Знакомство детей с белорусским словом, культурой и традициями начинается еще в детском саду

Образование

Каб мова беларуская гучала…

Беларусь – адна з краін з некалькімі дзяржаўнымі мовамі. У нас іх дзве: руская і беларуская. Нягледзячы на тое, што па нацыянальнасці большасць жыхароў рэспублікі беларусы, на роднай мове размаўляюць далёка не ўсе – так склалася гістарычна. Тым не менш яе мы павінны ведаць і разумець. А для гэтага знаёмства з беларускім словам, культурай і традыцыямі пачынаецца яшчэ ў дзіцячым садку.

У адпаведнасці з праграмай дашкольнай адукацыі, ва ўсіх дзіцячых садах краіны право­дзяцца заняткі па развіцці беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін, каб сфарміраваць у дзяцей устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да роднага слова, жаданне авалодаць ім. Пачынаюцца яны ў малодшай групе і праходзяць з перыядычнасцю адзін раз на тыдзень. На такіх занятках выхавальнікі чытаюць дзецям беларускія вершы і казкі, загадваюць загадкі, разважаюць з імі. Многія стараюцца размаўляць з малымі па-беларуску на працягу ўсяго дня, праводзяць народныя гульні і арганізуюць народныя святы. А ў дзіцячым садзе №1 «Крынічка» ў Паставах з бягучага навучальнага года наогул пачалі ладзіць беларускамоўныя тыдні.

Марына Варанец чытае дзецям беларускую народную казку

Яны праходзяць у нас штомесяц, — расказвала кіраўнік дашкольнай установы Лада Канчаніна. — Падчас іх уся работа плануецца на беларускай мове. Гэта моўныя зносіны, гульнёвая, пазнавальна-практычная і працоўная дзейнасць. Рашэнне рабіць тэматычныя тыдні, а не асобныя дні мы прынялі, каб глыбей пагру­зіць дзяцей у родную мову і культуру і замацаваць набытыя імі веды. Напрыклад, у сакавіку праходзіў тэматычны тыдзень «На роднай мове размаўляю, яе люблю і паважаю». Ён быў насычаны мерапрыемствамі. Выхавальнікі праводзілі з дзецьмі гутаркі на розныя тэмы, гульні-падарожжы, конкурсы малюнкаў і дэкламавання вершаў, тэатралізаваныя прадстаўленні, вывучалі назвы гарадоў і рэк і інш. Было арганізавана анкетаванне педагогаў і баць­коў, а таксама брэйн-рынг для педагогаў «Па старонках роднай літаратуры». Яго падрыхтавала і правяла Марына Варанец.

Марына Лявонаўна — вялікая прыхільніца роднай мовы, якой не цураюцца і іншыя педагогі, пачынаючы ад загадчыцы сада і яе намесніка па асноўнай дзейнасці і заканчваючы музычным кіраўніком і кіраўніком фізвыхавання. Для іх звычайная справа прывітацца з малымі і бацькамі дзетак па-беларуску, выкарыстаць беларускае слоўца ў размове. Што да названага вышэй педагога, яна 17 гадоў адпрацавала настаўнікам пачатковых класаў у беларускамоўных школах: спачатку ў Груздаве, затым — у Лукашове. А калі апошнюю закрылі, уладкавалася ў «Крынічку», некаторы час вяла тут гурток «Бусляня» для выхаванцаў сваёй групы.

У тандэме з бацькамі выхавальнікі далучаюць дзяцей да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, фарміруюць у іх самасвядомасць і нацыянальную годнасць, вучаць любіць Радзіму і родную мову.

Прыходзячы ў сад, дзеці, на жаль, зусім не ведаюць беларускай мовы, бо дома бацькі размаўля­юць па-руску, — гаварыла Марына Варанец. — Вучыць іх даводзіцца нам, выхавальнікам. Успрымаюць родную мову цяжка. Зараз у мяне 3-4-годкі, і на першых занятках, калі звярталася да іх па-беларуску, глядзелі вялікімі вачыма, не разумеючы, што я хачу. Але цяпер, праз 9 месяцаў, пачынаюць слухаць і рэагаваць. Ужо вывучылі беларускія словы прывітання, назвы асобных прадметаў і дзеянняў. А каб не забылі іх, пастаянна паўтараем. Напрыклад, збіраючыся на прагулку, «шукаем» гузікі, кішэнькі, шкарпэткі.

У групе Марыны Лявонаўны, як і ва ўсіх астатніх, ёсць «Беларускі куток», дзе сабраны кнігі, лялькі, вырабы з саломкі, лазы, дрэва, тканіны, пальчыкавыя гульні, сімволіка дзяржавы. Усё гэта пастаянна выкарыстоўваецца на занятках і не толькі. У бацькоўскіх кутках — парады, што чытаць дзецям, як вучыць іх размаўляць па-беларуску. У дапамогу мамам і татам працуе сайт дзетсада. Так у тандэме з бацькамі выхавальнікі далучаюць дзяцей да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, фарміруюць у іх самасвядомасць і нацыянальную годнасць, вучаць любіць Радзіму і родную мову.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.