Посмотрите, какие красивые интерьерные игрушки создает поставчанка Юлия Ракель

Важное Общество

Лялькі вярнулі радасць жыцця

Шмат гадоў назад на прасторах інтэрнэта пастаўчанка Юлія Ракель убачыла інтэр’ерныя лялькі, якія ёй вельмі спадабаліся. Захацелася зрабіць такія ж. Але грунтоўна ўзяцца за справу перашкаджалі розныя жыццёвыя абставіны. Па-сапраўднаму вырабам цацак занялася сёлета, пасля таго як страціла блізкага чалавека.

— Смерць дзядулі, які замяніў мне бацьку, шакіравала, выбіла глебу з-пад ног, — расказвала дзяўчына. — Я доўга не магла апамятацца, прыйшлося нават звольніцца з работы. Сябры, ведаючы маю прагу да творчасці, параілі па­чаць штосьці рабіць сваімі рукамі. І я ўспомніла пра лялькі. Яны сталі для мяне выратаваннем, вярнулі да жыцця.

У інтэрнэце Юлія выбрала цікавыя ёй выкрайкі, па-свойму адрэдагавала іх і пачала апантана шыць з трыкатажу ўсемагчымых дзяўчынак-модніц, забаўных гномаў, зайцоў і іншых істот, з галавы да ног апранаючы іх ва ўласнаручна пашытыя і звязаныя ўборы. Усяго за год стварыла каля трох дзясяткаў цацак, з якімі вельмі любіць гуляць 5-гадовая дачка. Дзякуючы дачушцы, з’явіліся Дзед Мароз са Снягуркай, сімвал 2022 года — тыграня, алені з санямі. Разам з малой зрабіла і цэлую калекцыю навагодніх ёлак — з нітак, пафарбаваных галінак дрэў, шышак, арэхаў, кафейнага зерня, пацерак, тканіны.

Свае работы Юлія фатаграфуе і змяшчае здымкі на ўласнай старонцы ў Instagram, набыўшы за кароткі час нямала падпісчыкаў. Многія ў каментарыях захапляюцца яе мяккімі цацкамі і арыгінальнымі навагоднімі ўпрыгажэннямі, некаторыя выказваюць жаданне іх купіць. Але дзяўчына не спяшаецца адкрываць бізнес у інтэрнэце, хоча спачатку аформіць рамесніцтва, каб усё было законна. А пакуль цацкі ахвотна дорыць сябрам.

— Лічу, што гэта добры падарунак, — кажа Юлія Ракель. — Ён унікальны, непаўторны. А калі яшчэ зрабіць ляльку падобнай да таго, каму яна прызначаецца… Я сама вельмі цаню падарункі ручной работы, таму што аўтары патрацілі на іх не толькі грошы, але і час, уклалі ў вырабы сваю душу і думкі пра вас. А гэта бясцэнна.

Як у любога творчага чалавека, у Юліі шмат планаў і задум. Яна хоча навучыцца ляпіць са звычайнай і палімернай гліны, рабіць рэалістычныя лялькі на шарнірах, стварыць абсалютна непадобных да сваіх цяперашніх цацак анёлаў. А яшчэ — ма­рыць трапіць на выставу-кірмаш «Чароўны млын» у Мінску, дзе ўласныя вырабы прадстаўляюць майстры, мастакі і дызайнеры з розных куткоў Беларусі.

Алена Шапавалава
Фота з архіва Юліі Ракель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.