Какие полевые работы ведут хлеборобы ОАО «Знамя Победы-агро»?

Сельское хозяйство

І зноў выбарачна вядуць палявыя работы хлебаробы раёна.

Сяўба ранніх зерневых у асобных гаспадарках раёна стартавала ў першай дэкадзе красавіка. Адразу разгарнуцца на поўную магутнасць не маглі з-за пераўвільготненасці глебы. Калі падсохла — колькасць зесеяных гектараў узрасла. Думалася: яшчэ крыху — і сяўба ранніх зерневых будзе завершана. Але ў мінулыя выхадныя на Пастаўшчыну абрынуліся моцныя дажджы і прыпынілі работы на некалькі дзён.

У сераду з першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім адправіліся ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра».

— Гэта адна з нямногіх гаспадарак, дзе падабралі поле, на якім пайшла тэхніка, — расказваў Генадзій Іосіфавіч. — На большасці сельгаспрадпрыемстваў яна вымушана прастойваць пяты дзень.

Генадзій Лютынскі з найстарэйшым механізатарам Іванам Маісеевым

Мінаем Логавінцы і бачым вялікае поле, на якім працуюць 8 трактароў: адны культыву­юць глебу, іншыя сеюць. Тут жа і галоўны аграном Марына Гваз­дзеўская.

— Сэрца радуецца ад такой колькасці тэхнікі, стараннасці механізатараў — як нашых, так і малочнага завода, — гаварыла Марына Барысаўна. — Акрамя 5 сваіх трактароў, прыехалі 4 з завода. Дырэктар прадпрыемства Канстанцін Гайлеўскі, нягледзячы на тое, што ў яго сёння юбілейны дзень нараджэння, тэлефанаваў некалькі разоў, цікавіўся ходам работ. На жаль, зламалася новая сеялка завода — «Бярэсце». Механізатар Генадзій Шушкевіч паехаў па запчастку. Але і двума пасяўнымі агрэгатамі зрабіць можна шмат. На іх рупяцца наш Сяргей Шчарбакоў і Леанід Насыр з малаказавода.

На падрыхтоўцы глебы аказваюць дапамогу Валерый Пупкевіч, Андрэй Мядзвецкі і Аляксандр Собаль. Яны культывуюць участак плошчай 58 гектараў. На 63-гектарным полі працуюць з культыватарамі юнькаўскія Руслан Чарняўскі, бацька з сынам Іван і Арцём Маісеевы.

Марына Гваздзеўская з маладымі механізатарамі Арцёмам Маісеевым, Русланам Чарняўскім i Іванам Маісеевым

Энерганасычаныя трактары пад’язджаюць да ўскрайку поля, і аграном спыняе іх для фотаздымка. Пакуль механізатары падыходзяць, Марына Гваз­дзеўская расказвае: «Іван Маісееў у гаспадарцы 42-і год. Любіць тэхніку, старанна выконвае любую работу». Генадзій Лютынскі паціскае мазолістыя рукі хлебаробаў, дзякуе за адданасць зямлі, распытвае пра справы. Прыемна бачыць побач з ветэранам працы маладых. Цікаўлюся ў Арцёма, як даўно ён звязаны з тэхнікай.

— Ад нараджэння! — жартуе. — Колькі сябе памятаю, прасіўся да бацькі ў трактар. А як стаў з-за руля бачыць дарогу і даставаць нагамі да педаляў, то і руліць спрабаваў. Закончыў пастаўскі каледж. Адслужыў у арміі і вярнуўся ў родную гаспадарку.

— Любоў да тэхнікі — гэта сямейнае, — пацвярджае баць­ка Іван Леанідавіч. — Дачка Паліна адзіная жанчына ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны, хто вучыць хлопцаў разбірацца ў машынах. Яна працуе ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы і паралельна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. А мы з сынам вырошчваем хлеб. Нялёгкая справа, але ж некаму трэба!

Стараннем вызначаецца сеяльшчык Сяргей Шчарбакоў

— Каля Фалевіч рыхтуем глебу пад сяўбу кукурузы, — працягвала Марына Гваздзеўская. — На адным полі з вызначаным аб’ёмам справіліся хутка. А на супрацьлеглым — тэхніка гразне. Адправілі трактар для буксіроўкі. Тэрміны прыспешваюць. Таму вельмі ўдзячныя кіраўніцтву малочнага завода за аказаную дапамогу.

З лютага ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» новы кіраўнік — Ігар Маслоўскі. Прыняў гаспадарку з мноствам нявырашаных праблем, адной з якіх была негатоўнасць тэхнікі да веснавых палявых работ. Давялося тэрмінова набываць запчасткі, рамантаваць пасяўныя агрэгаты. З гэтай прычыны і стартавала пасяўная позна. Калі нарэшце выехалі ў поле — задажджыла. Таму як толькі выдалася магчымасць сеяць выбарачна, прыступілі да гэтай работы. Тэмпы не тыя, якіх хацелася б. Механізатары, якія працуюць з культыватарамі, часта спыняюцца і чысцяць іх ад ліпкай гразі.

— Дождж толькі ў меру харош, — гаварылі хлебаробы. — Ён быў патрэбен. Паглядзіце, як ажыла прырода, усё наўкола зазелянела. Спадзяёмся, што пройдзе яшчэ пару дзён — і можна будзе наб­раць тэмпы сяўбы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.