Поставчанин Виталий Демидов — шахматный вундеркинд

Важное Спорт и туризм

13 студзеня ў рамках абласных спартыўных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Віцебску адбыўся III прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Льва Даватара адкрыты шахматны тэмпа-турнір.

Галоўны суддзя спаборніцтваў — суддзя міжнароднай катэгорыі Мікалай Жукаў з Оршы — даваў старт турніру на 24 шахматных дошках, а значыць, у стартавы пратакол спаборніцтваў было занесена 48 прозвішчаў шахматыстаў. Аматары старажытнай гульні вызначалі наймацнейшых у абласным шахматным клубе «Ладдзя».

Нас у першую чаргу цікавіць намінацыя «Сельскія шахматысты», дзе сярод 11 спартсменаў было заяўлена і трое пастаўчан. Па добрай традыцыі гонар раёна абаранялі сталічны ўрач Андрэй Паўлаў, вопытны 73-гадовы ветэран шахмат Авенір Чырванец і вучань 11 класа СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Віталій Дзямідаў. Дарэчы, апошняга назвалі адным з фаварытаў сярод сельскіх шахматыстаў, і, забягаючы наперад, скажу, што ў прагнозах не памыліліся.

Шахматны вундэркінд, як заўсёды, стартаваў паспяхова. Асабліва прыгожай атрымалася партыя з вопытным кандыдатам у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Аляксеем Чапёлкіным з Віцебска. Ужо на старце гульні пастаўчанін правёў умелую камбінацыю і прымусіў саперніка прызнаць паражэнне. Многае вырашаў чацвёрты тур, дзе Віталій меў чорны колер фігур, супраць бронзавага прызёра Віцебскай вобласці сярод дзяўчат Марты Кажамякінай. Яна ўсю гульню абаранялася, але ў канцоўцы выкарыстала адзін з нямногіх шанцаў і перамагла. Гэта паражэнне мабілізавала хлопца, і больш недарэчных памылак ён не дапускаў. Набраўшы 6 ачкоў за тур да заканчэння спаборніцтваў, Віталій Дзямідаў святкаваў поспех.

4,5 ачка і другі вынік у Пятра Ціханенкі, а тройку прызёраў замкнуў Пётр Галыня (абодва з Бешанковіч). На жаль, пераможную гульню юнага калегі нашы шахматысты не падтрымалі: Авенір Чырванец набраў усяго 3,5 ачка, на паўачка менш у Андрэя Паўлава. Яны апынуліся ў ніжняй частцы турнірнай табліцы.

Галоўны прыз турніру дастаўся Аляксандру Камеку (Віцебск). Каб вызначыць прызёраў, прыйшлося падлічваць дадатковыя паказчыкі, бо адразу трое шахматыстаў набралі па 7 балаў. У прызёрах — Міхаіл Годзданкер і Алег Пятроў (абодва з Віцебска). У міжнароднага гросмайстра Рахіль Эйдэльсон такі ж вынік, але на гэты раз толькі 4-е месца.

Юрый Катовіч
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.