Игорь Прокопович рассказал о значимости Дня белорусской письменности для каждого белоруса и для краеведа лично

Культура

Галоўнае – што гучыць беларуская мова

У пачатку верасня адзін з гарадоў Беларусі становіцца яе літаратурнай сталіцай. Пастаўскі пісьменнік, педагог і краязнавец Ігар Пракаповіч наведаў не адну з іх: ездзіў на свята ў Заслаўе, Слонім, Ганцавічы, Бялынічы. Удзельнічаў і ў мерапрыемствах, што ладзіліся ў 2006-м у Паставах. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які 2—3 верасня збярэ ў Гарадку літаратараў з усёй краіны, пагаварылі з Ігарам Міхайлавічам пра значнасць свята для кожнага беларуса і для краязнаўца асабіста.

— Дзень беларускага пісьменства — адно з самых значных культурных падзей у жыцці краіны, — гаварыў Ігар Пракаповіч. — Мяне перапаўняў гонар за родны горад, калі тут у 2006 годзе праходзіла свята. Са сваімі вучнямі мы былі не толькі яго гледачамі, але і ўдзельнікамі: паказвалі на сцэне літаратурна-музычную кампазіцыю. Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства ў Паставах я рыхтаваў кнігу «Дзе Мядзелка песні пяе… Пастаўшчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка». У ёй сабраў звесткі пра майстроў слова, якія нарадзіліся, жылі ў нашым краі або праслаўлялі яго ў творах.

Кожны, хто возьме ў рукі гэту кнігу, упэўніцца ў тым, наколькі багатая на таленты пастаўская зямля. Уладзімір Дубоўка, Казімір Сваяк, Ніна Захарэвіч, Аркадзь Нафрановіч, Янусь Малец — толькі пачатак доўгага спіса пісьменнікаў, якія пакінулі след на літаратурнай ніве Беларусі і Пастаўшчыны.

Такой асобай з’яўляецца і Ігар Пракаповіч — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар больш чым 60 паэтычных і краязнаўчых выданняў. Мае і шэраг узнагарод, аднак самую важкую — Нацыянальную літаратурную прэмію — атрымаў у 2020 годзе на Дні беларускага пісьменства ў Бялынічах (Магілёўская вобласць). Кніга Ігара Міхайлавіча «Пастаўшчына» была прызнана пераможцай у намінацыі «Найлепшая кніга публіцыстыкі». Заслужаную ўзнагароду пастаўскаму пісьменніку ўручыў тагачасны міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі.

— Кожнае свята пісьменства, на якім я бываў, пакінула ў душы адметны след, — працягваў Ігар Пракаповіч. — Творчыя мерапрыемствы, сустрэчы з сябрамі-літаратарамі, знаёмства з кніжнымі навінкамі, атмасфера нашай самабытнай культуры, безумоўна, натхняюць. Аднак для мяне на любым Дні беларускага пісьменства галоўнае, што паўсюль гучыць родная мова — мілагучная, лірычная. Свята яе папулярызуе і напамінае кожнаму беларусу пра духоўныя традыцыі яго продкаў, прыгажосць і моц беларускага слова, пра тых, хто ў розныя гады спрыяў развіццю нацыянальнай культуры. Таму вельмі хацелася б, каб быў не толькі дзень, але і тыдзень беларускага пісьменства, і нават месяц.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.