Будет ли в Поставах дефицит лекарств? Интервью с заведующим центральной аптекой №87 Жанной Логвиненко

Важное Здравоохранение

Без лякарстваў не застанёмся

Нестабільнасць у свеце, увядзенне санкцый у адносінах да нашай краіны выклікаюць занепакоенасць у грамадстве: што будзе з эканомікай? ці хопіць харчовых запасаў? ці не застанёмся без лякарстваў? На апошняе з гэтага пераліку пытанне карэспандэнту «ПК» адказвае загадчык цэнтральнай аптэкі №87 Жанна Лагвіненка.

У цэнтральную аптэку №87 днямі паступіла вялікая партыя лекавых прэпаратаў. За работай — укладчык-упакоўшчык Людміла Вяргун

— Жанна Анатольеўна, хто пастаўляе лекавыя прэпараты ў дзяржаўныя аптэкі раёна?

— Віцебскі аптэчны склад. Мы атрымліваем іх там кожны ты­дзень, а пры патрэбе адпраўляем машыну і два разы на тыдзень. Прывозім у цэнтральную аптэку, разгружаем на складзе, правяраем і адразу ж выстаўляем на продаж. Без прамаруджвання развозім атрыманыя прэпараты і па ўсіх іншых нашых аптэках. А іх у раёне 10.

Акрамя таго, дзейнічае 7 прыватных (такой вялікай колькасці няма ні ў адным іншым раёне вобласці). З аднаго боку, гэта добра, з іншага — ідзе адток фармацэўтычных кадраў з дзяржаўных аптэк у прыватныя, што ўскладняе работу. На сёння 10 нашых фармацэўтаў працуюць у прыватных аптэках раёна. Але гэта ўжо іншая тэма.

— Колькі найменняў лекавых прэпаратаў завозіце і якія суадносіны імпартных і айчынных?

— Найменняў больш за 6 тысяч. Палова прэпаратаў імпартнай вытворчасці, палова — айчыннай. Як праінфармавала грамадскасць генеральны дырэктар Віцебскага РУП «Фармацыя» Кацярына Барысеевіч, у вобласці створаны дастатковы запас лякарстваў для аптэчнай сеткі і лячэбных устаноў. Асаблівая ўвага надаецца жыццёва неабходным прэпаратам для лячэння анкалагічных, эндакрыналагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Без збояў пастаўляюцца імпартныя прэпараты. Замест украінскіх бу­дуць пастаўляцца аналагі імпартнай або айчыннай вытворчасці. Такія беларускія прадпрыемствы, як «Белмедпрэпараты», «Фармтэхналогія», «Лекфарм», «Фармлэнд», «Рубікон» і іншыя, выпускаюць прэпараты, якія ніколькі не ўступаюць па эфектыўнасці імпартным або якіх увогуле няма за мяжой. Немалаважна і тое, што яны значна таннейшыя, чым імпартныя.

— Дарэчы, пра цэны. Людзі непакояцца, што яны вырастуць. Некаторыя імкнуцца стварыць запас лекавых сродкаў.

— Не скажу, што ў нас назіраецца ажыятаж, хаця людзі, несумненна, хвалюцца з-за магчымага павышэння цэн на лякарствы ў сувязі са змяненнем курса долара. Пакуль што яны стабільныя. Больш за тое, пасля Указа Прэзідэнта ад 5 кастрычніка 2021 года аб унясенні змен у парадак фарміравання цэн на лякарствы і медпрэпараты мы штомесяц па 2-3, а то і 5 разоў робім пераацэнку прэпаратаў у бок змяншэння іх кошту. Што да запасаў, то калі ў чалавека хранічнае захворванне і ён ведае, што за наступныя 3-4 месяцы скарыстаецца набытай колькасцю лякарстваў, няхай купляе. Але навошта бяздумна ствараць запасы? Ёсць жа тэрміны прыгоднасці, і яны абмежаваныя.

— Жанна Анатольеўна, якія групы прэпаратаў найбольш запатрабаваныя?

— Процівірусныя, жарапаніжальныя і процізапаленчыя. У першую хвалю каранавіруснай пандэміі вялікі попыт быў на пальчаткі, ахоўныя маскі, сродкі дэзынфекцыі. Здаралася, што нават не паспявалі забяспечваць імі, хаця ездзілі па тавар на Віцебскі аптэчны склад па 2-3 разы на тыдзень. Наступныя хвалі сустрэлі ў поўнай гатоўнасці — стварылі багатыя запасы, ніякага дэфіцыту не было.

А як чалавеку быць у выпадку, калі патрэбнага лякарства ў той ці іншай аптэцы няма, а яно вельмі патрэбнае?

— Шукаем яго па інтэрнэце ў іншых аптэках раёна. Калі не знаходзім, прымаем заяўку і накіроўваем яе на Віцебскі аптэчны склад. Выконваецца яна звычайна хутка. Пра наяўнасць прэпаратаў у аптэках усёй рэспублікі можна даведацца на сайце tabletka.by. Да слова, у нашай аптэцы змяніліся нумары тэлефонаў. У рэцэптурным аддзеле ён зараз 2-15-70.

У заключэнне скажу, што прычын для панікі наконт забяспечанасці лекавымі сродкамі няма. Нават калі здарацца недапастаўкі з боку замежных вытворцаў, можна падабраць беларускі аналаг — якасны і таннейшы.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Жанны Лагвіненкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.