30 мая в 12 школах района и Поставской гимназии прозвенел последний звонок

Образование

Дзень, які ніколі не забудзецца

У панядзелак у 12 школах раёна і Пастаўскай гімназіі празвінеў апошні званок. Для 3 566 хлопчыкаў і дзяўчынак завяршыўся навучальны год. 167 11-класнікаў і частка 9-класнікаў, якіх сёлета 358, назаўсёды развіталіся са школай. Раніцай ва ўсіх установах адукацыі прайшлі ўрачыстыя лінейкі, а вечарам выпускнікі 11-х класаў сабраліся ў раённым Доме культуры на свята «Апошні званок».

Развітанне са школай – і слёзы, і радасць

Школьныя лінейкі, як заўсёды, аб’ядналі не толькі навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў. У кожную агульна­адукацыйную ўстанову завіталі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Асабліва шмат гасцей было ў Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школе. Прыехаў сюды і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

Школа ў Лынтупах адносна невялікая — сёлета ў ёй займаліся 139 дзяцей. 19 з іх закончылі дзявяты клас, 13 — адзінаццаты. Менавіта яны, выпускнікі, і сталі галоўнымі героямі ўрачыстасці. Прывітаўшы 9-класнікаў і пажадаўшы ім паспяховай здачы экзаменаў, вядучая пад апладысменты прысутных запрасіла на школьны двор 11-класнікаў, якія ў апошні раз ступілі на яго ў якасці вучняў і прывялі за руку сваіх пераемнікаў — першаклашак. З віншаваннямі і наказам на дарогу да прыгожых, усхваляваных юнакоў і дзяўчат звярнулася дырэктар установы адукацыі Наталля Кузьмінова.

— Гэты дзень ваш па праву, бо сёння вы ўступаеце ў дарослае, самастойнае жыццё, — гаварыла яна. — Але апошні званок — не нагода сумаваць па дзяцінстве, якое застаецца за парогам. Наперадзе — выбар прафесіі, жыццёвага шляху. Цяпер усе рашэнні вы будзеце прымаць самастойна, без падказак мам і татаў, класнага кіраўніка. І толькі ад вас залежыць, як складзецца ваш лёс. Жадаю, каб ён быў шчаслівым, каб ажыццявіліся ўсе вашы планы і мары!

— Дарослае жыццё няпростае, — зазначыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, якому першаму сярод ганаровых гасцей далі слова. — Але я абсалютна ўпэўнены ў тым, што выкладчыкі і бацькі выхавалі вас годнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Спадзяюся, скончыўшы вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, вы вернецеся на Пастаўшчыну і будзеце прыносіць ёй карысць сваёй самаадданай працай.

Пажадаўшы выпускнікам паспяховай здачы экзаменаў, здароўя, аптымізму, невычэрпнай энергіі і мірнага неба над галавой, Сяргей Васільевіч уручыў намесніку дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Валянціне Руткоўскай Падзячнае пісьмо за патрыятычнае выхаванне моладзі.

Нязменным госцем усіх школьных лінеек з’яўляецца старшыня Лынтупскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Макаранка. Не мог не прыйсці ён і на гэты раз, тым больш што меў важную нагоду — узнагародзіць Ганаровымі граматамі навучэнцаў, якія прымалі актыўны ўдзел у жыцці Савета. А ўвогуле, як было адзначана на свяце, школа супрацоўнічае з усімі ўстановамі і арганізацыямі ў гарпасёлку і паблізу яго. Асабліва цесныя сувязі склаліся з пагранзаставай «Лынтупы» і мясцовым касцёлам. Ад заставы павіншаваць выпускнікоў прыбыў намеснік начальніка Арцём Стрэж, ад касцёла — ксёндз Аляксандр. Звяртаючыся да 11-класнікаў, пробашч паабяцаў заўсёды ўспамінаць іх у сваіх малітвах і наказаў захаваць усё добрае, што пасеяў у душах разам з настаўнікамі і бацькамі, каб яны былі напоўнены радасцю і любоўю.

У доўгай чарадзе віншаванняў і пажаданняў найбольш кранальна гучалі словы, адрасаваныя выпускнікам іх класным кіраўніком Алесяй Васюкевіч, а таксама бацькамі. Слухаючы іх, некаторыя дзяўчаты не маглі стрымаць слёз. Хвалявалася і настаўніца. Яна прызналася, што, збіраючыся на лінейку, праслязілася ад усведамлення хуткага расставання са сваімі вучнямі, якія назаўсёды застануцца ў сэрцы. Падзякавала бацькам за тое, што ўсе школьныя гады былі побач з дзецьмі, дапамагалі ім у вучобе. А тыя ў сваю чаргу выказалі шчырую ўдзячнасць педагогам за сардэчнасць, мудрасць і цярпенне ў адносінах да дзяцей. Разам з іншымі выступоўцамі, сярод якіх былі намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Іван Іваноў і настаўніца-пенсіянерка Галіна Шубіна, бацькі зычылі выпускнікам атрымаць асалоду ад апошніх школьных імгненняў, удачы на экзаменах, шчасця ў жыцці і, канешне ж, не памыліцца з выбарам прафесіі.

Намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Рамбальская ўручыла дыпломы аддзела па адукацыі райвыканкама навучэнцам, якія перамаглі ў раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і прадстаўлялі раён у вобласці, дабіліся поспехаў у іншых спаборніцтвах. Іх атрымалі 11-класнікі Яна Грыгас, Аляксандр Шпынёў і Лізавета Лешчык, 9-класніца Юлія Васільева. Педагогаў узнагародзілі граматамі. Першакласнікі падарылі выпускнікам невялікія сувеніры.

