Кажуць, што ўзрост вымяраецца не гадамі ў пашпарце, а агеньчыкам у вачах і жаданнем рухацца наперад. У справядлівасці гэтых слоў у чарговы раз упэўнілася, пабываўшы на турыстычным злёце людзей элегантнага ўзросту, што прайшоў на СТК «Азяркі».
Творчасць, спрыт і крэатыў
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры падтрымцы мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, спонсараў. А каманд-удзельніц было 7 — ад пастаўскага і варапаеўскага аддзяленняў падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ТЦСАН, лынтупскага, навасёлкаўскага і камайскага стацыянарных сацыяльных пунктаў, а таксама Смаленскага і Манастыршчынскага КЦСАН (Расія).
— Галоўная мэта злёту — не проста вызначыць наймацнейшых і самых спрытных, а падарыць людзям залатога ўзросту магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял, сустрэцца з даўнімі сябрамі, завесці новыя знаёмствы і лішні раз даказаць, што выхад на заслужаны адпачынак — гэта пачатак новага, насычанага рознымі падзеямі этапу жыцця, — гаварыла дырэктар ТЦСАН Вольга Антух.
Праграма турзлёту была разнастайнай і патрабавала ад удзельнікаў не толькі фізічнай вынослівасці, але і кемлівасці, згуртаванасці, творчага падыходу. Каманды сур’ёзна падрыхтаваліся да выпрабаванняў: прыдумалі гучныя назвы, трапныя дэвізы і адметныя элементы формы.
Урачыстае адкрыццё злёту пачалося з прывітальных слоў гасцей і арганізатараў, якія пажадалі ўдзельнікам бадзёрасці духу, справядлівай барацьбы і, самае галоўнае, незабыўных эмоцый. Адразу пасля афіцыйнай часткі быў дадзены старт першаму конкурсу — «Візітоўцы». Каманды ярка прэзентавалі сябе праз песні, вершы і гумарыстычныя сцэнкі. Групы падтрымкі не шкадавалі апладысментаў, а журы прыйшлося няпроста, бо кожнае выступленне было адметным і каларытным, вылучалася шчырасцю і тонкай жыццёвай мудрасцю.
Наступным і, бадай, самым адказным этапам стала паласа перашкод. Тут удзельнікам давялося дэманстраваць сапраўдныя навыкі турызму. Прадстаўнікі залатога ўзросту з дзіўнай лёгкасцю і заўзятасцю пераадольвалі розныя выпрабаванні. Гледзячы на тое, з якім імпэтам удзельнікі змагаюцца за кожнае ачко, цяжка было паверыць, што многім з іх ужо за 70 гадоў.
Не менш захапляльным быў конкурс мастацкай самадзейнасці, падчас якога гучалі знаёмыя кожнаму з дзяцінства матывы, а таксама аўтарскія творы, прысвечаныя роднаму краю.
Галоўная ўзнагарода – незабыўныя эмоцыі
Вызначыць пераможцаў журы было складана, бо адны заваявалі сэрцы суддзяў спартыўным імпэтам, іншыя — творчым падыходам да падрыхтоўкі нумароў мастацкай самадзейнасці, а нехта — невычэрпным аптымізмам. Усе каманды адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад Пастаўскага ТЦСАН і сацыяльных партнёраў — ААТ «Навасёлкі-Лучай» і малочнага завода. Аднак, як аднагалосна прызналіся самі ўдзельнікі, галоўнай узнагародай для кожнага сталі незабыўныя эмоцыі, зарад бадзёрасці, прыліў новых сіл і, безумоўна, цёплыя сяброўскія сустрэчы.
Высокі ўзровень арганізацыі турзлёту, традыцыйную беларускую гасціннасць і выдатную інфраструктуру СТК «Азяркі» ацанілі і прадстаўнікі Смаленскага і Манастыршчынскага КЦСАН.
— Калі нам прапанавалі сабраць заплечнікі і накіравацца ў Беларусь на турыстычны злёт людзей элегантнага ўзросту, ніколькі не вагаліся, — расказвалі госці з Расіі. — З першых хвілін знаходжання на Пастаўшчыне нас ахінулі такім клопатам і цеплынёй, што мы адразу забыліся на стому ад дарогі. Тое, што пабачылі і адчулі тут, перасягнула ўсе нашы чаканні. Гэта быў не проста адпачынак, а сапраўдны выбух эмоцый, маладосці і энергетыкі. Нізкі паклон арганізатарам за гэта свята жыцця і спорту! Мы ўжо марым пра новую сустрэчу.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Іна Вырвіч











