«Пишет» картины тканью: в Доме ремесел открылась выставка работ браславского мастера Натальи Парахневич

Важное Культура

«Піша» карціны тканінай

Што патрэбна для стварэння карціны? Упэўненая, што большасць з вас падумаюць пра палатно, пэндзлі і фарбы. Але часам для гэтага падыходзяць… зношаныя джынсы, кашулі і іншы ўжо непатрэбны тэкстыль. На ткацкім станку іх можна пераўтварыць у непераўзыдзеныя творы сучаснага мастацтва. У гэтым можна ўпэўніцца ў Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын», дзе нядаўна адкрылася выстава работ браслаўскага майстра Наталлі Парахневіч.

У творчым асяроддзі яна чалавек вядомы: ужо амаль 20 гадоў кіруе работай народнага клуба майстроў народнай творчасці і самадзейных мастакоў «Ля возера», што дзейнічае пры браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Робіць гэта з душой і прафесійна, бо мае спецыяльную адукацыю — Наталля Мікалаеўна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя Кірава. Як майстар знайшла сябе ў такіх кірунках творчасці, як вышыўка, батык, вязанне, выраб габеленаў, ткацтва і пляценне паясоў, дэкаратыўнае вязанне кручком і інш. Зараз аддае перавагу ткацтву на кроснах.

Работы, выстаўленыя ў Паставах, таксама створаны на кроснах. Толькі замест традыцыйных нітак выкарыстоўваецца парэзаная скручаная тканіна. Ёй на карцінах-палотнах «намаляваны» кветкі, браслаўскія краявіды, вясковыя і ўрбаністычныя пейзажы… Любуючыся імі, нават цяжка ўявіць, што за аснову ўзяты непатрэбныя рэчы, якія выйшлі з моды. І тым больш захапляешся майстрам, які здолеў ператварыць іх у тонкую прыгажосць. А яна ў гледача ў пашане будзе заўсёды.

Карэспандэнт «ПК» ужо ацаніла незвычайную выставу браслаўскага майстра. Раю зрабіць гэта і вам. Работы Наталлі Парахневіч будуць экспанавацца ў «Старым млыне» да канца сакавіка.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.