Как в Поставах проходит межведомственная республиканская акция «Вместе за здоровое будущее»?

Безопасность

Даносіць інфармацыю і дзецям, і бацькам

Шэраг мерапрыемстваў рэалізаваны ў нашым раёне ў рамках міжведамаснай рэспубліканскай акцыі «Разам за здаровую будучыню», накіраванай на прафілактыку ўжывання і збыту наркатычных сродкаў і іх аналагаў непаўналетнімі.

Мерапрыемствы прахо­дзілі на працягу ўсяго гэтага тыдня. Адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і зацікаўленых службаў і ведамстваў з навучэнцамі, іх бацькамі і педагогамі, спартыўныя спаборніцтвы, тэматычны прававы батл сярод школьнікаў, конкурс маладзёжных прафілактычных праектаў, выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, адпрацоўка дыскатэк, інтэрнатаў і забаўляльных устаноў з мэтай спынення распаўсюджання наркотыкаў. На некаторых з іх пабывала карэспандэнт «ПК».

15 сакавіка ў райвыканкаме прайшоў навучальны трэнінг для педагогаў па тактыцы выяўлення непаўналетніх, якія ўжываюць наркотыкі. На яго запрасілі намеснікаў дырэктараў школ раёна па выхаваўчай рабоце, педагогаў-псіхолагаў, арганізатараў і сацыяльных. Перад імі выступілі псіхіятр-нарколаг ЦРБ Жанна Папова, старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзь­мі РАУС Міхаіл Ходан і галоўны санітарны ўрач раёна Святлана Рассеева.

Выступаюць Віталій Кішко і Міхаіл Ходан

Жанна Пятроўна спынілася на некаторых пытаннях, звязаных з ужываннем наркатычных сродкаў, якія не прызнаюць ні сацыяльных, ні ўзроставых, ні палавых адрозненняў. Яна расказала, наколькі згубна наркотыкі ўздзейнічаюць на арганізм чалавека, і пра агульныя прыкметы (фізічныя і паводзінскія), характэрныя для наркаманаў.

— Змены ў паводзінах і характары павінны насцярожыць і бацькоў, і вас, педагогаў, — гаварыла выступоўца. — У такім выпадку трэба паназіраць за падлеткам, каб прыняць правільнае рашэнне.

Не менш небяспечнае ўцягненне непаўналетніх у наркаабарот і іншую суп­рацьпраўную дзейнасць. На гэтым завастрыў увагу Міхаіл Ходан. Па яго словах, да Пастаўскага раёна паступова даходзіць з вялікіх гарадоў такі папулярны від нарка­збыту, як закладка. У якасці кур’ераў асобы, што займаюцца незаконным абаротам наркотыкаў, выкарыстоўваюць моладзь ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. У лік апошніх ужо трапілі і пастаўчане. Таксама на перыферыі пачалі з’яўляцца інтэрнэт-магазіны па продажы наркотыкаў. Адзін з іх працяглы час працаваў у Браславе. Неўзабаве такі магазін можа адкрыцца ў нас, бо ёсць пэўныя перадумовы да гэтага. Маюцца на Пастаўшчыне і факты заняцця непаўналетніх прастытуцыяй, педафіліі, распаўсюджання дзіцячай парнаграфіі.

Удзельнікі сустрэчы ў Варапаеўскай СШ

Усяго гэтага нельга дапускаць. Таму педагогам Міхаіл Ходан параіў уважліва прыглядацца да схільных да асацыяльных паводзін падлеткаў, знаходзіць з імі кантакт і па магчымасці правяраць, якія дадаткі ўстаноўленыя ў іх мабільных тэлефонах.

Пра тое, што наркотыкі немагчыма выключыць з нашага жыцця, яны з даўніх часоў суправаджаюць медыцыну і заўсёды будуць ісці поруч з чалавекам, гаварыла Святлана Рассеева. На яе думку, неабходна як мага больш гутарыць пра праблему наркаманіі і з дзецьмі, і з бацькамі. А калі ўзнікне неабходнасць запрасіць на бацькоўскія сходы спецыялістаў, тыя заўсёды гатовыя прыйсці на іх. «Гэта агульная праблема. І пераадольваць яе мы павінны разам», — зазначыла Святлана Анатольеўна.

16 сакавіка прадстаўнікі праваахоўных органаў, зацікаўленых службаў і ведамстваў прадоўжылі пачатыя ў панядзелак сустрэчы з навучэнцамі і бацькамі, пабываўшы ў Варапаеве, Дунілавічах і Навасёлках. Да школьнікаў адправіліся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віталій Кішко і Міхаіл Ходан. Паслухаць іх у Варапаеўскай СШ сабраліся вучні 7—11 класаў.

— У Віцебскай вобласці расце колькасць нарка­злачынстваў, здзейсненых навучэнцамі школ і кале­джаў, — канстатавалі госці. — Прадаўцы дурману знахо­дзяць непаўналетніх у сацыяльных сетках і месенджарах і прапануюць ім падзарабіць — узяць наркотыкі ў адным месцы і перанесці ў іншае. А між тым адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў наступае з 14 гадоў, мінімальны тэрмін за збыт складае 5 гадоў пазбаўлення волі.

У якасці прыкладу праваахоўнікі прывялі гісторыю пастаўчанкі — студэнткі адной з ВНУ, якую знаёмыя папрасілі забраць пакет з наркотыкам і прынесці ім. Пры гэтым, што ў пакеце, дзяўчына не ведала, калі яе затрымалі міліцыянеры. Цяпер ёй пагражае да 8 гадоў турмы. Такі ж спосаб заработку прапаноўвалі двум навучэнцам Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Пра гэта супрацоўнікам РАУС расказалі самі маладыя людзі падчас сустрэчы ў каледжы, паказаўшы перапіску ў Telegram.

Госці перасцераглі школь­нікаў і ад іншых крымінальных спосабаў зарабіць грошы. У прыватнасці ад выбранага 17-гадовай жыхаркай раёна, якая зарэгістравалася на сайтах знаёмстваў і прапаноўвала мужчынам уступіць з ёй у палавую сувязь за плату, а таксама прадавала ў інтэрнэце свае інтымныя фота і відэазапісы парнаграфічнага характару. За гэта дзяўчына правядзе за кратамі каля 2 гадоў. Таксама 14 сакавіка ў каледжы затрымалі 5 хлопцаў, якія стварылі акаўнты ў розных сацыяльных сетках і месенджарах і ад імя дзяўчат прапаноўвалі мужчынам купіць спампаваныя ў інтэрнэце парнаграфічныя фотаздымкі.

Нярэдка непаўналетнія становяцца ахвярамі педафілаў, пра што таксама ішла гаворка з дзецьмі на канкрэтных прыкладах з нашага раёна. Падагульняючы ўсё сказанае, міліцыянеры параілі школьнікам ўважліва ставіцца да знаёмстваў у інтэрнэце. Калі пачынаюць пісаць незнаёмыя дарослыя асобы — спыняць з імі зносіны, а атрымаўшы непрыстойную прапанову — расказваць усё бацькам і настаўнікам.

Аналагічная сустрэча адбылася ў той дзень з бацькамі варапаеўскіх школьнікаў. Яна прайшла ў мясцовым Доме культуры.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.