Гуляць дык гуляць! Рассказываем, как раньше женились на Поставщине (+видео)

Важное Культура

Гуляць дык гуляць!

Расказваем, як даўней жаніліся на Пастаўшчыне

«Бацюшка Пакроў, пакрый зямлю сняжком, а мяне — жанішком». Так раней на Пакроў Божай Маці дзяўчаты маліліся аб замустве. І менавіта пасля гэтага свята (а яно адзначаецца 14 кастрычніка) у вёсках распачыналася пара вяселляў. І доўжылася яна ажно да канца лістапада — да Піліпаўскага посту.

Гэты багаты на застоллі час продкі называлі Вялікай вясельніцай. Такую ж назву мае і абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны, якое раз на два гады праходзіць у розных райцэнтрах вобласці. Яго галоўная мэта — адрадзіць і захаваць мясцовыя вясельныя абрады, якія ў кожным раёне маюць сваю адметнасць.

Рэканструкцыя вяселля аказалася вельмі каларытнай

Сёлета з-за неспрыяльнай эпідабстаноўкі конкурс прахо­дзіць дыстанцыйна: усе ўдзельнікі павінны адправіць арганізатарам відэаролікі вясельнай тэматыкі. Захавальнікі пастаўскіх вясельных традыцый з Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна і Дома рамёстваў запісвалі іх напрыканцы кастрычніка. З гэтай мэтай правялі рэканструкцыю вяселля 70-х гг. Вярнуцца на дзесяцігоддзі назад, пакаштаваць вясельных прысмакаў, крыкнуць маладым «горка!» выпала магчы­масць і карэспандэнту «ПК».

Мясцовае – бясцэннае

Здымкі ролікаў для намінацый «Вясельныя гульні» і «Вясельны каравай» адбываліся ў Доме рамёстваў «Стары млын». Яшчэ перад іх пачаткам звярталі на сябе ўвагу «жаніх» з «нявестай». Які вэлюм быў у маладой! Бялюткі, да падлогі, з яркім вянком спераду… Як расказалі майстры Дома рамёстваў, гэты вясельны галаўны ўбор рэканструявалі па старых здымках для конкурсу 2019 года.

Час — пачынаць! Жанчыны зацягваюць вясельную абрадавую песню, затым на стол прыносяць святочны каравай. Адбываецца абрад яго дзялення, які суправаджаецца запальнымі танцамі пад вясёлыя гукі баяна. Хутка іх змяняюць конкурсы, у тым ліку з удзелам «маладых». Напрыклад, яны на хуткасць адрывалі лісты ў качанах капусты. Сэнс гульні такі: калі першай з заданнем спраўлялася новаспечаная жонка — чакаць у сям’і першай дачку, калі муж — сына.

Здымкі завершаны, і ёсць час пагаварыць з галоўным рэжысёрам і сцэнарыстам пастаноўкі — дырэктарам ЦКіНТ Ксеніяй Грэськай.

У «Вялікай вясельніцы» мы ўдзельнічаем ужо ў пяты раз. Дзякуючы ёй вельмі шмат даведаліся пра вясельныя абрады ў розных рэгіёнах Віцебшчыны, — расказвала Ксенія Вячаславаўна. — І ўсюды традыцыі святкавання розныя. Яны могуць істотна адрознівацца нават у раёнаў-суседзяў, што ўжо казаць пра ўсход і захад вобласці. Таму так важна знайсці і захаваць наша, адметнае для Пастаўшчыны. І мы з калегамі стараемся гэта зрабіць: перачытваем вялікую колькасць літаратуры, працуем з архіўнымі данымі, сустракаемся з доўгажыхарамі — запісваем іх успаміны.

Актыўна выкарыстоўваем і ўжо назапашаны матэрыял. Грунтоўную даследчую работу на тэму вяселляў правяла былая супрацоўніца цэнтра Людміла Чатовіч. Вельмі багатую фальклорную спадчыну нам пакінулі найстарэйшыя ўдзельніцы Андронаўскага гурта аўтэнтычнай песні, якія, на жаль, ужо пайшлі з жыцця.

Вывучаючы вяселлі, Ксенія Вячаславаўна зрабіла для сябе нямала адкрыццяў. Напрыклад, яе здзівіла, што ў нашым краі каравай у большасці выпадкаў не пяклі, а куплялі. Часта — у Вільні. Адтуль прывозілі і штучныя кветкі для аздаблення караваю, і вясельныя сукенкі (або тканіну для іх), і прысмакі на стол… Маглі сабе дазволіць! Таксама, як і працяглыя застоллі.

