Игорь Прокопович с учениками гимназии обследовали старые каменные здания в центре Постав и сделали небольшое открытие

Важное История

Цэгла з манаграмай

У 2018 годзе з вучнямі гімназіі мы абследавалі старыя мураваныя будынкі ў цэнтры Пастаў і зрабілі для сябе невялікае адкрыццё.

Справа ў тым, што на тыльным баку будынка з чырвонай цэглы, дзе зараз знаходзіцца «Хатабар» (вул. 17 Верасня), маюцца клеймы ў выглядзе манаграм. Патрэбнай увагі гэтаму тады не ўдзялілі. Аднак летам бягучага года пры вывучэнні былых мясцовых цагельняў тую сцяну абследавалі больш дэталёва. І не дарэмна! Высветлілася, што на тарцах цаглін маецца не адна, а ажно тры манаграмы. Яны ўяўляюць сабой спалучэнні літар «МР ТR», «TR PM», «VP TR». Што азначаюць адбіткі і дзе выраблялася такая цэгла?

Абследуючы месцы, дзе раней стаялі цагельні, спадзяваліся адшукаць цэглу з аналагічнымі манаграмамі. Гэта дало б нам падставу сцвярджаць, што выраблена яна ў Паставах. На жаль, усе знойдзеныя намі кавалкі цэглы ніякіх адбіткаў не мелі. Цагліну з манаграмай убачылі ў экспазіцыі нашага краязнаўчага музея. Адкуль яна туды трапіла — невядома. Але ўсё ж такі дапускаем, што цэгла з манаграмамі выраблялася на тэрыторыі Пастаўшчыны і, хутчэй за ўсё, была звязана з уласнікамі цагельні.

Вывучаючы больш уважліва матэрыялы па гісторыі Пастаў, выявілі, што першыя цагляныя дамы з’явіліся ў нашым горадзе ў другой палове ХVІІІ стагоддзя пры Антоніі Тызенгаўзе, які ўжо тады пабудаваў цагельню. Але гэта інфармацыя не дапамагла нам расшыфраваць загадкавыя літары.

Раскрыў таямніцу спіс уласнікаў маёнтка Паставы ў ХVІІІ—ХХ стагоддзях. Прыводзім яго:

  • 1722 г. — Бенядыкт Тызенгаўз з жонкай Ганнай Бяганскіх;
  • 60-я гады ХVІІІ ст. — Антоній Тызенгаўз;
  • 1785 г. — Францішак Ксаверы Хамінскі з жонкай Сафіяй з Тызенгаўзаў;
  • 1809 г. — Ігнацы Тызенгаўз;
  • 1814 г. — Канстанцін Тызенгаўз з жонкай Валерыяй з Ваньковічаў;
  • 1853 г. — Райнольд Тызенгаўз;
  • 1880 г. — Марыя Пшэздзецкая з Тызенгаўзаў;
  • 1890 г. — Юзаф Пшэздзецкі;
  • 1939 г. — Райнольд Пшэздзецкі.

Такім чынам стала зразумела: на цэгле зашыфраваны імёны і прозвішчы Райнольда Тызенгаўза і Марыі Пшэздзецкай, брата і сястры, якія былі дзецьмі ўласніка Пастаўскага маёнтка Канстанціна Тызенгаўза.

Варапаеўская знаходка

«МР ТR»: Марыя Пшэздзецкая — Тызенгаўз Райнольд; «TR PM»: Тызенгаўз Райнольд — Пшэздзецкая Марыя; «VP TR»: VIP Persona Тызенгаўз Райнольд (хоць першая літара можа быць не поўнасцю адбітая «М», але «V» выяўнае).



А тыльную сцяну ў будынку «Хатабара» варта было б узяць пад ахову і абвясціць помнікам гісторыі мясцовага значэння, бо існуе небяспека, што яе затынкуюць або зашыюць сайдынгам. Да таго ж там ёсць і контрфорс — трохкутная каменная прыбудова, якая ўмацоўвае сцяну. У архітэктуры нашага горада гэта вельмі адметны элемент. Контрфорсы меў крыты рынак на плошчы, ёсць яны ў «Старым млыне» і яшчэ ў некаторых будынках. Мінуўшчыну тэба захоўваць. Разбурыць — проста, аднавіць — намнога цяжэй.



Можна меркаваць, што на заводзе цэгла з такімі клеймамі выраблялася, калі і Райнольд, і Марыя яшчэ жылі, прычым Марыя ўжо была замужам за Аляксандрам Пшэздзецкім. Райнольд Тызенгаўз памёр у 1881 годзе, вяселле сястры адбылося ў 1842-м. З гэтага вынікае, што цэглу з манаграмамі выпускалі дзесьці ў сэрэдзіне ХІХ стагоддзя. Але дзе? Ні ў Сасноўцы, ні на месцы аўтастанцыі кавалкаў з клеймамі знайсці не ўдалося. Можа, варта было б шукаць лепш?

Нечаканую падказку мы атрымалі падчас краязнаўчай вандроўкі ў Варапаева, якую здзейснілі 2 кастрычніка. Там шукалі рэшткі мясцовай цагельні. Знаходзілася яна на тэрыторыі былога дрэваапрацоўчага камбіната. Трапіць туды нам не ўдалося, але мясцовы жыхар, у якога мы распытвалі пра цагельны завод, перадаў нам у падарунак кавалак цэглы, знойдзены ім недалёка ад былога мясцовага завода. На ёй захавалася ўжо вядомая нам манаграма. Так што пошукі працягваюцца.

Ігар Пракаповіч
Фота даслаў Ігар Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.