Ну а кульмінацыяй лінейкі стаў вальс выпускнікоў, пасля якога празвінеў апошні званок. Яго далі Даніэль Станкевіч і Таня Баран. Затым па традыцыі 11-класнікі разам з класным кіраўніком накіраваліся да брацкай магілы воінаў — вызваліцеляў Лынтуп, каб ускласці да яе кветкі.

Свята пад мелодыю дажджу

З-за халоднага і дажджлівага надвор’я раённы «Апошні званок» сёлета вырашана было перанесці з цэнтральнай плошчы Пастаў у Дом культуры па вуліцы Станкевіча. Сюды вечарам у панядзелак прыбылі выпускнікі 11-х класаў гімназіі, усіх гарадскіх і сельскіх школ, іх бацькі, іншыя родныя і педагогі. Прысутных вітаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Падняўшыся на сцэну, ён адзначыў, што дзень апошняга званка несумненна застанецца ў памяці кожнага, хто знаходзіцца ў зале. Асабліва ён запомніцца выпускнікам, для якіх пачынаецца новы жыццёвы этап, калі трэба рабіць усвядомлены выбар і ў многім спадзявацца на ўласныя сілы.

— Наперадзе ў вас выпускныя экзамены, — гаварыў кіраўнік раёна, звяртаючыся да мола­дзі. — Жадаю паспяхова прайсці гэта выпрабаванне, пацвер­дзіць атрыманыя веды і ўпэўнена ўступіць у дарослае жыццё. Заўсёды з павагай адносьцеся да мінулага, захоўвайце і ўмацоўвайце традыцыі роднага краю. Няхай кожная старонка вашай біяграфіі будзе напоўнена добрасумленнай працай на карысць нашай краіны і роднай Пастаўшчыны. Шчасця вам і поспехаў, здзяйснення мар, мірнай і светлай будучыні!

Самыя шчырыя словы ўдзяч­насці, пажаданні моцнага здароўя і далейшых творчых поспехаў Сяргей Васільевіч адрасаваў педагогам за высокі прафесіяналізм і адданасць сваёй справе, заўважыўшы, што ім ёсць чым ганарыцца. Дзякуючы шматгадоваму вопыту і карпатлівай працы настаўнікаў, пастаўскія школьнікі вынікова высту­паюць на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах. Так, у гэтым навучальным годзе заваявалі 9 дыпломаў на абласным і 2 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 2 дыпломы на абласным конкурсе работ даследчага характару, 11 — на абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах. Па выніках удзелу ў алімпіядным руху Пастаўскі раён прызнаны найлепшым сярод сельскіх раёнаў вобласці.

Не абмінуў увагай старшыня райвыканкама і бацькоў, якія разам з дзецьмі прайшлі ўсе школьныя выпрабаванні, шчыра радаваліся іх поспехам і перажывалі за няўдачы. Падзякаваў ім за актыўны ўдзел у жыцці школы, дапамогу і ўзаемаразуменне. Пасля чаго адбылася цырымонія ўзнагароджвання школьнікаў, якія дабіліся асаблівых поспехаў у вучобе, іх педагогаў і бацькоў.

Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч уручыў абсалютнай пераможцы заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, 10-класніцы гімназіі Лізавеце Афанасьевай і яе настаўніку Ігару Пракаповічу, грамату раённага Савета дэпутатаў — выпускніку Варапаеўскай СШ Мікалаю Мідзянку, які перамог на заключным этапе Віцебскай абласной алімпіяды «Аграполія». Падзяк старшыні райвыканкама ўдастоены ўладальніца 3-га месца на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі, навучэнка 10 класа СШ №3 Аляксандра Жыдкая, пераможцы абласнога этапа гэтага спаборніцтва па гісторыі, геаграфіі, беларускай мове і літаратуры і абласнога конкурсу работ даследчага характару «Эўрыка»: 8-класніца СШ №1 Вікторыя Зелянкевіч, 9-класнікі Вараеўскай СШ Арцём Чарыеў і Дунілавіцкай ЯССШ Дар’я Казловіч, 10-класніца гімназіі Ганна Русак, яе равеснікі з варапаеўскай школы Мацвей Бяззубенка, Данііл Мажэйка і Ілья Хахлун, 11-класніцы СШ №4 Вікторыя Курцэвіч і Камайскай СШ Анастасія Собаль. Аналагічныя падзякі атрымалі настаўнікі, якія рыхтавалі названых вучняў: Аляксандр Вавінскі, Лілія Брэская, Галіна Іжмайловіч, Нэлі Латушкіна, Ніна Субач, Аляксандр Гарны, Таццяна Данілевіч і Вераніка Ахрановіч. Бацькам дзяцей уручаны Падзячныя пісьмы.

З заканчэннем школы выпускнікоў павіншавала таксама першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч, якая са свайго боку адзначыла граматамі раённага камітэта рэспубліканскага саюза моладзі каля трох дзясяткаў 11-класнікаў. Праўда, уручалі іх у школах, як і рэкамендацыі райкама асобным навучэнцам для паступлення ў ВНУ Беларусі.

На гэтым урачыстая частка мерапрыемства завяршылася, і на сцэну выйшлі навучэнцы школ раёна — салісты і ўдзельнікі вакальных калектываў. Большасць артыстаў былі выпускнікамі. У песнях яны развітваліся з бесклапотным дзяцінствам, дзякавалі блізкім і педагогам за ўсё, што тыя ім далі. Святочную праграму прадоўжыў танцавальны флэшмоб. І хоць умовы правя­дзення свята не дазволілі сёлета выпускнікам станцаваць усім разам традыцыйны школьны вальс і адпусціць у неба паветраныя шары са сваімі марамі і на­дзеямі, залівісты апошні званок для іх усё ж такі прагучаў.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.