Интересными и непредсказуемыми выдались финальные игры на Кубок Поставского района по быстрым шахматам

Спорт и туризм

Кубкавыя інтрыгі

Цікавымі і непрадказальнымі выдаліся фінальныя гульні на Кубак Пастаўскага раёна па хуткіх шахматах. 30 студзеня быў дадзены старт захапляльным спаборніцтвам. Каб трапіць у фінал, трэба было паспяхова згуляць у адборачных турнірах.

У запаветную васьмёрку, згодна з занятымі месцамі, выйшлі: Аляксандр Сямёнаў, Руслан Жытковіч, Аляксандр Тара­зевіч, Аляксандр Мурзо, Віталій Дзямідаў, Ева Іванова, Андрэй Паўлаў і Віктар Лекарэвіч. Нагадаю, што ў мінулым годзе ўладальнікам кубка быў А. Мурзо (завод «Проміс»), які ў фінале не пакінуў ніякіх шансаў галоўнаму інжынеру УП ЖКГ А. Таразевічу. Сярэдні шахматны каэфіцыент у фінальнай частцы складаў 1 785 балаў. Такога не было апошнія тры гады. Прагназавалі рознае, а сярод фіналістаў называлі А. Сямёнава і Р. Жытковіча, 3-е месца аддавалі А. Таразевічу. Што паказалі спаборніцтвы?

Аляксандр Сямёнаў

Самымі захапляльнымі на стадыі чвэрцьфіналаў былі паядынкі паміж А. Таразевічам — Е. Івановай і А. Паўлавым — Р. Жытковічам, у якіх інтрыга жыла да апошняга. У названых парах рапід (15 хвілін на абдумванне хадоў кожнаму) не выявіў пераможцаў. Прыйшлося гуляць пяціхвілінныя бліцы. І тут здарылася першая сенсацыя. Вучаніца 7 класа СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Е. Іванова ўпэўнена перамагла А. Таразевіча і стала першай паўфіналісткай спаборніцтваў. Такі ж поспех напаткаў і сталічнага студэнта Р. Жытковіча. Як і прагназавалася, права гуляць у паўфінале атрымаў вядучы праграміст Пастаўскай ЦРБ А. Сямёнаў. Нечаканасцю стала, што чацвёртую пуцёўку атрымаў дзевяцікласнік СШ №2 імя Н. М. Асяненкі В. Дзямідаў. Але на гэтым сюрпрызы выхаванцаў шахматнага гуртка «Віцязь» не скончыліся.

У першым паўфінале ўсё было без нечаканасцей. А. Сямёнаў больш чым упэўнена перамог В. Дзямідава. А вось другі паўфінал атрымаўся ўзорным. На яго старце свае ўмовы дыктаваў Р. Жытковіч, а Е. Івановай прыйшлося доўга трымаць абарону. Далей Руслан Жытковіч рана паверыў у свой канчатковы поспех і расслабіўся. А вось юная каралева шахмат Ева Іванова змагалася да канца і заслужыла права гуляць у фінале. Праўда, сіл на гэта ў яе не хапіла.

А. Сямёнаў у трэці раз стаў уладальнікам кубка раёна 2022 года. Віншуем! Ганаровае 2-е месца заняла Е. Іванова. Такі рубеж дзяўчыне пакарыўся ўпершыню, і гэта вялікі поспех. У напружанай барацьбе Р. Жытковіч перамог В. Дзямідава і фінішаваў з трэцім вынікам. Самых добрых слоў заслугоўвае і В. Дзямідаў. У гульні хлопчыка назіраецца вялікі прагрэс ад спаборніцтваў да спаборніцтваў.

Юрый Катовіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.