В ОАО «Курополье-агро» завершается уборка трав с первого укоса. Но зеленая жатва будет продолжаться

Сельское хозяйство

Перазалужылі і накасілі

Паспяховая корманарыхтоўка — гэта сытная зімоўка. У ААТ «Кураполле-агра» ўборка траў з першага ўкосу, згодна з планам, набліжаецца да завяршэння. Але зялёнае жніво будзе працягвацца.

У гаспадарцы ўтрымліваецца больш за 5 200 галоў буйной рагатай жывёлы. Каб забяспечыць яе кармамі на будучую зімоўку, пра багаты травастой тут думаюць загадзя: для павышэння бялковай каштоўнасці кармоў удасканальваюць відавы склад траў на пашы і лугапашавых угоддзях, кожны год право­дзяць іх перазалужэнне. Мінулай восенню гэту работу правялі на 1 600 гектарах, сёлетняй вясной — на 1 400. Травы на перазалужаных участках урадзілі добра, асабліва густой сёлета вырасла канюшына. У гэтым упэўнілася, пабываўшы на палях, дзе ідзе корманарыхтоўка.

З 9-метровай касілкай рупіцца Юрый Усовіч

У ноч на панядзелак на Курапольшчыне прайшоў моцны дождж. З кіраўніком мясцовай гаспадаркі Васіліем Касцянём едзем палявой дарогай за Васіліны. Дырэктарскую «Ніву» круціць па гразі, а Васілій Ула­дзіміравіч трывожыцца, што тэхніцы, якая занята транспарціроўкай зялёнай масы з поля да сянажнай траншэі, напэўна, прыйдзецца пабуксаваць.

Механізатары Іван Гурзан і Анатолій Шваякоў на КВК падбіраюць пажыўную масу і ссыпаюць яе ў прычэпы трактароў. На адвозцы задзейнічаны Анатолій Чарвінскі, Павел Болт, Валерый Станюш, Уладзімір Шымковіч, Максім Адынец. Яны падстройваюцца пад рух камбайна і едуць з аднолькавай з ім хуткасцю на вызначанай адлегласці. Пастаянна сочаць, каб здробненая трава не перасыпалася праз барты.

Генадзій Кухальскі, Вячаслаў Барадай і Васілій Корнышаў працуюць з граблямі

Для пажарнай бяспекі ў полі на трактары з напоўненай вадой бочкай дзяжурыць Анатолій Чарэнка. Здараецца, што зялёнай масай забіваецца жняярка камбайна для падбору травы, і тады прыходзіцца яе прамываць.

— Завяршым закладку сенажу каля фермы ў Васілінах і пераедзем у Рымкі, — расказваў Васілій Касцень. — Траншэю будзем закладваць у Бельках. З касілкай рупіцца Юрый Усовіч. Каб забяспечыць фронт работ іншай корманарыхтоўчай тэхніцы, Юра ў полі ўвесь светлавы дзень. Працавітасці яму не пазычаць, трактар новы, як і 9-метровая касілка. Яе набылі па лізінгу. Першапачатковы ўзнос зрабіў Пастаўскі малочны завод, а мы будзем выплачваць рэшту. На касьбе траў працуюць таксама Мікалай Адынец і Уладзіслаў Дзідовіч. Да выхадных дапамагалі механізатары з малочнага завода: у полі быў іх «Ягуар» і некалькі адзінак тэхнікі на адвозцы.

Задаволены ўраджаем зялёнай масы Іван Гурзан і Анатолій Шваякоў

Ля Рымак канюшына густая. Моцны дождж месцамі пакруціў яе, таму і косіцца марудней. Скошаныя травы зграбаюць у валкі Генадзій Кухальскі, Вячаслаў Барадай і Васілій Корнышаў.

На трамбоўцы зялёнай масы заняты Станіслаў Лапушынскі, Аляксандр Бондар і Валерый Баравік. Ноччу трамбуе Дзяніс Курто. Нарыхтоўкай самага карыснага корму — сенажу ў стрэйч-плёнку — ужо шмат гадоў нязменна займаецца Аляксандр Яначкін.

Механізатары, занятыя на кор­манарыхтоўцы, забяспечва­юцца гарачымі абедамі. Іх у мясцовай сталовай гатуюць Жанна Мацкевіч і Таццяна Пудэнка. У поле дастаўляе вадзіцель Васілій Бароўка.

Добры настрой у механізатараў Анатолія Чарвінскага, Паўла Балта, Анатолія Чарэнкі і Валерыя Станюша

Па стане на 21 чэрвеня ў ААТ «Кураполле-агра» травы першым укосам убраны на 90% планавай плошчы. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 5,51 цэнтнера кармавой адзінкі, што на 0,93 ц. к. адз. больш мінулагодняга. Каб жывёла атрымала кармы высокай якасці, трэба скасіць травы ў фазе вегетацыі, якая дае найбольшую пажыў­насць па бялку і караціне, строга прытрымлівацца тэхналогіі нарыхтоўкі і належным чынам захаваць кармы. Курапольцы імкнуцца дакладна спрацаваць па ўсіх трох пазіцыях.

Тэкст и фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.