ОАО «Хотилы-агро» — лидер по заготовке центнеров кормовых единиц на условную голову скота

Сельское хозяйство

Ёсць кармы і малако

ААТ «Хацілы-агра» — лідар па нарыхтоўцы цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Поле абапал дарогі ад Куртаў да Турлаў нібы ўсыпана белымі рулонамі сенажу. Сустракаем і трактар з доўгім прычэпам, загружаным імі. Насупраць в. Валодзькі трактар з новым прэс-падборшчыкам «Ф’южн» падбірае валкі правяленай масы і абгортвае яе ў бялюткую плёнку. Гэты агрэгат за маладым механізатарам Ільёй Валком замацавалі сёлета. Калі ўбіралі травы першага ўкосу, ён абкатваў новае абсталяванне. Цяпер справа пайшла.

— Падчас касавіцы 11 гадоў на трактары з прэс-падборшчыкам працуе бацька, — расказваў Ілья. — Вядома ж, прыглядаўся да яго работы. А тут даверылі працаваць самастойна. Рады, што ўсё атрымалася.

У полі — Алег Лышко і Мікалай Чашун

На полі каля Русакоў Алег Лышко пагрузчыкам загружаў рулоны ў прычэп Мікалая Чашуна. Уладзімір Банькоўскі і Андрэй Волк загортвалі сухую траву ў стрэйч-плёнку.

— Я першым стаў працаваць з прэс-падборшчыкам, — успамінаў Андрэй Волк. — Цяпер у нашай гаспадарцы такіх агрэгатаў чатыры. Корм у стрэйч-плёнцы — якасны і карысны. Калі спрыяе надвор’е і без збояў працуе тэхніка, за дзень накручваем у сярэднім 150 рулонаў. Працаваць у такім рытме за столькі гадоў прывыклі. Травы сёлета нядрэнныя.

Уладзімір Банькоўскі на прэс-­падборшчыку працуе пяты сезон. Ва ўсіх работа спорыцца. Травы першага ўкосу з плошчы амаль 2 000 гектараў у ААТ «Хацілы-­агра» паклалі ў асноўным у сянажныя траншэі, з другога (900 га) — больш загортваюць у стрэйч-плёнку. Надвор’е сонечнае, трава хутка сохне — і атрымліваецца духмянае і пажыўнае сена. Яно будзе на карысць цялятам.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы пастаянна нарошчваюць. Цяпер яно складае больш за 6 360 галоў, з якіх 1 830 — дойны статак. У мінулым годзе ад кожнай каровы надаілі ў сярэднім амаль 8 098 кілаграмаў малака, таварнасць якога давялі да 94,9%. Сортам «экстра» на малаказавод адпраўлена 99,9%. Высокі рубеж плануюць утрымаць і ў бягучым годзе. Паказчыкі малака напрамую залежаць ад трывалай кармавой базы. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы хацілаўцы ўжо нарыхтавалі 17,37 цэнтнера кармавых адзінак, што больш за ўсіх у раёне.

Ілья Волк ля новага прэс-падборшчыка

Фронт работ іншым на корманарыхтоўцы на трактарах з 3-метровымі касілкамі рыхту­юць механізатары Мікалай і Арцём Чашуны, Валерый Ярашэвіч, Сяргей Калінскі, Уладзімір Іваноў, з 9-метровымі — Дзмітрый Браздаўскас і Уладзіслаў Якян. На трактарах з граблямі працуюць Раман Лышко, Аляксандр Нікіпелаў і Зянон Жэйма. Здрабняюць і падбіраюць зялёную масу: на «Ягуары» — Андрэй Курто, на КВК — Павел Валодзька, Аляксей Власаў і Уладзімір Дзясятнік. Шмат адзінак тэхнікі задзейнічана на адвозцы сянажнай масы з поля да траншэй.

— Корманарыхтоўку завяршаем — і чакаем жніва, — гаварылі механізатары. — За кожным з нас замацаваны камбайн. Як толькі збажына саспее, пачнём абмалот. А ў перапынку паміж першым і другім укосамі паспелі ўзараць і задыскаваць 160 гектараў глебы пад азімы рапс. Гэта больш за палову адведзенай плошчы. Радуе каралева палёў кукуруза. З яе будзе шмат сіласу.

Кампактны пагрузчык імкліва загружае «шпулькі» ў прычэп — і Мікалай Чашун пакідае поле. Тут жа пад’язджае малады механізатар Сяргей Калінскі. Затрымак няма.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.