21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Свята гэта – цудоўная нагода яшчэ раз пацешыць сваю душу і розум прыгажосцю вершаванага радка, акунуцца ў гармонію слова…Паэтычныя радкі суправаджаюць нас з самага дзяцінства, калі мы з мамамі пачынаем развучваць спачатку дзіцячыя вершыкі, а потым больш сур’ёзныя творы ў школе. Значна пазней, калі мы сустракаем сваё першае каханне, паэзія зноў вяртаецца да нас у выглядзе першых спроб вершаскладання. Асаблівая настроенасць душы, выкліканая моцнымі перажываннямі і пачуццямі, выліваецца ў мастацкую творчасць і нараджаецца паэзія.
Колькі паэтаў на Беларусі? Ёсць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя, якія могуць нам паведаміць колькасць творчых людзей, што ўваходзяць у саюз пісьменнікаў Беларусі, іншыя грамадскія аб’яднанні. Але ж паэтам можа быць чалавек, які нідзе не друкуецца, а піша “у стол”, паэтам можа быць чалавек з паэтычнай душой, які бачыць прыгажосць ва ўсім. Менавіта такія людзі адчуваюць гармонію і адзінства сусвету, ствараюць сімфонію любові.Чым больш такіх людзей у грамадстве, тым лепш.
Дзеці – гэта самая чароўная паэзія. Яны бачаць свет праз свае ўяўленні і пачуцці. Раскрыць іх творчы патэнцыял, значыць пракласці дарогу ўшчаслівую будучыню. Да гэтага імкнуцца супрацоўнікі Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі.
Бібліятэка шчыльна супрацоўнічае са школамі горада. Вучні 4 класа СШ № 2 былі запрошана ў Пастаўскую дзіцячую бібліятэку імя У. Дубоўкі, каб паўдзельнічаць у майстар-класе “Азбука вершаскладання” і адкрыць для сябе цэлую краіну пад назвай “Паэзія”. У якасці суправаджаючых выступілі дзве пастаўскія паэтэсы – гэта Марына Кавалёнак і Воля Лісіцкая.
Марына Кавалёнак растлумачыла азы складання вершаў, што такое рытм, на дошцы паказала прыклад размера верша. Разам з дзецьмі яна прастукала рытм аднаго з твораў. Безумоўна, пачытала вершы і расказала пра афармленне сваіх кніг.
Воля Лісіцкая паведаміла, што ёсць нестандартныя вершы са сваім адмысловым рытмам і размерам, паразважала з дзецьмі над тым, які бывае снег, вясёлка і іншыя рэчы. Справа ў тым, што кожны чалавек бачыць усё гэта па-свойму. У гэтым і ёсць наша багацце і разнастайнасць. Потым былі загадкі і вершы, якія паэтка напісала для сваіх унучак.
Затым школьнікам было прапанавана самім папрактыкавацца ў вершаскладанні. Напачатку толькі дадаць словы, якіх не хапае ў вершах вядомых дзіцячых паэтаў. Словы трэба было падабраць у рыфму і па сэнсу верша. Далей дзеці прачыталі свае “пробы пяра”, і колькі было радасці, калііх варыянт верша супадаў з аўтарскім.
Вядома, далёка не ўсе дзеці стануць паэтамі, але любіць паэзію і стаць таленавітым чытачом можа кожны. Калі таленавіты паэт стварае паэзію, то таленавіты чытач распаўсюджвае яе, ён дзеліцца сваімі ўражваннямі і перажываннямі ад прачытанага з іншымі. Менавіта ў гэтым накірунку быў зроблены першы крок, калі вучні пабывалі на паэтычным майстар-класе.
Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі



