Яна Мысливец: «Заниматься научной деятельностью для меня лучшая форма саморазвития»

Общество

Няма мяжы ўдасканаленню

Пазнаёміцца з Янай Мыслівец я вырашыла пасля размовы з яе бацькам — пастаўчанінам Алегам Кішко. Пра поспехі дачкі ён расказваў з любоўю і гонарам.

Ды і як не ганарыцца, калі да сваіх 28 гадоў Яна паспела дасягнуць многага. У школьныя гады дзяўчынка марыла стаць перакладчыкам і старанна вучыла англійскую мову. Але, скончыўшы 9 класаў пастаўскай СШ №1, вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж. Вызначыцца з выбарам навучальнай установы дапамог бацька. «Будаўніцтва — адна з перспектыўных галін. Яно было, ёсць і будзе», — рэзонна сцвярджаў і нібыта прадбачыў асабістыя перспектывы дачкі.

І яны сапраўды адкрыліся перад дзяўчынай. Але не па ўзмаху чароўнай палачкі, а дзякуючы яе мэтанакіраванасці, настойлівасці і працавітасці. Скончыла не толькі каледж, але і Беларускі нацыянальна-тэхнічны ўніверсітэт, магістратуру. Рыхтуецца паступаць у аспірантуру.

— Займацца навуковай дзейнасцю для мяне найлепшая форма самаразвіцця,  — прызналася магістр эканамічных навук.  —   Маю больш за 10 навуковых публікацый, у тым ліку ў міжнародных навукова-практычных часопісах. Удзельнічаю ў розных канферэнцыях, алімпіядах, конкурсах. З’яўляюся пераможцай рэспубліканскага конкурсу навуковых работ сярод студэнтаў-магістрантаў. Увайшла ў лік лаўрэатаў міжнароднага конкурсу, які праходзіў на базе Алтайскага дзяржуніверсітэта. Гэтым летам перамагла ў міжнародным конкурсе «Найлепшы малады вучоны СНД», які прахо­дзіў у Нур-Султане (Казахстан).

Па спецыяльнасці Яна інжынер-эканаміст. Працуе  ін­жынерам аддзела кантролю якасці ў ААТ «Трэст №15» «Спецбуд». Мае граматы і падзякі кіраўніцтва трэста. Яе фотаздымак занесены на Дошку гонару «Маладыя і найлепшыя ў прафесіі — гонар Партызанскага раёна г. Мінска». Прызнана самай лепшай у намінацыі «Будаўніцтва» ў конкурсе «Найлепшы малады спецыяліст-2021», які право­дзіўся Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў.

Але не толькі працай і навуковай дзейнасцю насычана жыццё нашай зямлячкі. У гэтым годзе Яна выйшла замуж. Яе муж Сяргей, як і яна, закончыў БНТУ. Працуе галоўным інжынерам у будаўнічай кампаніі. У іх шмат агульных інтарэсаў. А самае галоўнае, што аб’ядноўвае, — гэта каханне. Нельга не сказаць і пра захапленне маладой жанчыны танцамі. Яно зарадзілася яшчэ ў Паставах, калі наведвала танцавальны гурток пры Пастаўскім раённым Доме культуры. І вось ужо 7 гадоў займаецца ў студыі cучаснага танца EL Gato. Уваходзіць у склад прафесійнай групы. Выступае на розных мерапрыемствах, удзельнічае ў танцавальных чэмпіянатах. І гаворыць: «Танец — гэта мой пульс, біццё сэрца, маё дыханне».

Вось і скажыце, хіба я магла не расказаць у газеце пра такую мэтанакіраваную, захопленую, таленавітую асобу? А тое, што Яна Мыслівец вызначаецца не толькі ў сталіцы Беларусі, але і за межамі краіны, дадае яшчэ больш гонару за нашу зямлячку.

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Яна Мыслівец



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.