Усадьба художника Альфреда Ромера в Поставском районе продана на аукционе

Общество

У сядзібы Ромера – новы гаспадар

23 чэрвеня прададзена з аўкцыёну былая сядзіба мастака Альфрэда Ромера ў вёсцы Каралінова Пастаўскага раёна. Яе новым гаспадаром стаў жыхар Мінска. Ён расказаў «Пастаўскаму краю» пра тое, што плануе зрабіць у будынку, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Сядзібны дом знаходзіцца пад аховай дзяржавы, бо звязаны з імем таленавітага жывапісца, скульптара, гравёра, мастацтвазнаўца, этнографа Альфрэда Ромера. Ён быў адметнай асобай не толькі Пастаўшчыны, але і агульнаеўрапейскай прасторы — вучыўся і выстаўляў свае работы ў Францыі, Італіі, Швейцарыі, Чэхіі, Германіі, Польшчы. Значны час працаваў у Кракаве, дзе і цяпер захоўваюцца яго творы. На Пастаўшчыне пакінуў след пасля сябе роспісам камайскага касцёла і сваім шэдэўрам — знакамітай карцінай «Хрыстос і сірата», якая знаходзіцца ў камайскім касцёле.

Альфрэд Ромер быў жанаты з уладальніцай маёнтка Каралінова Вандай Сулістроўскай, тут ён жыў з 1874 па 1884 год, і гэты перыяд лічыцца самым плённым у яго творчасці. Менавіта тут, у сядзібе, ён памёр у 1897 годзе.

Лёс будынка склаўся сумна. У 1939-м уласнасць Ромераў у Каралінове была нацыяналізавана, у будынку размясцілася бальніца. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў ім жылі сяляне са спаленай немцамі суседняй вёскі. Потым у сядзібе была школа. З пачатку 2000-х гадоў аб’ект не эксплуатаваўся і разбураўся на вачах.

У 2015-м сядзібны дом атрымалася прадаць. Аднак новы ўласнік не выканаў сваіх плацёжных абавязацельстваў. З 2020 года камітэт «Віцебск­аблмаёмасці» чатыры разы выстаўляў аб’ект на аўкцыён з паступовым паніжэннем кошту. У выніку ён знізіўся на 80%.

Новы ўласнік купіў будынак плошчай 560 квадратных метраў за 9 700 рублёў. Ён плануе аднавіць сядзібу і выкарыстоўваць яе ў галіне аграэкатурызму. Як менавіта, пацікавілася ў самога гаспадара, а заадно запыталася, чаму жыхар сталіцы вырашыў развіваць сваю справу менавіта ў нашым рэгіёне.

— Тры гады назад наша сям’я набыла дом на Пастаўшчыне, таму мы добра ведаем славутасці, якія знаходзяцца навокал, — адзначыў новы ўладальнік сядзібы. — Хоць па асноўнай адукацыі я хімік, але цікаўлюся гісторыяй, мастацтвам. Сям’ёй мы шмат вандруем па Беларусі і часам бачым найцікавейшыя аб’екты, якія захаваць не ўдалося. Сядзібу Ромера ўрата­ваць яшчэ можна. І трэба. Гэта зразумеў, калі ўбачыў, што яе кошт на аўкцыёне максімальна зніжаны. Хочацца захаваць памяць пра мастака, пра дом, які некалі быў мастацка-культурным цэнтрам усяго рэгіёна.

У планах — зноў зрабіць сядзібу месцам прыцягнення мастакоў і творцаў і выкарыстоўваць яе і вялікі прылеглы парк як арт-тэрыторыю для правядзення выстаў і пленераў. Частка будынка будзе аддадзена пад аграэкасядзібу, дзе змогуць адпачыць стомленыя горадам і мітуснёй турысты. У тым, што яны захочуць сюды прыехаць, гаспадар не сумняваецца: Каралінова знаходзіцца побач з Камаямі, Нараччу, а таму можа быць уключана ў разнастайныя турыстычныя маршруты.

Дарэчы, сядзібны дом у Каралінове — не адзіны аб’ект, прада­дзены на Пастаўшчыне ў чэрвені. Як расказалі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, знайшоўся пакупнік будынка былой базы ПМС па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры — там плануецца наладзіць вытворчасць бетону. Пад знос прададзены і будынак пачатковай школы ў Ярэве.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.