабавана. Намаганнямі ксяндзоў Уладыслава Завальнюка і Юозаса Булькі, мясцовых вернікаў святыня была адрамантавана і цяпер дзейнічае як невялікі касцёл пад тытулам святога апостала Пятра. У крыпце рамонт не праводзіўся, яна знаходзіцца ў паўразбураным стане.

Ад поўнага знішчэння капліцу ўратавала тое, што занаходзіцца яна на вясковых могілках, якія з ХІХ стагоддзя маюць абгародку. Ніжняя частка агароджы вымуравана бутавым каменем, на адным з якіх захавалася дата будаўніцтва “R 1852”.

На могільніку маецца шэраг пахаванняў, якія звязаны з родам Друцкіх-Любецкіх. І таксама таямнічай падаецца надпіс на адным з помнікаў: “Augustinowe Rzeczyckiemu zm. 26 marca 1903 r. W dowod pamieci długoletniej i wiernej służby. Od księcia W. Druckiego-Lubeckiego” (Аўгустыну Рэчыцкаму, памерламу 26 сакавіка 1903 года. У знак памяці за шматгадовую і верную службу. Ад князя У. Друцкага-Любецкага). Нешта не даводзілася пакуль сустракаць пахаванняў служылых людзей, на каторых у эпітафіі была б запісана падзякай ад гаспадара ды яшчэ і князя. Чым адметны быў гэты Аўгустын, што яго так ушанаваў Друцкі-Любецкі?

Яшчэ адна таямніца вынікае з цікавага запісу ў метрычнай кнізе Лучайскага касцёла за 1873 год, які датычыцца капліцы Друцкіх-Любецкіх у Казлоўшчыне: 27 сентября 1873 года в Козловской частной домашней каплице ксендз Абдон Андржейкович, викарный Лучайского костела, на основании диспенсации, данной местным Эпархиальным Начальством, освобождающей от всех оглашений, зарегистрировал брак благородных Гилярия Ленского (юношу 37 лет) с княжною Мариею Констанциею Друцкою-Любецкою (девицей 19 лет), обоих из г. Вильны прихожан Св. Иановского Р.-К. Костела.

Родители жениха: сын благородных Александра и Марии, урожденной Лебедзинской, Ленских. Родители невесты: дочь Игнатия и Аделаиды, урожденной Мирских, Друцких-Любецких. Свидетели: князь В. Друцкий-Любецкий, дворянин Павел Карлович Рауэ и многие другие, при том находящиеся.

Гэты запіс сведчыць пра тое, што ў Казлоўшчынскай капліцы быў таемна замацаваны шлюб Марыі, сястры Уладзіміра Друцкага-Любецкага, з Гілярыем Ленскім. Узнікае пытанне: чаму ня ў Віленскім касцёле, а “на правінцыі”, у “хатняй” радавой капліцы? Вельмі верагодна, што такім было жаданне брата маладой, князя Уладзіміра, які на той час, імаверна ўжо перайшоў або збіраўся пераходзіць у праваслаўе і таму не жадаў афішаваць каталіцкае веравызнанне роднай сястры і швагры. Гэта магло паўплываць на наступствы яго службовай кар’еры пры расійскім імператарскім двары. Ці, можа, на гэта былі іншыя прычыны?

Ігар Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.