Как в Поставах выполняются противоэпидемические требования?

Главное Общество

Асаблівая абстаноўка патрабуе няўхільна выконваць санэпідрэжым.

Як раней паведамлялася ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, з 9 кастрычніка ў Беларусі ўведзены абавязковы масачны рэжым. Падчас рэйду, у якім удзельнічалі супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Жардзецкая, Ірына Бабіч, Ганна Кішко і карэспандэнт «ПК», яго парушэнняў не выяўлена. А як выконваюцца іншыя супрацьэпідэмічныя патрабаванні?

Накіроўваемся ў цырульню «Время красоты», размешчаную ў мікрараёне шостага гарадка. Гэты аб’ект выбраны невыпадкова. РайЦГЭ сёлета ўжо правяраў яго і выявіў нямала парушэнняў санэпідрэжыму, вынес прадпісанне аб ухіленні. У цырульні чатыры рабочыя месцы і ніводнага кліента. Пытанняў да цырульніка Марыі Кобзар шмат: ці ёсць ва ўстанове комплексны план па папярэджанні кавіда? чым праводзіцца дэзынфекцыя памяшкання? як апрацоўваюцца і дзе захоўваюцца інструменты? якія патрабаванні інструкцыі? і г.д. Майстар у поўнай разгубленасці і ні на адно не можа адказаць кампетэнтна. Супрацоўнікі райЦГЭ ў чарговы раз фіксуюць недахопы і выклікаюць індывідуальнага прадпрымальніка, якому належыць цырульня. Прад’яўляюць прэтэнзіі, паведамляюць пра тое, што на яго будзе складзены пратакол, давядзецца заплаціць штраф у памеры не менш за 5 базавых велічынь.

Адна з пакупніц магазіна «Евроопт» Вольга Дарафеева

Наведваемся ў цырульню «Магия», уласнікам якой з’яўляецца той самы прадпрымальнік. Тут работнікі вядуць сябе больш упэўнена, але недахопы ўсё роўна ёсць. Урач-гігіеніст Святлана Жардзецкая і яе памочнік Ірына Бабіч цярпліва даводзяць свае патрабаванні, тлумачаць, што і як трэба рабіць.

І майстар, і кліент — абавязкова ў масках

Наступныя аб’екты — гандлёвыя. З памочнікам урача-гігіеніста па гігіене харчавання Ганнай Кішко заходзім у магазін «Молодёжный» Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. І тут я ўпершыню падчас рэйду чую кампетэнтны дыялог урача і прадаўца Святланы Дань. Святлана без запінкі адказвае на ўсе пытанні гігіеніста, паказвае дэзынфікуючыя сродкі, расказвае, як імі карыстацца, паведамляе пра рэгулярнае праветрыванне памяшкання, захаванне масачнага рэжыму і іншае. Прэтэнзій да работніка прылаўка няма. У «Евроопте», што ў мікарараёне пятага гарадка, таксама не выяўлена парушэнняў, за выключэннем таго, што ў гэтым месяцы не запаўняецца журнал тэмпературнага рэжыму.

Памочнік урача-гігіеніста Ганна Кішко інструктуе загадчыцу магазіна «Молодёжный» Святлану Дань

А як не заглянуць у абноўлены спажыўкааператарскі магазін «ProЗапас» у цэнтры горада? Яго дзверы былі зачыненыя. «Якраз праводзім чарговую супрацьэпідэмічную апрацоўку памяшкання», — патлумачылі работнікі, але нас упусцілі. Спецыяліст райЦГЭ парушэнняў не выявіла і адзначыла: «Умеюць жа працаваць, калі захочуць. Але трэба было падштурхнуць. Некалькі раней аштрафавалі таваразнаўца — і зрухі відавочныя».

Гаворачы ў цэлым пра гандлёвыя аб’екты, якія праверылі, трэба адзначыць, што ў кожным з іх маецца дастаткова дэзынфікуючых сродкаў для апрацоўкі паверхні сцен і вільготнай уборкі, антысептыкаў для пакупнікоў, сродкаў індывідуальнай аховы для персаналу. Праводзіцца ўваходны кантроль не толькі тэмпературы цела, але і стану здароўя (на наяўнасць ліхаманкі, кашлю, насмарку). На падлозе нанесена разметка сацыяльнага дыстанцыравання. Увесь персанал — у масках. Таго ж самага патрабуюць і ад пакупнікоў.

Заўважыла, што падчас рэйду гігіеністы абавязкова цікавіліся ў тых, з кім размаўлялі, ці правакцынаваліся яны, пераконвалі ў неабходнасці зрабіць прышчэпку. І нястомна даводзілі, што, толькі няўхільна выконваючы ўсе супрацьэпідэмічныя патрабаванні, можна абараніцца ад небяспечнай інфекцыі. Варта прыслухацца да парад спецыялістаў.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.