Городские сельчане — поставчане Леонид и Жанна Мышко

Важное Общество

Аранжавы пікап на дарогах нашага горада і раёна сустракалі многія. Дадае антуражу загружаны ў яго матаблок. У кабіне двое — муж і жонка. Звычайна на іх тварах бачу прыемныя ўсмешкі. Ад гэтай «карціны» ідзе нейкае неверагоднае цяпло. І не таму, што пікап сонечнага колеру — цеплыню выпраменьваюць самі гаспадары машыны — Леанід і Жанна Мышко з Пастаў. Сёння размова пойдзе пра іх.

З Жаннай мы знаёмыя даўно. Нейкі час разам працавалі ў дзіцячым садку. Потым нашы шляхі разышліся. Чула, што яна пакінула работу метадыста і занялася сельскай гаспадаркай. Я не магла зразумець, як такая вытанчаная, інтэлігентная жанчына карэнным чынам памяняла сферу дзейнасці! Прытым на такую: усім вядома, што гэты занятак не з лёгкіх.

— Часта сельская гаспадарка ў людзей асацыіруецца з чымсьці брудным і складаным. Я не згодная з такім меркаваннем, — усміхаючыся, кажа Жанна. — Мы з мужам паспяхова сумяшчаем і гаспадарку, і свецкае жыццё. — І з той жа лёгкасцю дадае: — І танцаваць магу, і спяваю, красамоўствам заваюю чат, а потым модны «прыкід» здымаю — іду карміць індычанят. Гэта ўласныя радкі, якія адлюстроўва­юць маю сутнасць.

Цікава Жанна расказвала і пра сваіх гадаванцаў, паказвала мне іх і дапамагала зрабіць удалы кадр. Каго тут толькі няма: і кураняты, і качаняты, і перапёлкі, і індыкі з індакачкамі! У загара­дзі беленькія козачкі ўплятаюць «свежапрыгатаваныя» для іх гаспадарамі галінкі. Побач ахвотна «пазіруе» дружная парачка гусей… Са шчырай удзячнасцю гаспадыня адклікалася пра спецыялістаў Пастаўскай райветстанцыі. Нярэдка туды прыходзіцца звяртацца па дапамогу, і яны — першыя і незаменныя памочнікі.

— Дзяўчаты! Хадзем піць гарбату! — гасцінна запрашае ў хату муж Жанны, Леанід. За кубачкам духмянага напою гаспадары ахвотна дзяліліся са мной сваімі дасягненнямі ў сельскай гаспадарцы. Распавялі, што з моманту стварэння іх сям’і, якой ужо 30 гадоў, жыўнасць трымалі заўсёды, але яна не была такой разнастайнай.

— Ноу-хау для нас — гэта козы, — працягваў Леанід. — Мы чулі пра карысць казінага малака, але самі ніколі нават не спрабавалі яго. Думалі, як і асноўная маса людзей, што яно нясмачнае і з непрыемным пахам. Магчыма, так, але толькі не ў нашых зааненскіх коз. Мы іх прывезлі з гадавальніка. Такія нават у гаспадарцы Прэзідэнта ёсць!

Сваіх козачак Жанна доіць сама. Дзякуючы інтэрнэту асвоіла працэс вырабу малочнай прадукцыі. Захоплена расказвала, што падпісана на многія каналы казаводаў у YouTube. Адтуль чэрпае і разнастайныя рэцэпты прыгатавання сыру. А яшчэ вельмі любіць дадаваць у іх нешта сваё, напрыклад праванскія травы — і непаўторны ўласны рэцэпт гатовы! Малако, тварог, сыры «Фета», «Качота», «Адыгейскі»… — сям’я Мышко больш не купляе іх у магазінах. Адмысловы ласунак, які гатуюць, — сыр-коска «Чачыл», яго гаспадары вэндзяць прама ў двары.

Муж і жонка ўвесь час у руху і самаразвіцці. Жанна — удзельніца праекта «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам аграбізнесу» (пра яго газета пісала раней). Леанід 4 гады назад скончыў Школу сельскага бізнесу — прымаў удзел у праекце па падтрымцы актыўных людзей, якія займаюцца сельскай гаспадаркай. Стаў пераможцам конкурсу на найлепшы бізнес-план і выйграў галоўны прыз — тэндар на 5 тысяч долараў. На жаль, прымяніць яго не атрымалася: захварэла маці, і ўвесь свой вольны час Леанід прысвячаў ёй.

Сельскай работай у горадзе Мышко не абмежаваліся: набылі яшчэ і невялікую дачу ў вёсцы Макаршчына, дзе сёлета заклалі сад. Ужо некалькі гадоў вырошчваюць там агародніну, нарыхтоўваюць кармы для жыўнасці, а таксама заняліся пчалярствам. Працаваць даводзіцца шмат. З гэтай мэтай набылі матаблок і драбнілку для збожжа. Штодня прывозяць сваім козам свежаскошаную сакавітую траву. Леанід і Жанна ўдзячныя людзям, якія выдзелілі ім участкі для пакосу. А каб назапасіць сена на зіму, арандуюць сенажаць плошчай 25 сотак.

Разумеючы, што ўсё патрабуе вялікіх матэрыяльных укладанняў, цікаўлюся і гэтым пытаннем.

— Паралельна працуем у мінскай фірме: я — дыстанцыйна, а муж — вахтавым метадам, — адказала Жанна.

Цікаўлюся планамі гаспадароў. І чую ў адказ: «Марым пераехаць у вёску і заняцца добраўпарадкаваннем дачы. Магчыма, атрымаецца зра­біць там сельскі дворык для наведвальнікаў, каб госці маглі кантактаваць з дамашнімі жывёламі, а мы — частаваць іх натуральнай прадукцыяй уласнага прыгатавання… Мы бачым сябе там».

Усё залежыць ад чалавека, ад стану яго душы. І як важна ісці насустрач сваім жаданням! Тады ўсё атрымліваецца. Застаецца толькі пажадаць Жанне і Леаніду здзяйснення мар!

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.