10 лет назад произошло крушение вертолёта «Еврокоптер» Госпогранкомитета в д. Вилейты

Главное Приграничье

Не сціхае боль, жыве памяць

20 кастрычніка на месцы крушэння верталёта «Еўракоптар» Дзяржпагранкамітэта адбыўся мітынг-рэквіем

У вёсцы Вілейты Ярэўскага сельсавета ўжо ніхто не жыве. Але 20 кастрычніка вось ужо на працягу 10 гадоў праз гэты населены пункт праязджае шмат машын, якія паркуюцца на ўскрайку дарогі каля памятнага знака ў выглядзе шасціграннага крыжа. Ён устаноўлены непадалёк ад таго месца, дзе загінуў экіпаж верталёта і члены здымачнай групы тэлерадыёкампаніі «Саюз».

Застылі ў маўчанні ваеннаслужачыя роты ганаровай варты. З кветкамі ў руках і слязамі на вачах, схіліўшы галовы, стаяць родныя, сябры падпалкоўніка Ігара Скварцова і маёра Андрэя Пякарскага, членаў здымачнай групы.

Ля памятнага знака Сяргей Чэпік і Ігар Печань

Мне 83 гады, — ледзь чутным шэптам гаварыла мне да пачатку мітынгу мама Ігара Алена Васільеўна Скварцова. — Здароўе слабае. Дзякуючы сыну на працягу апошніх 16 гадоў падтрымлівала яго ў ваенным шпіталі. Сёлета з-за пандэміі ад гэтага адмовілася. А не прыехаць сюды не магла: можа, апошні раз… 10 гадоў мінула, а мне ўсё думаецца, што Ігар у камандзіроўцы.

У той дзень я вярнулася з дачы. Стомленая, прысела ў чаканні званка ад яго. А ў трубцы пачула голас дачкі. Яна паведаміла пра трагедыю. Зямля пайшла з-пад ног. Як у кашмарным сне, прайшлі тыя дні. Ігара пахавалі ў Віцебску. Часта хаджу на могілкі і не веру, што сына няма. Мне так яго не хапае…

Маці Ігара Скварцова Алена Васільеўна са сваім братам Фёдарам і яго жонкай Галінай

Ігар Скварцоў правёў у паветры 2 150 гадзін. Быў лётчыкам першага класа, намеснікам камандзіра часці па лётнай падрыхтоўцы, начальнікам лётна-метадычнага аддзела. У свой час меў права пайсці на пенсію, але так любіў неба, што не мог з ім развітацца. І неба прыняло яго. Як і лётчыка-штурмана другога класа маёра Андрэя Пякарскага, на рахунку якога 500 гадзін налёту. Абодва прайшлі навучанне ў Францыі, дзе атрымалі ліцэнзію на права кіравання «Еўракоптарамі».

У той дзень экіпаж падняўся ў паветра для патрулявання беларуска-літоўскай Дзяржаўнай граніцы. На борт узялі здымачную групу тэлеканала «Саюз». Журналіст Юлія Шатэрнік, аператар Віталій Прачкоўскі, іх ва­дзіцель Сяргей Шамалаў павінны былі падрыхтаваць спецыяльны рэпартаж пра абуладкаванне беларуска-прыбалтыйскага ўчастка Дзяржаўнай граніцы ў адпаведнасці з Саюзнай праграмай Беларусі і Расіі, пра найноўшую тэхніку і будні пагранічнікаў. Праз 10 хвілін пасля ўзлёту з аэрадрома, у 15.31, на полі за Вілейтамі вінтакрылая машына ўпала і загарэлася. Усе, хто знаходзіўся на борце, загінулі.

20 кастрычніка 2011 года за кіламетр ад Дзяржаўнай граніцы з Літвой і за 500 метраў ад вёскі Вілейты пацярпеў крушэнне верталёт Дзяржпагранкмітэта. Загінулі два члены экіпажу і тры члены здымачнай групы тэлерадыёкампаніі «Саюз».

Праз год за ахвяраванні пагранічнікаў тут устанавілі памятны знак, які сімвалізуе незакончаны палёт. Вакол крыжа на пяці камянях — прозвішчы загінулых. Штогод у дзень трагедыі сюды прыязджаюць прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, органаў пагранічнай службы, калегі, сябры, каб ушанаваць памяць пра экіпаж верталёта і членаў здымачнай групы. Сёлета сярод прысутных былі намеснік Старшыні Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Ігар Печань, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Яны, а таксама палкоўнік запасу Пётр Жураўскі, які 10 гадоў таму быў начальнікам авіяцыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, галоўны штурман авіяцыйнага аддзела Дзяржпагранкамітэта падпалкоўнік Арцём Мілаўзораў выказалі шчырыя спачуванні родным загінулых, падзяліліся сваімі ўспамінамі.

Трагедыя спыніла жыццё маладых, здаровых, поўных аптымізму і планаў людзей, — гаварыў Ігар Печань. — Журналісты здымалі спецыяльны рэпартаж пра службу і жыццё пагранічнікаў. Ігар Скварцоў і Андрэй Пякарскі ім дапамагалі. Не было і няма сумненняў ва ўзроўні падрыхтоўкі экіпажа, яго прафесіяналізме. Да апошняй секунды Ігар і Андрэй рабілі ўсё магчымае, каб пазбегнуць трагедыі…

Здымачная група ў той дзень пабывала на пагранпасту «Палессе», а затым адправілася ў палёт уздоўж Дзяржграніцы, — успамінаў Пётр Жураўскі. — Праз 10 хвілін здарылася катастрофа. Яе сведкамі сталі ваеннаслужачыя пагранатрада Літвы, якія знаходзіліся на граніцы, і жыхары Вілейтаў. Яны расказвалі, што, павярнуўшы ад граніцы, верталёт стала кру­ціць. Быццам непераадольная сіла не дазволіла лётчыкам пасадзіць машыну. З вышыні 5-6 метраў верталёт упаў і загарэўся.

Я добра ведаў і падпалкоўніка Ігара Скварцова і маёра Андрэя Пякарскага. Упершыню ў авіяцыйнай часці ў гэты дзень пазнаёміўся з 28-гадовай журналісткай Юліяй Шатэрнік, 37-гадовым аператарам Віталіем Прачкоўскім і 39-гадовым вадзіцелем Сяргеем Шамалавым. Маладыя, актыўныя, прыгожыя — такімі яны засталіся ў маёй памяці.

Кажуць, што час лечыць, але і праз 10 гадоў боль у душы не сціхае, — камяк у горле перашкаджае гаварыць Арцёму Мілаўзораву. — Гібель Ігара Скварцова і Андрэя Пякарскага — вялікая страта для органаў пагранічнай службы, Юліі Шатэрнік, Віталія Прачкоўскага і Сяргея Шамалава — для тэлерадыёкампаніі «Саюз». Памяць пра гэтых цудоўных людзей, якія годна выканалі свой абавязак па ахове паветраных рубяжоў нашай краіны і фарміраванні іміджу пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто іх ведаў.

Пад гукі ўзорна-паказальнага аркестра Інстытута пагранслужбы Беларусі да помніка ляглі вянкі і жывыя кветкі. Прагучаў збройны салют, прысутныя застылі ў хвіліне маўчання. Яе парушылі гул і сірэна верталёта пагранічнай службы, які ў знак пашаны загінулых праляцеў над месцам трагедыі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.