«Раней вяселле ў нашай мясцовасці гулялі 7 дзён», — працягвала Ксенія Грэська. — Гэта прачытала ў адной з кніг. Там таксама надрукаваны нараканні мясцовага селяніна, маўляў, гарэ­лка стала дарагая, таму святкаванне даводзіцца скарачаць да 4 дзён. Два дні гулялі ў нявесты, два — у жаніха. Спаць разам маладых клалі толькі ў хаце маладога. Апошні, чацвёрты, дзень вяселля быў ці не самым вясёлым: у ім было шмат жартоўных конкурсаў, часта — з эратычным падтэкстам.

Асобная тэма для размовы — вясельныя стравы. Большасць з іх былі простыя: бульба, грыбы, капуста, яечня, каўбаса… Мелі месца і саладосці — стол упрыгожвалі спечаныя грыбочкі, кветкі, бацяны… Якой прыгажосці яны былі!

Адзначу, што кулінарныя традыцыі адрозніваліся нават у межах аднаго раёна, — працягвала суразмоўца. — Узяць, напрыклад, фігуры бараноў. На Лынтупшчыне гэты сімвал дастатку быў салодкі, спечаны ў спецыяльнай форме. А на Андронаўшчыне яго выраблялі рукамі і з фаршу. Такога мяснога барана ад старэйшых навучылася ра­біць і кіраўнік клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» Вікторыя Курто — яна прыгатавала яго для здымак відэароліка. Іна Русецкая з Дунілавіч спякла салодкія ружы. На маім вяселлі 30 гадоў назад былі такія ж.


Вясельныя традыцыі Пастаў­шчыны жывуць. Спрыяе гэтаму і абрад «Ажаніцца па-беларуску», які праводзяць у Цэнтры культуры і народнай творчасці раёна.


Праўда, раней было куды больш пар, ахвотных пасля ЗАГСу прыехаць у «Стары млын», каб зладзіць тут фотасесію, пакаштаваць нацыянальных страў, пагуляць у вясельныя гульні. Але на тое яна і традыцыя, каб да яе вяртацца…

Сімвал сувязей і яднання

Гэта пра вясельны пояс. Якім ён быў раней, можна ўбачыць у пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын». Майстры Алена Крывенькая і Крысціна Брэская і сёння вырабляюць тут гэты абавязковы атрыбут вясельнага строю.

Ва ўласных калекцыях таленавітых жанчын ужо нямала паясоў, створаных у розных тэхніках. Аднак у конкурсах пастаўчанкі ўдзельнічаюць нячаста, бо такіх «спаборніцтваў» па ткацтве ў краіне мала.

Глядзець відэа

Здорава, што арганізатары ўключылі ў «Вялікую вясельніцу» намінацыю «Вясельны пояс». І мы без ваганняў вырашылі паўдзельнічаць, — расказвала майстар па ткацтве, кіраўнік народнага клуба «Майстры» Алена Крывенькая. — На конкурс адпраўляем з калегай па 7 паясоў. Некаторыя стваралі спецыяльна да конкурсу. Я, напрыклад, зрабіла дакладную рэканструкцыю пояса свата, які падчас мінулагодняй экспедыцыі ў Андроны нам перадаў мясцовы жыхар Міхаіл Кляпец.

Перадача такіх поясоў з’яўлялася абавязковым вясельным абрадам. Яго ткала маладая дзяўчына на прэзент свату, перадаваўся пояс яшчэ на заручынах. На жаль, з-за свайго «ўзросту» пояс мае пашкоджанні. Таму і было вырашана зрабіць на станку яго дакладную копію.

Здымкі вясельных паясоў, іх апісанне ўжо адпраўлены на конкурс, вынікі якога будуць вядомы пазней. Але ўжо і сёння можна сказаць, што пераможа ў ім… народная культура, якая дзякуючы такім творчым мерапрыемствам атрымлівае шанц не быць беззваротна забытай.


Як успаміналі жыхары Манькавіч, у час вянчання ў мясцовай царкве рукі маладой і маладога злучаліся поясам, што адпавядала пазнейшаму звычаю абмену пярсцёнкамі.


Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.