С каким настроением встречают фестиваль «Звіняць цымбалы і гармонік» те, кто задействован в его подготовке?

Общество

Чакаем! Рыхтуемся! Захапляемся!

Фестываль вось-вось пачнецца. З якімі пачуццямі і настроем сустракаюць яго тыя, хто задзейнічаны ў падрыхтоўцы музычнага свята?

Людміла Януковіч, удзельніца заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Паазер’е»:

— Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» зараджаўся, калі я была зусім маленькай. Цяпер я — педагог Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, а фестываль — брэндавы праект Пастаўшчыны. Памятаю, як з бацькамі хадзіла на розныя музычныя мерапрыемствы падчас яго правядзення. Асабліва любіла слухаць скрыпку — царыцу музыкі. З 2-га класа пайшла вучыцца ў музычную школу. Настаўніца па класе скрыпкі Вера Іосіфаўна Мілта развіла мой талент. Я закончыла Маладзечанскі музычны каледж, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

З задавальненнем вярнулася ў Паставы, улілася ў калектыў роднай школы мастацтваў. Неўзабаве мастацкі кіраўнік «Па­азер’я» Анатолій Собаль запрасіў у ансамбль. Выступаць разам з музычнымі віртуозамі-карыфеямі для мяне — вялікі гонар. Да пачатку пандэміі «паазерцы» пабывалі ў Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Малдове, Украіне, Югаславіі, Славакіі. На фестывалі заўсёды рады сустрэчы са шматлікімі калектывамі з розных куточкаў Беларусі і замежжа. А наш ансамбль — нязменны ўдзельнік міжнароднага свята.

Фундамент «Паазер’я» — Груздаўскі цымбальны аркестр, а «фішка» інструментальнага складу — дыятанічныя цымбалы. Радуе, што традыцыі груздаўскіх музыкаў, іх талент перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Ганарымся праўнукам Івана Мацкевіча — кіраўніка сямейнага ансамбля Мацкевічаў — Гардзеем Кірплюком. Як і яго бабуля Ванда і мама Вікторыя, ён грае на цымбалах, з’яўляецца дыпламантам шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў, стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Калі ёсць прадаўжальнікі справы, то і фестываль будзе жыць!

Славамір Шапель, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай»:

— Падчас кожнага фестывалю ў Навасёлкі прыязджае які-небудзь замежны калектыў. У мясцовым Цэнтры культуры работнікі сельгаспрадпрыемства мелі магчымасць наталіцца творчасцю палякаў, літоўцаў, латышоў, расіян, украінцаў. У 2018-м парадаваў танцавальны калектыў з Індыі. На наступны год вельмі ўразіў ансамбль грузінскага танца «Сонечная Грузія». Сёлета чакаем артыстаў з Латвіі. Прымаць гасцей — адказна. Нашы вяскоўцы заўсёды шчодрыя на гучныя апладысменты, шчырыя ўсмешкі.

Крысціна Красоўская, начальнік аддзела грамадскага харчавання Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства:

— Для нас, работнікаў грамадскага харчавання, фестывальныя дні заўсёды вельмі напружаныя. У рэстаране «Світанак», кафэ «Паазер’е», «Лагуна», «Церамок» чакаем удзельнікаў і гасцей свята. Повары-майстры Ірына Сцяпанава, Наталля Ахідава, повары Ірына Гарбуль, Наталля Гутар, Вікторыя Вікцюк будуць гатаваць сняданкі, абеды, вячэры. Ім, як і афіцыянтам, дапамогуць навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія ў гэты час праходзяць у нас вытворчую практыку. У меню — агародніна, мяса, рыба і традыцыйныя стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Наведвальнікі мерапрыемстваў на плошчы Леніна змогуць падсілкавацца ў летнім кафэ каля рэстарана. Тут у шырокім асартыменце будзе шашлык, дранікі, фастфуды, піва, квас і многае іншае. Кулінарнымі шэдэўрамі здзівяць нашы майстры-кандытары Святлана Карандашова і Ірына Пузан. Выязны гандаль будзе працаваць у гарадскім парку.

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.