17 лет клуб национальной кухни, игры и обряда «Традиция» балует туристов вкусными блюдами и песнями

Культура

17 гадоў назад на Віцебшчыне яшчэ і блізка не было такога паняцця, як кулінарны турызм, а пастаўскі клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» ўжо ладзіў гастранамічныя праграмы для вялікай колькасці беларускіх і замежных турыстаў. І, думаецца, кожнага з іх уразілі нашы самабытныя стравы, «прыпраўленыя» запалам, гумарам і музыкальным талентам мясцовых гаспадынь.

У сваёй кулінарнай стыхіі жанчыны з «Традыцыі» шчыруюць і сёння. Якія праграмы яны прапануюць турыстам і чаму лічаць дадзены кірунак турызму перспектыўным? Пра гэта «ПК» расказалі ў  Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.

Перш чым пачаць з ёй размову, гартаю кнігу з водзывамі турыстаў. Першы ў ёй пакінулі яшчэ ў 2006 годзе. А ўсяго тут сотні падзячных запісаў ад гасцей з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска, Гомеля, Віцебска, Барысава, Бабруйска, шэрага іншых гарадоў, у тым ліку літоўскіх, латышскіх, польскіх, эстонскіх, казахскіх…

За кожным такім станоўчым водзывам стаіць вялікая работа кожнай удзельніцы клуба «Традыцыя».

— Нам прапанаваў супрацоўніцтва дырэктар Цэнтра турысцкіх паслуг Ягор Шушкевіч, — расказвала Ксенія Грэська. — Ён актыўна арганізоўваў аўтобусныя туры на Пастаўшчыну і думаў, што ж можа быць іх «фішкай». Узнікла ідэя ладзіць гастранамічныя праграмы, і мы яе падтрымалі. Не памылюся, калі скажу, што ў гэтай справе ў вобласці мы — першапраходцы.

Нямала часу і сіл пайшло на тое, каб самім з нуля распрацаваць дзве праграмы: «Запрашаем да нас на Пастаўшчыну!» і «На прызбе ў пастаўскага млынара» (апошняя прысвечана гісторыі хлебапячэння). Яны ўключаюць у сябе не толькі дэгустацыю страў, але і інтэрактыўную частку з гульнямі, конкурсамі, майстар-класамі, міні-канцэртам…

— Турыстам нашы праграмы прыйшліся даспадобы. Быў час, калі яны прыязджалі да нас кожныя выхадныя, — працягвала суразмоўца. — Цяпер іх, на жаль, непараўнальна менш. Аднак мы па-ранейшаму гатовыя сустракаць гасцей і перыядычна гэта робім. Стараемся ўлічваць усе іх пажаданні і пры неабходнасці відазмяняем гэтыя праграмы. Нам важна, каб людзі павезлі з Пастаўшчыны толькі самыя лепшыя ўражанні.

А яны, дзякуючы старанням гаспадынь, сапраўды такія. У гэтым зноў дапамагла пераканацца кніга водзываў. «Вашы запал і абаяльнасць усялілі ў нас радасць жыцця», — напісалі адны турысты. «Шмат дзе вандравалі, але такога не бачылі», — захапляліся другія. «Вы дапамаглі нам адчуць сябе беларусамі і ўспомніць свае карані», — адзначылі трэція. А адзін з гасцей напісаў: «Дзякуй, што захавалі традыцыі нашых продкаў. Працягвайце развіваць гэту вельмі патрэбную справу». Да гэтага пажадання хочацца далучыцца, як да ніводнага іншага…



Кіраўнік клуба «Традыцыя» Вікторыя Курто:

У развіцці кулінарнага турызму Пастаўшчына мае агромністы патэнцыял. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прыгадаць конкурс сельскіх падвор’яў, які ладзіцца падчас правядзення фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Колькі ў кожным сельсавеце адметных страў! Колькі гаспадынь з залатымі рукамі! І чаму б гэтым не скарыстацца?

У многіх краінах свету нацыянальная кухня стала брэндам, які прываблівае вялікую колькасць турыстаў. Удзельніцы «Традыцыі» і самі гэта бачылі, калі ездзілі ў Польшчу, краіны Прыбалтыкі. І вельмі радасна, што ў нашай краіне тэма кулінарнага турызму цяпер настолькі шырока папулярызуецца.

Мы ганарымся тым, што распаўсюджаныя на Пастаўшчыне клёцкі «з душамі» ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сабраныя «Традыцыяй» і сотні іншых рэцэптаў адметных страў. Нам сапраўды ёсць чым здзівіць турыстаў. І будзем старацца, каб іх прыязджала да нас яшчэ больш.



Іна Сняжкова
Фота даслаў ЦКіНТ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.