Поставские мастера и творческие коллективы вернулись со «Славянского базара» с дипломами

Культура

З «базару» — з дыпломамі

Адзвінелі фанфары «Славянскага базару», а яркія эмоцыі не пакідаюць яго ўдзельнікаў і сёння. Народныя майстры Пастаўшчыны на ІІ Міжнародным конкурсе майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты» спаборнічалі з больш чым 60 прадстаўнікамі Беларусі і Расіі і ўдастоены ўзнагарод.

Загадчыца філіяла №1 Дома рамёстваў «Стары млын» народны майстар Таццяна Петух з абласнога конкурсу народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства-2022» прывезла дыплом I ступені за работу «Вясельны вянок», а метадыст Крысціна Брэ­ская ўдастоена дыплома II ступені ў намінацыі «Найлепшая калекцыя этнаграфічных артэфактаў традыцыйнага народнага адзення рэгіёнаў». Ёй жа ўручаны дыплом III ступені ў намінацыі «Аднаўленне рэдкай лакальнай тэхналогіі». Кіраўнік народнага клуба «Майстры» Алена Крывенькая ўзнагароджана дыпломам II ступені ў намінацыі «Ткацтва дываноў, посцілак і палавікоў».

— Увогуле падчас «Славянскага базару» ў «Горадзе майстроў» «жыло» больш за 300 народных умельцаў, — расказвалі ўдзельніцы конкурсаў. — Майстры з Дагестана прывезлі вырабы нацыянальнай чаканкі, а таксама з серабра. Пскавічане славяцца сваімі матрошкамі, наўгародцы — вырабамі з дрэва. Беларусы ткалі паясы, ручнікі, палавікі, абрусы. Тых, хто цікавіўся ткацтвам, было шмат. І гэта ў чарговы раз даказвае: вінтажныя рэчы — у трэндзе. Тое, што вырабляюць майстры Дома рамёстваў «Стары млын», прыцягвала ўвагу шматлікіх наведвальнікаў. Прыемна, што нашы работы высока ацаніла і журы.

Тры творчыя калектывы раённага Дома культуры: тэатры роставых лялек і «Вытворяшки», цыркавая ўзорная студыя «Каскад» — удзельнічалі ў праекце «Лялечны дворык».

— Станоўчых уражанняў безліч! — дзялілася дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк. — Нашы хадулісты выклікалі сапраўдны фурор. Тры гадзіны стаяла чарга жадаючых з імі сфатаграфавацца. За папулярызацыю аматарскіх тэатральных і гульнёвых калектываў дыпломамі ўзнагароджаны кіраўнікі тэатраў Таццяна Кухальская і Алена Слядзеўская. У гэтым заслуга і кожнага члена калектываў. Дзеці і нават дарослыя шчыра весяліліся з імі. Радасць гледачоў для нас — найвышэйшая ўзнагарода.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.