Нягледзячы на маладосць і зусім невялікі працоўны стаж, Вікторыя Ракіта паспела многага дабіцца ў прафесійным плане. У 26 гадоў яна выконвае абавязкі загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення стацыянара Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, па выніках работы за мінулы год атрымала Падзяку галоўнага ўрача медустановы, сёлета — Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама. А яшчэ — яе вельмі любяць пацыенты, якія дасылаюць у «ПК» падзякі доктару за чуласць і ўважлівыя адносіны.
У медыцыну Вікторыя прыйшла па закліку сэрца — хацела дапамагаць людзям. Пасля заканчэння Гуцкай СШ узяла ў райбальніцы мэтавае накіраванне для паступлення ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, маючы намер вярнуцца працаваць на Пастаўшчыну. Першыя прафесійныя крокі на роднай зямлі зрабіла ў 2022-м урачом-інтэрнам. Праз год, атрымаўшы дыплом, па размеркаванні ўладкавалася ў паліклініку ўрачом агульнай практыкі.
— На трэцім гарадскім участку я адпрацавала каля года, — расказвала мне. — За кароткі час паспела вывучыць усіх сваіх пацыентаў. Яны мяне палюбілі. Хуткаму знаёмству пасадзейнічала тое, што я з’яўлялася яшчэ і ўрачом-эндакрынолагам, пасля таго як з’ездзіла на вучобу па гэтай спецыяльнасці. І пацыенты з участка звярталіся да мяне як да абодвух спецыялістаў. Хоць нагрузка была немалая — штодзень 4 гадзіны вяла тэрапеўтычны прыём, 2 гадзіны — эндакрыналагічны, а затым абслугоўвала выклікі, — спраўлялася, бо заўсёды падстрахоўвалі калегі.
Разумную і актыўную дзяўчыну кіраўніцтва райбальніцы заўважыла яшчэ падчас праходжання ёю інтэрнатуры. Таму, калі спатрэбілася дапамога штатнаму эндакрынолагу, на перападрыхтоўку накіравалі менавіта Вікторыю Ракіту. На яе кандыдатуры аднагалосна сышліся і калі з’явілася вакансія ўрача-тэрапеўта — загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення стацыянара ЦРБ.
— Вікторыя хоць і малады, але вельмі адукаваны спецыяліст, хутка ўсё схоплівае, — гаварыла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ўстановы аховы здароўя Вольга Касцень. — У яе атрымліваецца ўсё, за што ні возьмецца. Яна цалкам аддаецца рабоце, не лічыцца з часам, заўсёды валодае поўнай інфармацыяй па любым пытанні. Таму з ёй вельмі камфортна працаваць. Акрамя таго, ветлівая і ўважлівая да пацыентаў, ад якіх толькі і чую: «Доктар ад нас не адыходзіць. Столькі ўвагі!..» А гэта вельмі важна для хворых, асабліва пажылых.
Па словах Вікторыі, узначаліць аддзяленне яна згадзілася без доўгіх разваг. Па-першае, была знаёмая з работай у тэрапіі, бо праходзіла тут інтэрнатуру, а затым, працуючы ўрачом агульнай практыкі, брала дзяжурствы. Па-другое, не сумнявалася ў падтрымцы і дапамозе былога загадчыка Паўла Лук’янава, які, выйшаўшы на пенсію, застаўся ў калектыве. І ён дапамагае, падказвае сваёй пераемніцы, калі тая звяртаецца да яго.
Разам з адміністрацыйнай работай Вікторыя Ракіта вядзе ў аддзяленні каля 15 пацыентаў. Знаходзіць час на тое, каб не толькі распытаць іх пра самаадчуванне, але і выслухаць жыццёвыя гісторыі, падбадзёрыць добрым словам і ўсмешкай. Многія з тых, хто лячыўся ў яе, выпісаўшыся з бальніцы, тэлефануюць доктару і расказваюць пра свае справы, калі нешта здарылася — пытаюцца, што рабіць у канкрэтнай сітуацыі.
Вялікую ўвагу малады ўрач удзяляе свайму прафесійнаму ўдасканаленню. Удзельнічае ва ўсіх канферэнцыях і семінарах, на якія адпраўляе кіраўніцтва ЦРБ, самастойна ездзіць на іх. Пры пераводзе з урача агульнай практыкі на тэрапеўта выказала жаданне дадаткова навучыцца ультрагукавой дыягностыцы, каб у выпадку неабходнасці не выклікаць у стацыянар спецыяліста, а самой праводзіць яе пацыентам.
— Час ідзе, мяняюцца клінічныя пратаколы, праводзіцца шмат навуковых даследаванняў. Свет рухаецца ўперад, і мне не хочацца ад яго адставаць, — кажа дзяўчына.
Алена Шапавалава

