Алё, рэдакцыя! Могут ли медики приехать домой к пожилым людям и сделать им прививку?

Здравоохранение

Прышчапіцца можна і дома

Як сцвярджаюць спецыялісты, супрацьстаяць распаўсю­джанню каранавіруснай інфекцыі і лягчэй перанесці захворванне ў выпадку заражэння дапамагае вакцынацыя. Але некаторыя грамадзяне ўпарта не жадаюць рабіць прышчэпку, баючыся негатыўных наступстваў, якія, па іх меркаванні, здольная аказаць на арганізм распрацаваная ў рэкордна кароткія тэрміны вакцына. Іншыя ж хочуць прышчапіцца, ды апасаюцца ісці ў паліклініку ў разгар эпідэміі. Маўляў, каб узяць накіраванне на прышчэпку, трэба звярнуцца да тэрапеўта, у чарзе да якога могуць быць хворыя на кавід.

З ліку апошніх жыхар Пастаў, які на мінулым тыдні патэлефанаваў у рэдакцыю «ПК». Выказаўшы сваю асцярогу наконт візіту ў лячэбную ўстанову, ён пацікавіўся: «Можа, медыкі могуць самі прыехаць дамоў да пажылых людзей?» Пытанне мы адрасавалі загадчыку паліклінікі ЦРБ Міхаілу Петуху. І вось які адказ атрымалі:

 

— Баяцца ісці на вакцынацыю ў паліклініку не варта: гэта працэдура праводзіцца ў чыстай зоне. На ўваходзе ў медустанову дзяжурыць спецыяльна навучаны медработнік. Усіх асоб з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі ён адпраўляе ў чырвоную, так званую кантамінаваную зону. Таму ў чарзе да тэрапеўта, які выпісвае накіраванне на прышчэпку, не будзе ні аднаго носьбіта любой рэспіраторнай інфекцыі, у тым ліку COVID-19.

Што да выездаў медыкаў дамоў да людзей, то такім чынам мы прышчапляем у першую чаргу інвалідаў І і ІІ груп, а таксама асоб з хранічнымі захворваннямі, у якіх павышаная рызыка развіцця дэкампенсацыі гэтых захворванняў. З кожным з іх звязваюцца ўчастковыя тэрапеўты і прапануюць паслугі мабільнай брыгады па вакцынацыі. Такая брыгада можа прыехаць дамоў і да прадстаўнікоў іншых груп насельніцтва, у прыватнасці да пенсіянераў. Для гэтага ім неабходна патэлефанаваць у рэгістратуру паліклінікі на нумар 4-11-57 і пакінуць заяўку. Як толькі будзе магчымасць, медыкі завітаюць да іх.

Зараз на Пастаўшчыне працуюць 10 выязных брыгад: 4 у горадзе і 6 на сяле. У адрозненне ад гараджан пераважная большасць вяскоўцаў, якія не працуюць, атрымліваюць прышчэпкі па месцы свайго жыхарства. Як правіла, практыка такая: чалавек звяртаецца на ФАП або ва ўчастковую бальніцу, і медработнікі выязджаюць да яго дамоў. Некаторыя сельскія жыхары самі прыходзяць у медустанову. Нярэдка дапамогу медыкам у правядзенні прышчэпачнай кампаніі аказваюць старэйшыны вёсак. Яны арганізуюць людзей на вакцынацыю. Прыкладам такога цеснага ўзаемадзеяння старэйшын з фельчарам з’яўляецца Ляхаўшчынскі ФАП, на тэрыторыі абслугоўвання якога прышчэплена ўжо больш за 60% насельніцтва. У цэлым па раёне гэта лiчба значна меншая, але кампанiя па вакцынацыi паступова набiрае абароты.

Сёння мы робім прышчэпкі ў асноўным расійскай вакцынай «Спадарожнік V». Перыядычна паступае кітайскі прэпарат Vero Cell. Яго амаль увесь перадаём на сяло, таму што гэта вакцына можа захоўвацца ў звычайным халадзільніку, тады як для «Спадарожніка» неабходная больш нізкая, мінусавая, тэмпература захоўвання. Для апошняга адпаведныя тэмпературныя ўмовы створаны ў лячэбных установах Пастаў, Варапаева і Лынтуп. Таксама маюцца спецыяльныя тэрмакантэйнеры для транспарціроўкі вакцын на 2 і 11 літраў, дзякуючы якім можна прышчапіць жыхара ў любым населеным пункце раёна.

Падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.